Альтэрнатыўная men’s-музыка ў Берасці

Пакуль Ляпісы збіраюць беларусаў у Літве, Лявон Вольскі і Паліна Рэспубліка — у Польшчы, клуб берасцейскага электрамеханічнага заводу, які хутчэй падобны на залю якога-небудзь палацу піянераў, прымае трэці фэст беларускай альтэрнатыўнай музыкі Men’s Fest.

Акрамя ўжо традыцыйных для беларускіх рок-канцэртаў складанасцей з гукам, складанасці былі і з наведвальнасцю, асабліва на пачатку, калі гралі вядомыя ў вузкіх колах тэхна Saint Gooseberry і на другі дзень электроншчыкі SKLF

Добра запаліў публіку беларускамоўны Martin S., лідэр якога прапрацаваў у свой час у міліцыі. Пытанне, чаму гурт спявае выключна па-беларуску, фронтмэн Уладзімір Боська лічыць дурным і недарэчным:

«Усе перааценьваюць праблему беларускай мовы. Яна не памрэ ніколі, яе нельга знішчыць, яна занадта магутная».

Фэст працягвалі таямнічыя і лірычныя берасцейскія Landau, што імкнуцца хаваць сваё паходжанне, за імі даўно знаёмыя рокеры з «Объект». А вось на папулярных «салодзенькіх хлопчыкаў» з The Fraiz пачаў збірацца сапраўдны натоўп і што дзіўна большасць была мужчынскага полу. Наступным мусіў выступаць сталы гурт САДЪ, аднак з-за алкагольных праблем некаторых удзельнікаў гурту, выступ так і не адбыўся. Фіналісты EMERGENZA BELARUS 2011 менчукі J-J BINGZ адыгралі надзвычай эмацыйна і драйвова. За імі пайшоў цяжкі дэзкор ад Alt+F4 і heavy ад THE STORM. Павыступаўшы «паўсюль, дзе ёсць барабаны»  цяжкія рокеры з CLAN дабраліся да Берасця і выканалі там нават крыху народных спеваў. Завяршылі першы дзень пераможцы мінулага Men’s Fest берасцейскі гурт Terrakod з прыгожым жаночым вакалам.

Рэдкія выпадкі, калі на беларускіх канцэртах альтэрнатыўнай музыкі можна зусім не пабачыць ахоўнікаў і мінімум міліцыянтаў. У залі панавала атмасфера вялікага кватэрніку без бар’ераў паміж выканаўцамі і слухачамі: музыкі заходзілі праз агульны ўваход, а ў грымёрку мог трапіць любы жадаючы. 

Менскія пазітыўныя рокеры Amaroka, хоць і спазніліся на другі дзень, але значна павесялілі публіку азадкамі і спяваючы пра самы лепшы ў жыцці дзень. Не прамінуў фэст і перспектыўны беларускамоўны «Спрат», удзельнікі якога пачыналі яшчэ студэнтамі мясцовай ВНУ, а цяпер ужо дыпламаваныя дарожнікі ды спецыялісты па рамонту машын ездзяць у Польшчу ды Украіну на канцэрты. Адкрыццём фэсту можна назваць заходне-ўкраінскі андэграўндны гурт «Гуцул Каліпсо», які дагэтуль ніколі не быў у Беларусі, але надзвычай раскачаў і падагрэў публіку. Хлопцам з актыўнай жыццёвай пазіцыяй прыйшлося ахвяраваць выбарамі ва ўкраінскі парламент, каб прыехаць у Берасце. Гуцулы здзіўленыя нераспаўсюджаннасці беларускай мовы і падтрымліваюць намаганні па яе папулярызацыі:

«У кожнага народу мусіць быць самаіндэнтыфікацыя і ён вінны трымацца сваіх каранёў. У Беларусі болей расейскай мовы і гэта вельмі шкада. Людзі чамусьці цураюцца мовы ці што», — кажуць украінцы. 

Яшчэ адныя госці гурт Rollik*s можна назваць украінскім варыянтам беларускай «Сьцяны», яны нават запісалі разам песню пра сяброўства паміж краінамі і выканалі яе. Завершылі фэст культавыя панкі «Дай дарогу!», якім мясцовы культурны менеджар Зміцер Назараў пераклаў песню «Боли нет» на беларускую мову, але выканаць яе яны так і не наважыліся. 

дай дарогу!

Men’s Fest, які задумываўся дзеля развіцця беларускамоўнай альтэрнатыўнай музыкі сёлета адбыўся са значнай колькасцю расейскамоўных гуртоў. Але двухднеўныя нон-стопы рок-музыкі вялікая рэдкасць, а ў невялікіх гарадох і пагатоў.   

Болей здымкаў з Men's Fest глядзіце ў фотаблогу першы і другі дзень

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0787 seconds.