Берасцейскі Men’s Fest 2013 з ружовым адценнем

Аматары добрай беларускай музыкі ў суботу 12 кастрычніка з’ехаліся ў Берасце, дзе адбываўся традыцыйны фестываль Men’s Fest 2013 пад дэвізам «Культура паляпшае жыцце!» Generation.by наведаў фестываль у асобах мясцовых жыхароў: Наталлі Гарайкінай і фатографа Васіля Бруха. Чаму сёлетні Мэнс-фэст атрымаў ружовае адценне — з месца падзеяў у літарах і фота.

У гэтым годзе памяшканне для фэсту арганізатары змянілі на начны клуб «Сфера». Галоўным арганізатарам фэсту выступіў, як і раней, Зміцер Назараў.

Пакуль доўгая чарга ў гардэроб сціпла азіралася на не менш сціплых музыкантаў, што сноўдаліся туды-сюды, вядучы імпрэзы Ўладзімер Булаўскі абвясціў першую ўдзельніцу Men’s Fest 2013.

Невялікага росту, у каляровай сукенцы, блакітнавокая Рэспубліка Паліна гучала бадзёра і паўздымала добрую колькасць асцярожных сядзельцаў-слухачоў.

«Я вельмі люблю фэсты, таму што гэта не проста канцэрты, а свята. На іх прыходзіш нават не паспяваць, а патусіць, таму тут асабліва класна», — распавяла Generation.by Паліна. 

Паліна была першы раз у Берасці з канцэртам. На фэсце спявачка і ўкраінскі гурт ФІОЛЕТ зайгралі дуэтам песню «Вітер з півночі»:

«Гэта эксперымент, мы запісалі яе ў траўні ў Луцку. У песні толькі мой тэкст, мелодыя і вакал. Вельмі добра сябраваць з ФІОЛЕТам, яны класныя».

Канечне, выступаць першай заўсёды складана, але на песні шостай ці сёмай людзі асабліва актывізаваліся. «Летачка» ад Паліны многіх справакавала нават на сумесныя падскокі.

Але не ўсіх — дзяўчына Надзея, якая пачула Паліну Рэспубліку ўпершыню:

«Паліна – крутая. Але слухаць яе не буду, напэўна, таму што яна баба…прыгожая баба».

Следам за выступам Паліны берасцейцам абвясцілі пра сапраўдны «джэм-сэйшн». У сацсетках напярэдадні ладзілася галасаванне сярод таленавітых музыкаў. Але пачуць мэнскі «джэм-сэйшн» атрымалася толькі пасля выступу беластоцкіх гасцей.

Вядомы гурт «ILO&Friends» — малазнаёмыя музыкі для берасцейскай публікі, але прымалі іх на «ўра».

«Я ўлюбёная ў Змітра Назарава!»

— прыгожая з доўгімі валасамі салістка гурту Ілона некалькі разоў прызнавалася са сцэны арганізатару фэсту ў любові ў знак падзякі за добрую арганізацыю. Ілона адметна размаўляла на беларускай мове з польскім акцэнтам. У рэпертуары яе гурта аднак песні былі прысвечаныя Беларусі. Трэк «Сланечнік» асабліва ўпадабала зала.

Каля сёмай гадзіны на адной сцэне сабраліся музыкі, якія разам ніколі не гралі. У «джэм-сэйшн» увайшлі: барабаншчык Аляксей Кузняцоў (гурт «Sciana»), басіст Андрэй Пасохін (гурт «Yous») і гітарыст Вадзім Падскачук (гурт «Дай дарогу»).

«Вы гатовыя сустрэць сваіх?» – пракрычаў вядучы пасля выступу «джэма». І хтосьці з натоўпу выкрыкнуў: «Дай дарогу!». Берасцейскі гурт «PIROUETTE» праспяваў для роднага гораду дзве кампазіцыі па-беларуску.

Уладзь, саліст гурта падзяліўся ўражаннямі ад трэцяга выступу на фэсце:

«Атмасфера пазітыўная. Людзей, на жаль, троху прыйшло. Мы і гэтаму радыя, таму што людзей вельмі складана адарваць ад сваіх кампутараў. Дзіме Назараву гэта атрымалася. Наш гурт ужо выступае трэці раз тут».

Перадапошнімі выйшлі ўкраінскія хлопцы з Луцку – гурт «ФІОЛЕТ». Не першы раз хлопцы наведваюць беларускі горад. Уражанні і пачуцці саліст гурта Сяргей апісаў вельмі незвычайна:

«Мне здаецца я некалькі разоў на сцэне скончыў. Ад мяне эмоцыі – туды, ад людзей – сюды. Бачыш насупраць удзячных людзей і побач з імі не заўважаеш праблем з гукам, бачыш задаволеныя твары».

Сяргей разлічвае прыехаць вясной у Брэст з новым альбомам.

І, канечне, хэдлайнерамі Men’s Fest 2013 выступілі гурт AKUTE. На гэтым моманце клуб загрымеў і загучаў асабліва. Здавалася, што людзей стала ў два разы болей. Хлопцы адыгралі зусім новую песню «Дзе буду я», кампазіцыя да фэсту не выконвалася яшчэ ў Беларусі. А публіка разам спявала прыпеў вядомага «Адзіноцтва».

Вядучы-неспадзяванка

Паля заканчэння фэсту Ўладзімер Булаўскі з VITEBSK4ME распавёў Generation.by, як апынуўся ў ролі вядучага ў Берасці. 

«Я прыехаў у Берасце да свайго сябра Дзімы Назарава паглядзець як у вас арганізоўваюцца падзеі. Паколькі я ў Віцебску з’яўляюся арганізатарам альтэрнатыўных падзей. І адразу неспадзяванка: запланаваны вядучы Bajsan (гурт TerraKod) не змог прыехаць. І Дзіма папрасіў мяне правесці імпрэзу».

Men’s Fest – не салянка

«Я лічу, што гэта адзін з самых якасных фестываляў у Беларусі. Таму што ў Менску прынамсі падобнага фармату падзей я не назіраю. Ёсць канцэрты, канцэрты-салянкі, але каб зрабіць сапраўдную падзею – гэтага няма».

Берасцейскі вопыт

«Мне спадабалася праца каманды. Тая каманда, што ёсць у Берасці, яна вельмі на высокім узроўні. Адзначу таксама працу светлааператараў».

Што гавораць слухачы

Ігар, штогадовы наведвальнік фэсту:

«Наведваю Men’s Fest апошнія тры гады. А прыйшоў сюды не для асобнага гурта, а паслухаць добрую і якасную музыку. Звычайна я слухаю музыку пад настрой. У мяне няма любімчыкаў-музыкаў».

Мікола, вельмі хацеў паслухаць Паліну Рэспубліку:

«Я прыйшоў не з самага пачатку, а з сярэдзіны імпрэзы. Мне падабаецца, што ў Брэсце праходзіць Men’s Fest. Калі параўноўваць з леташнім, то гэты мне спадабаўся больш. Наогул трэба, каб часцей арганізоўваліся і збіралі шмат людзей на такога кшталту канцэрты».

Воля, пад «ФІОЛЕТ» з піўком:

«На самой справе, я прыйшла дзеля Паліны Рэспублікі, чамусьці натхніла яна мяне. Спазнілася на гадзіну і на выступ Паліны, а таксама на польскі гурт. Напрыклад, пад ФІОЛЕТ я люблю сядзець асабняком пад піўко (смяецца). На фэсце я ўпершыню».

Алеся, прыехала на фэст з Пінску з марай пра Паліну:

«Прыйшла на канцэрт паслухаць усіх, асабліва гурт “ФІОЛЕТ” і Паліну. Даўна была мара патрапіць на яе канцэрт. Вельмі падабаюцца яе словы ў песнях».

«Першы раз пачула гурт «Фіолет» на сумесным канцэрце з “AKUTE”. Закахалася ў іх музыку і цяпер жыць без яе не магу».

Алена прыйшла на «лайтовы» фэст:

«Я ўжо другі раз прыходжу сюды. У параўнанні з мінулым Men’s Fest мне больш падабаецца клуб, гук і святло, узровень вышэйшы. Вельмі добрая падборка гуртоў. Моладзь падцягваецца да беларускамоўных гуртоў. Лічу, што гэты фэст больш “лайтовы”. І ружовага колеру налепачкі на рукі таму пацвярджэнне.

Прыйшла, канечне, паслухаць і AKUTE, і Паліну Рэспубліку. Але мне вельмі было прыемна пачуць ФІОЛЕТ. Добры быў джэм-сэйшн, які складаўся з адных лепшых музыкаў горада Брэсту. Вельмі хацела пачуць беластоцкі гурт, але спазнілася».

Міша (удзельнік гурту ALT+F4):

«На фэсце я не першы раз. У мінулым годзе наш гурт быў удзельнікам Men’s Fest. На самой справе гэты фэст атрымаўся збольшага “лайтовым” і незвычайным. Гэта свайго роду эксперымент, паспяховы ці непаспяховы я не магу сказаць. Вельмі прыемна сёння бачыць вялікую колькасць людзей. Усе прыходзяць і знаёмяцца з нашай беларускай культурай. І я спадзяюся, што гэты фестываль будзе працягвацца, таму што годных фэстаў у нас вельмі мала».

Болей здымкаў глядзіце ў фотарэпартажы.

Аўтар фота: Васіль Брух


Наталля Гарайкіна 13:52, 14.10.2013 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0453 seconds.