Рэкордны рост коштаў на адукацыю: у некаторых ВНУ да 61%

За 5 дзён да завяршэньня ўступнай кампаніі ўнівэрсытэты нарэшце пачалі абвяшчаць новыя кошты на навучаньне. Агучаныя сумы можна назваць астранамічнымі: рост у некаторых выпадках дасягае 61%, чаго не было ў самыя жорсткія пэрыяды беларускага эканамічнага крызысу 2011 году.

Апублікаваць кошт навучаньня для платнікаў навучальныя ўстановы павінныя былі яшчэ ў чацьвер вечарам. Але гэтага не адбылося. І толькі ў суботу на сайтах некалькіх ВНУ пачалі зьяўляцца першыя абвесткі аб новых цэнах.

У выніку набор на бюджэт сёлета адбываўся ў нячутых раней умовах: кошты на навучаньне на платным былі невядомыя нікому з абітурыентаў.

Зрэшты, новыя адукацыйныя кошты ад 1 верасьня былі даўна ўзгодненыя зь Міністэрствам адукацыі. Аднак ВНУ не жадалі казаць новыя лічбы абітурыентам, каб не губляць іх:

«Гэта адпудзіць ўсіх абітурыентаў, якія падаюць дакумэнты на платнае аддзяленьне. Нам яшчэ трэба выканаць плян набору-2012», — казалі прадстаўнікі аднаго зь беларускіх ВНУ.

$1400 за адукацыю эканаміста і $1770 — для праграмістаў

У Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсытэце першакурсьнікі-платнікі за год аддадуць ад 11.4 да 11.6 млн. У чэрвені першакурсьнікі плацілі там па 7.1 мільёны, а ў лістападзе мінулага году — 6 млн. Завочнікі БДЭУ з 1 верасьня будуць плаціць 4.4 млн.

Такім чынам рост платы за адукацыю ў БДЭУ складзе рэкордныя 61%. Такіх лічбаў аднамомантавага падвышэньня коштаў беларуская сыстэма адукацыі, верагодна, яшчэ ня бачыла.

У Віцебскім дзяржаўным унівэрсытэце імя П. Машэрава расцэнкі такія: спэцыяльнасьць «правазнаўства» — 12.2 млн., астатнія спэцыяльнасьці — 10.8 млн. Яшчэ два месяцы таму ў гэтым унівэрсытэце кошты былі амаль на траціну ніжэйшыя. Будучыя правазнаўцы тады выкладалі 9.2 млн. штогод.

У Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі кошты на навучаньне вырасьлі амаль 50%. У прыватнасьці, студэнты найбольш прэстыжных факультэтаў кампутарных сыстэм і сетак, інфармацыйных тэхналёгій і кіраваньня, а таксама інжынерна-эканамічнага штогод будуць плаціць лічбу зь вялікай колькасьцю нулёў: 14 700 000 беларускіх рублёў ці 1 770 амэрыканскіх даляраў.

У  Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце рост не такі значны, але, бачна, разьлічаны зь іміджавых мэтаў. У прыватнасьці, самымі дарагімі спэцыяльнасьцямі для першакурснікаў БДУ стануць  «правазнаўства»  і  «эканамічнае права»  на юрыдычным факультэце,  «міжнароднае права» на факультэце міжнародных адносінаў. За навучаньне на іх плаціць прыйдзецца 14.95 млн. Гэтак сама троху не дацягвае да круглай лічбы 20 і адсотак, на які вырасьце плата за навучаньне па названых спэцыяльнасьцях. У чэрвені першакурсьнікі плацілі 12.468 млн.

Многія іншыя ўнівэрсытэты, у тым ліку БНТУ і Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт культуры і мастацтваў дагэтуль не абвясьцілі аб новых коштах, аднак мусяць зрабіць гэта сёньня ці заўтра.

Цяперашняе падвышэньне коштаў у беларускіх ВНУ ужо трэцяе за год. Апошняе адбылося літаральна некалькі тыдняў там. Аднак тады кошты вырасьлі на адносна нязначную суму — прыкладна на 5%. Да гэтага тарыфы вырасьлі ў лютым (на 29%), у лістападзе 2011 г. (у сярэднім на 20–25%). Да гэтага іх уздымалі ў жніўні і ўвесну мінулага году, а таксама ў студзені 2011 году.

Падвышэньне коштаў на адукацыю звыкла тлумачаць ростам заробкаў бюджэтнікаў. Тарыфную стаўку першага разраду, ад якой залежыць і заробак выкладчыкаў, у краіне ўздымуць з 1 жніўня і ў кастрычніку.

«Калі мы не падымем кошты на навучаньне зараз, то потым гэта прыйдзецца рабіць некалькі разоў. Мы ня можам працаваць сабе ў страту, зарплату выкладчыкам трэба плаціць своечасова», — кажуць у ВНУ.

Цікава, што абяцанае двухразовае падвышэньне коштаў па эканамічных і юрыдычных спэцыяльнасьцях, пра якое казаў міністар адукацыі і віцэ-прэм’ер, так і не адбылося. Плата сапраўды ўздымецца вельмі значна, аднак ня толькі па эканамічных спэцыяльнасьцях. Яно даволі моцна закране нават тыя спэцыяльнасьці, набор па якіх Мінадукацыі абяцала толькі падвышаць, а не зьмяншаць.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0628 seconds.