БДЭУ і БДУІР таксама ўзьнялі кошты з кастрычніка
Эканамічны і радыётыхнічны ўнівэрсытэт абвясьцілі аб новых памерах платы за адукацыю. Цяпер эканамісты будуць плаціць за навучаньне столькі ж, колькі і праграмісты, а праграмісты — як раней плацілі юрысты БДУ. Апошнія ж будуць выдаткоўваць на адукацыю амаль па 10 мільёнаў у год.
Паводле інфармацыі, што зьявілася на сайтах навучальных установаў, беларускія студэнты ўжо з кастрычніка ці лістапада будуць плаціць ад 16% да 25% болей за адукацыю.
На 20% вырасьце плата за навучаньне ў Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсытэце. Пры гэтым кошты ўсталёўваюцца «заднім лікам» — з 1 кастрычніка. Кошт года навучаньня на 1–3 курсах дзённага аддзяленьня па некаторых спэцыяльнасьцях падвышаная болей чым на 20% — з 5.02 да 6.04 млн. рублёў.
Значна болей за эканамічную каштуе адукацыя праграміста ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Калі першакурсьнікі найбольш прэстыжных факультэтаў гэтага ВНУ яшчэ ў верасьні плацілі прыкладна столькі, колькі цяпер будуць выдатковаўць на адукацыю эканамісты з БДЭУ, то ўжо з кастрычніка ім зробяць «пераразьлік»: рахункі за навучаньне вырастуць на 25%. Адукацыя ў БДУІР будзе каштаваць да 7.5 мільёны ў год.
Як вырасла аплата за адукацыю ў кастрычніку-лістападзе. У мільёнах рублёў
Не стаяць на месцы і рэгіянальныя ўнівэрсытэты. Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт падвысіў аплату на 16% да 5.52 млн., Берасьцейскі дзяржаўны — на 25%.
25% — гэта цэнавая столь, якую ўсталявала Мінадукацыі. Акрамя БДУІР і МДУ
Падвышэньне платы за навучаньне ў Міністэрстве адукацыі звыкла тлумачаць узрослымі выдаткамі. У апошні месяц у краіне значна былі ўзьнятыя заробкі выкладчыкаў, вырасьлі камунальныя плацяжы.
Кастрычніцкае падвышэньне адукацыйных коштаў — ужо трэцяе за апошні год. Аб папярэднім было абвешчана толькі пару месяцаў таму — у жніўні. А першае, і пакуль самае вялікае, адбылося ў разгар зімовай сэсіі 2011 году. Тады студэнты даведаліся, што за навучаньне прыйдзецца выкладаць прыкладна на чвэрць болей, чым раней. У БДУ кошты паднялі на 26%, у БДУІР — на 20%.
Агулам за апошні год адукацыя ў БДУ падаражэла на 79%.