Студэнты ў БДУіР запускаюць курсы беларускай мовы «Pro-мова»

У Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі ствараюць курсы беларускай мовы для праграмістаў і радыётэхнікаў. Ініцыятыва носіць назву «Pro-мова БДУІР».

Пра курсы, ідэя якіх належыць студэнту 3 курсу БДУІР Антону, распавядае «Радыё Свабода». У межах унівэрсытэцкага курсу сацыялёгіі хлопец правёў дасьледаваньне сярод студэнтаў унівэрсытэту наконт іх стаўленьня да беларускай мовы і жаданьня яе вывучаць. Вынікі анкетаваньня паказалі, што каля 40 працэнтаў навучэнцаў хочуць, каб беларускай мовы ва ўнівэрсытэце было болей, і маюць жаданьне вывучаць яе як фармальна, так і нефармальна.

«Мяне прыемна зьдзівілі вынікі майго дасьледаваньня, пры тым, што гэта абсалютна тэхнічная ВНУ. Таму я вырашыў, што варта ва ўнівэрсытэце ствараць беларускамоўны асяродак, каб студэнты, якія прыхільна ставяцца да беларускай мовы, не пачуваліся адасобленымі, а мелі суполку, дзе можна як вывучыць беларускую мову, так і проста паразмаўляць на ёй пра будзённае», — кажа Антон.

Курсы мяркуецца запусьціць ужо ў сярэдзіне лістапада. Адбывацца яны будуць у памяшканьні ўнівэрсытэту. Антон кажа, што праблемаў з адміністрацыяй ня будзе — там прыхільна ставяцца да студэнцкіх ініцыятываў:

«Адміністрацыя заўжды падтрымлівае добрыя ініцыятывы. Я мяркую, што праблемаў ня будзе. Людзей, зь якімі я буду ўзгадняць і пытаньне памяшканьня, і іншыя тэхнічныя рэчы, я разглядаю як сваіх хаўрусьнікаў. І я ўпэўнены, што падтрымка і разуменьне будуць».

У якасьці ўзору ініцыятар курсаў «Pro-мова БДУІР» разглядае курсы «Мова нанова». Гэта значыць, што заняткі хоць і будуць утрымліваць пэўны элемэнт акадэмічнасьці, збольшага будуць адбываецца ў фармаце свабоднай камунікацыі паміж удзельнікамі, а таксама размоваў з запрошанымі гасьцямі, напрыклад, зь беларускімі музыкамі, і за праглядам фільмаў на беларускай мове.

16:26, 28/10/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0587 seconds.