Студэнтаў кінулі на менскія дарогі

У Менску каля 300 маладых людзей са студэнцкіх атрадаў БРСМ гэтым летам будуць добраўпарадкоўваць вулічна-дарожную сетку. Аднак да «сур’ёзнай» працы іх не дапусьцяць: кіраўніцтва Менску лічыць, што дапускаць да працы без кваліфікацыі студэнтаў ня варта.

Нягледзячы на ўсе намаганьні і піяр-кампанію (выйшаў нават адмысловы ўказ прэзыдэнта, які дазволіў працаваць у атрадах 14-гадовым падлеткам), БРСМ ня здолеў значна павялічыць лік удзельнікаў сваіх працоўных атрадаў. Калі ў мінулым годзе 7.5 тысячы чалавек пагадзіліся ўладкавацца на працу на лета праз БРСМ, то ў гэтым годзе такіх у Менску пакуль знайшлося 8 тысячаў.

Гэтым навучэнцам прапануюць папрацаваць як у Беларусі, гэтак і за яе межамі. Але збольшага студэнтаў адправяць у будаўнічыя, пэдагагічныя, сэрвісныя ці экалягічныя атрады. На дзейнасьць апошніх кіраўніцтва БРСМ марыць атрымаць грант Эўразьвязу.

Тым часам працаўнікам такіх атрадаў абяцаюць ад 400 тысячаў рублёў заробку. Пры гэтым той самы ўказ прэзыдэнта патрабуе плаціць чальцам атрадаў мінімум 1 млн. у месяц. Вышэйшая ж плянка за апошнія месяцы вырасла ў тры разы: калі ўвесну кіраўніцтва БРСМ абяцала студэнтам каля 3 млн. у месяц, то нядаўна першы сакратар арганізацыі Ігар Бузоўскі сказаў, што ў студатрадзе можна зарабіць і $1000.

Праўда, да сур’ёзнай працы БРСМаўцаў дапускаць не зьбіраюцца. Прынамсі, калі ў іх няма адпаведнай кваліфікацыі. Аб гэтым нядаўна заявіў кіраўнік буйнейшай будаўнічай арганізацыі МАПІД. Максымум, на што могуць разьлічваць чальцы студатрадаў, — гэта добраўпарадкаваньне.


БРСМавец сьпіць. А грошы, хоць і не вялікія, ідуць

Прыкладна гэтым і зоймуцца 300 студэнтаў, якіх направяць на будоўлі менскіх дарог і мастоў сёлета, паведамляе БелТА. Яны далучацца да 60 чалавек, што ўжо працуюць на падобных аб’ектах па кантрактах з БРСМ.

Акрамя дарог, БРСМаўцы зоймуцца будоўляй музэю ВАВ, гатэлю «Беларусь», добраўпарадкаваньнем Каменнай Горкі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0603 seconds.