БРСМ абяцае студэнтам заробак у будаатрадах у 2 разы ніжэйшы за рынкавы

Кіраўніцтва БРСМ зазывае студэнтаў у свае будатрады і сьцьвярджае, што ў іх можна будзе зарабіць аж да 5 мільёнаў рублёў ці больш за $600. Існыя ж прапановы працы для студэнтаў даводзяць троху іншыя лічбы: за месяц працы на будоўлі навучэнцам прапануюць толькі $250.

Менавіта такія грошы абяцаюць студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі ў «штабе працоўных справаў» ВНУ. У прыватнасьці, каля 2 млн. рублёў абяцаюць за працу на чарговай будоўлі стагодзьдзя — новым музэі Вялікай айчыннай вайны. Прапануюць БРСМаўцы папрацаваць і на будоўлі кінастудыі «Беларусьфільм» за такія ж грошы альбо бясплатна на «аднаўленьнях помнікаў».

Пры гэтым у Менску лёгка знайсьці вакансіі рознарабочых ад будаўнічых арганізацый, якія за той самы месяц працы прапануюць заробак у два разы большы — ад 4 млн. рублёў.


БРСМ разьвярнуў вялікую кампанію па наборы ў будатрады

Хаця $250 — яшчэ ня самая горшая прапанова ад БРСМ. За месяц працы ў IT-атрадзе студэнтам абяцаюць ня болей за $125 (мінімальны заробак). А могуць заплаціць і ўсе $100, хаця паводле апошніх зьменаў у заканадаўстве працаўнікі студатрадаў ня могуць атрымліваць меней за мінімальны заробак. Таму цяпер БРСМ, верагодна, прыйдзецца задумацца і перагледзець некаторыя стаўкі ў адпаведнасьці з новымі ўказамі.

Між тым, надоечы кіраўнік менскага БРСМ Юры Чачукевіч казаў, што на працах БРСМ студэнты могуць зарабіць да 5 мільёнаў рублёў. Магчыма, ён меў на ўвазе нейкую іншую працу?


БРСМавец сьпіць. А грошы, хоць і не вялікія, ідуць

А ў Туапсэ адпраўляюць працаваць за $120

Некалькі тыдняў таму кіраўнік БРСМ Ігар Бузоўскі заявіў, што некаторыя расейскія кампаніі моцна зацікаўленыя ў прыцягненьні працоўнай сілы зь Беларусі. І дзяржаўны саюз моладзі гатовы ім ў гэтым дапамагчы: Бузоўскі паабяцаў «паставіць» у Расею на лета мінімум 2 тысячы беларускіх студэнтаў. Чым выкліканая такая цікаўнасьць да беларускіх навучэнцаў з боку расейскіх працадаўцаў?

Адна з самых зайздросных прапановаў ад БРСМ — праца ў дзіцячых лягерах на Чорным моры. Студэнтам абяцаюць бясплатныя праезд, пражываньне, харчаваньне. Праўда, заплацяць ім за тое ня болей за $150.

У прыватнасьці, у лягер ля расейскага гораду Туапсэ недалёка ад Сочы патрабуюцца ды-джэі, грузчыкі і 22 прыбіральшчыцы спальных карпусоў. Перавага надаецца актывістам саюза моладзі. Умова адзіная — адсутнасьць шкодных звычак. Заробак — $120. Максымальны заробак, на 30 даляраў большы, абяцаюць толькі выхавацелям.

Але за такую самую працу тыя маладыя людзі, што паспрабуюць уладкавацца без пасярэдніцтва БРСМ, могуць атрымаць заробак у два разы большы.

Да прыкладу, дзіцячы лягер «Радужны» таксама недалёка ад расейскага Туапсэ за працу ды-джэем абяцае заробак у $240. Харчаваньне і пражываньне таксама за кошт лягеру. Пакаёўцы абяцаюць заробак у $205.

Атрымліваецца, што праца беларускіх студэнтаў, на думку БРСМ, каштуе ў 2 разы менш за тую ж самую працу, выкананую іх расейскімі аднагодкамі. Але як бачна па імпэту кіраўніцтва саюза моладзі ў справе вэрбоўкі новых працаўнікоў атрадаў, БРСМ у пройгрышы не застанецца. У адрозьненьні ад беларускіх студэнтаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0725 seconds.