Як студэнтам знайсьці вакансіі на вакацыі

Студэнтка філялягічнага факультэту БДУ Дар’я Сіленкова скардзіцца, што на гэтыя вакацыі пакуль ня здолела знайсьці працу: «Студэнта ніхто ня хоча браць, а калі і пагаджаюцца, то з разьлікам, каб ён хутчэй перастаў быць студэнтам».

Вікторыя Аляхновіч, студэнтка таго ж факультэту БДУ, працуе ня толькі на вакацыях: «Не ад вялікага жаданьня працаваць, а ад недахопу грошаў. Да таго ж гэта магчымасьць атрымаць свабодны дыплём — толькі так студэнт-бюджэтнік можа „скарэктаваць“ разьмеркаваньне».

Студэнт-філёляг Валер Прычынец нядаўна ўладкаваўся адразу на дзьве працы — у рэстарацыю-клюб «Шакаляд» афіцыянтам, а таксама ў офісе ахоўнікам. Праца і першая, і другая выключна начныя.

А вось Вольга Куваева, навучэнка Акадэміі мастацтваў, згодная працаваць толькі па спэцыяльнасьці: «Для маёй прафэсіі цікавы навык працаваць у маёй сфэры, з кліентамі».

Хрысьціне Варановіч, студэнтцы Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту пашанцавала папрацаваць па спэцыяльнасьці: «Працу знайшла праз Сеціва, заробак быў мізэрны (каля 400 тысячаў, 4 разы на тыдзень па ўроку за раз), таму, уласна кажучы, і сышла».

Як уладкавацца?

Асноўныя крыніцы вакансій — Інтэрнэт альбо сябры. Аднак, да прыкладу, на партале rabota.by колькасьць пададзеных вакансіяў у разы перавышае колькасьць прапаноў для студэнтаў. Пераважна гэта прамоўтары, кур’еры і мэрчэндайзэры, афіцыянты. Хаця можна знайсьці і прапановы для мэдыкаў, юрыстаў ці журналістаў. Партал tut.by прапаноўвае колькасна больш вакансіяў, але якасна — выбар не пашыраецца.

Уладкавацца можна і «дзедаўскім» мэтадам — праз упраўленьні занятасьці. Што праўда, студэнты там не вылучаюцца ў асобную катэгорыю: «Мы ня можам падзяліць студэнтаў, навучэнцаў ПТУ, ССНУ, выпускнікоў і навучэнцаў школаў, яны ў нас ідуць адной катэгорыяй — «занятыя навучальным працэсам». Для іх арганізоўваецца занятасьць у вольны ад навучаньня час», — адзначае спэцыяліст упраўленьня занятасьці насельніцтва камітэту па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкаму Марыя Шаховіч.

Па-першае, працоўныя месцы ствараюцца з дзяржаўнага фонду спрыяньня занятасьці насельніцтва. У асноўным для школьнікаў — у навучальных установах, дамах творчасьці і нават заапарку.

Па-другое, існуе адпаведная дамоўленасьць з камунальнымі службамі. Да таго ж, да прыкладу, ва ўпраўленьні занятасьці насельніцтва камітэту па працы, занятасьці і сацыяльнай абароны Менгарвыканкаму напярэдадні летняга сэзону правялі маніторынг прадпрыемстваў, зацікаўленых прыняць да сябе студэнтаў. Тут можна разьлічваць на месца грузчыка, дарожнага працоўнага, мойшчыка посуду, прыбіральшчыка з заробкам ад 1 да 3 мільёнаў рублёў. Такіх прадпрыемстваў апынулася каля 200 — аднак гэта ня значыць, што ўсе яны ў выніку змогуць прапанаваць вакансіі. Ды й база гэтая не адкрытая. Але перадаецца ў БРСМ, які фармуе летнія студэнцкія атрады.

Што да магчымасьцяў у недзяржаўнай сфэры, то тут застаецца хіба што McDonald’s. У Бізнэс-саюзе прадпрымальнікаў і працадаўцаў ім. праф. Куняўскага пытаньнем працаўладкаваньня студэнтаў, іх часовай занятасьцю і магчымасьцю стажыраваньня не цікавяцца ды і ўвогуле не разглядаюць навучэнцаў як пэрспэктыўную працоўную сілу.

«Я ня ведаю ў нашым Саюзе прадпрымальнікаў, якія б мелі патрэбу ў студэнтах. У нас у асноўным стабільная вытворчасьць і патрэбныя прафэсіяналы, а не часовыя творчыя калектывы», — кажа старшыня саюзу Георгі Бадзей.

Адкуль зьяўляюцца гэтыя прафэсіяналы сваёй справы, так і застаецца нявысьветленым.

А як вы знайшлі студэнцкую працу сваёй мары?

Паводле Заўтра тваёй краіны

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1422 seconds.