БРСМ зьбіраецца вэрбаваць у будатрады нават 14-гадовых

Ужо з 14 гадоў беларускія школьнікі атрымаюць магчымасьць адчуць увесь смак працы ў атрадах БРСМ. Каб упершыню прыняць у атрады сямікласьнікаў, афіцыйны саюз моладзі пралябіраваў зьмены ў заканадаўстве.


«Роспуск 26 ліпеня 1966 навучэнцаў усіх школ на шасьцімесячныя вакацыі спрыяў разгулу моладзі і папаўненьню шэрагаў хунвэйбінаў дадатковымі 50 мільёнамі непаўнагадовых навучэнцаў». Фота TUT.BY

Сёлета БРСМ будзе імкнуцца завэрбаваць агулам болей за 20 тысячаў маладых людзей у свае атрады на розныя пасады. Болей за ўсё месцаў — у будатрадах, але акрамя іх будуць стварацца пэдагагічныя, сэрвісныя і экалягічныя атрады. Апошнія БРСМ спадзяецца выкарыстаць для атрыманьня заходніх грантаў на падтрымку экалягічных праектаў.

Але галоўнай фішкай атрадаў 2012 году мусіць стаць прыём у іх лік 14 гадовых сямі- і васьміклясьнікаў.

«Мэта новаўвядзеньняў — даць школьнай моладзі магчымасьць зрабіць першы крок у студэнцкае жыцьцё і адначасова цалкам прыстойна зарабіць», — кажа першы сакратар БРСМ Ігар Бузоўскі, перадае БелТА.

Каб браць у працоўныя атрады БРСМ 14-гадовых дзяцей, спатрэбіцца нават зьмяняць законы. Пакуль Працоўны кодэкс дазваляе дзецям выконваць лёгкую працу толькі з дазволу бацькоў і толькі так, каб праца не перашкаджала навучаньню.

Акрамя гэтага, БРСМ шукае працаўнікоў для расейскіх будоўляў і чыгункі. Папрацаваць прыйдзецца ў Сочы, Падмаскоўі і нават Сыбіры. Патрэбныя мінімум 2 тысячы працаўнікоў.

У мінулым годзе тым, хто працаваў праваднікамі на расейскай чыгунцы, афіцыйны саюз моладзі абяцаў заробак у $600. А тым, каго адпраўлялі рыхтаваць чарговы райцэнтар да Дажынак, давалі па 1.5 мільёны.

Сёлета Бузоўскі абяцае моладзі заробак у 3 мільёны, але не тлумачыць, за які пэрыяд будуць выплачаныя грошы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0636 seconds.