Менскі «Гарызонт» акупуе сучаснае мастацтва

Напаўкінутыя былым гігантам электроннай індустрыі завадзкія памяшканьні «Гарызонту» ў цэнтры Менску нечакана ператвараюцца ў цэнтар мастацкага жыцьця. Перараджэньне пачалося некалькі месяцаў таму з паўстаньня на тэрыторыі заводу ня бачанай раней у горадзе «Пляцоўкі для творчай самарэалізацыі» па-беларуску «Арт-сядзіба». Цяпер да сядзібы дадаўся цэлы цэх, забіты творамі сучаснага беларускага мастацтва.

Мастацтва пашырае сваю прысутнасьць на заводзе празь вялікую выставу-фэст «Радыюс нуля», прысьвечаную гарадзкой культуры і цяперашняму стану сучаснага мастацтва ў Менску. Тэма экспазыцыі — Менск як мастацкая, сацыяльная, публічная і асабістая прастора. Яна зойме цэлы цэх «Гарызонту».

Што да стану мастацтва, то арганізатары падзеі — філосаф Вольга Шпарага і мастацтвазнаўца Аксана Жгіроўская — поўныя аптымізму. Паводле іх словаў, у час падрыхтоўкі экспазыцыі, у якую паспрабавалі ўлучыць мастакоў, «найбольш значных» для Менску, аказалася, што беларускае сучаснае мастацтва поўнае падзей і фігураў.

«Можа быць ня так, як заходнеэўрапейскае, і але ўсё ж», — кажа адна з куратарак «Радыюс нуля» Вольга Шпарага. — За апошняе дзесяцігодзьдзе ў беларускім мастацтве адбылося столькі, што калі б мы дакумэнтавалі гэты вялізны масіў, то не было б пытаньняў, хто такія беларусы і беларуская нацыя».

Соха па-менску

Каб вызначыць тых, хто сваімі творамі здолеў б найлепш рэпрэзэнтаваць «арт-асяродзьдзе першых дзесяці гадоў XXI стагодзьдзя на прыкладзе Менска», 13 крытыкаў «чыста матэматычна» папрасілі выбраць 15 лепшых мастакоў. Атрымалася даволі разнамасная кампанія: ад Андрэя Лянкевіча да Артура Клінава з дадаткам у выглядзе Ўладзіміра Цэсьлера і Руслана Вашкевіча.

Усе іх творы ўжо з 29 лютага будуць даступныя ў былым цэху заводу «Гарызонт».

«Для выставы мы шукалі памяшканьне, якое не было б папулярным месцам. Хацелася зрабіць яе часткаю гораду, хацелася акупаваць яго частку», — кажа Аксана Жгіроўская.

Ідэя «акупацыі» мастакамі часткі гарадзкой прасторы, звычайна ня вельмі прывабнай, ня новая для Эўропы і ЗША. Тое ж Соха калісьці грала такую ж ролю. А пасьля раён стаў адным з самых дарагіх у Лёндане, ператварыўшыся ў буйны гандлёва-забаўляльны квартал.

«Мы марым аб тым, каб менскім мастакам калісьці б аддалі такую ж незапатрабаваную прастору», — кажуць куратары.

Але і цяпер мастакі рады магчымасьці выставіцца ў непатрэбных памяшканьнях:

«Гэты завод літаральна сустрэў нас, — кажа Вольга Шпарага. Многія мастакі стваралі працы для выставы адмыслова з нуля. — Калі яны пабачылі прастору заводу, у іх пачаўся натхнёны ажыятаж».


Фота artaktivist.org

Па словах мастацтвазнаўцаў, цяпер Менск «застаецца знакам X» — невядомым і нявывучаным горадам. Таму гэта выстава — яшчэ адзін крок да вывучэньня неспазнанай прасторы гораду. «Зрэшты, мастак — гэта той, хто рэфлексуе», — дадае Вольга Шпарага.

Што яшчэ адбудзецца ў межах выставы «Радыюс нуля»

2012/02/29/ серада
17:00 — 19:00 / адкрыцьцё выставы / гукавое суправаджэньне Nick Kazantsev, Yukhnevich, Сяргей Пукст

2012/03/02 / Пятніца
17:30 / «Форум Znyata: беларуская фатаграфія ў пачатку 21-га стагодзьдзя» (прэзэнтацыя + дыскусія) / Сьвятлана Паляшчук (выкладчык дэпартамэнта мэдыя ЭГУ)

2012/03/04 / Нядзеля
13:00 / «У пошуках страчанага часу» (прэзэнтацыя + дыскусія) / Юры Іваноў (арт-крытык, аўтар і вядучы радыё праграмы «Двое ў горадзе», канал Культура)
15:00 / «Музэй» — паміж мінулым і сучасным: арт-стратэгіі пераадоленьня культурнага правінцыялізму (пастскрыптум да выставы Руслана Вашкевіча) (прэзэнтацыя + дыскусія) / Альміра Ўсманава (філёзаф і культуроляг, прафэсар дэпартамэнту мэдыя ЭГУ)

2012/03/05 / панядзелак
17:30 / «Ад ізаляцыі да публічнасьці: Nova Schtuka Bialoruska і Open The Doors? Belarusian Art Today» (прэзэнтацыя + дыскусія) / Тацьцяна Арцімовіч (тэатральны рэжысёр, арт-крытык)

2012/03/06 / аўторак
15:00 / «Арт Нуль: маё жыцьцё без беларускага мастацтва» (дыскусія) / Максім Жбанкоў (культуроляг, кінааналітык, журналіст)

2012/03/07 / серада
17:30 / «Дыскурс сучаснага мастацтва ў дзяржаўных арт-установах» (дыскусія) / Вольга Шпарага (філёзаф, рэдактар інтэрнэт-часопісу «Новая Эўропа», дацэнт ЭГУ)

2012/03/08 / чацьвер
14:00 / «Майстэрня жаночай творчасьці. Храналёгія „жаночага“ мастацтва: 2000-я» / Ірына Саламаціна (практычны гуманітарый, фэміністка, ініцыятар праекту «Гендэрны маршрут: фэстываль ідэяў пра поле»)
«Чаму на гэтай выставе няма жанчын-мастачак?» (Прэзэнтацыя + дыскусія) / даклад Вольга Шпарага (філёзаф, рэдактар інтэрнэт-часопісу «Новая Эўропа», дацэнт ЭГУ)

2012/03/09 / Пятніца
15:00 / «Анталёгія арт-нулявых. Працягу варта?» (Дыскусія) / Вольга Шпарага (філёзаф, рэдактар інтэрнэт-часопісу «Новая Эўропа», дацэнт ЭГУ)

2012/03/10 / субота
17:00 / закрыцьцё выставы / пэрформанс ад тэатру «D.O.Z.S.K.I.»

Выстава на «Гарызонце» — толькі адзін з вынікаў аналітычнага праекту «Радыюс нуля. Анталёгія арт-нулявых». Акрамя гэтага крытыкі цяпер рыхтуюць вялікі каталёг, прысьвечаны ўсё той жа гарадзкой прасторы Менску, які выйдзе ў пачатку лета.

Шкада, «Гарызонту» засталося жыць няшмат — праз пару гадоў прывабнае месца ў цэнтры гораду верагодна паглыне чарговы шопінг-мол. І аб беларускім Соха застанецца толькі працягваць марыць.

  • Адкрыцьцё выставы 29.02.2012 а 17.00–19.00;
  • працоўныя дні 11:00—19:00; выходныя дні 11:00—18:00;
  • адрас: Менск, вул. Куйбышава, 22 (будынак заводу «Гарызонт»).

Фотарэпартаж з адкрыцьця выставы

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0616 seconds.