Балоньская працоўная група: Беларусь ня варта браць у Балоньскі працэс

Беларусь яшчэ не гатовая далучыцца да Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, — такі вэрдыкт вынесла працоўная група Балоньскага працэсу. Паседжаньне групы, якая прадстаўляе ўсе 47 краін-удзельніц Балоньскага пагадненьня, прайшло 18–19 студзеня ў Капэнгагене.

Працоўная група Балоньскага працэсу (Bologna Follow-Up Group) займаецца бягучымі пытаньнямі Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Менавіта яна вывучала беларускую заяўку на далучэньне да Балоньскага працэсу.

Паводле ацэнкі Працоўнай групы, якую цяпер узначальваюць Данія і Азэрбайджан, Беларусь не выконвае прынцыпы і каштоўнасьці Балоньскага працэсу, такія як акадэмічная свабода, інстытуцыйная аўтаномія і студэнцкі ўдзел у кіраваньні вышэйшай адукацыяй.

Міністар адукацыі Даніі Морнэт Остэрграад, што цяпер узначальвае Працоўную групу, адзначае, што для далучэньня да Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі Беларусь мусіць правесьці «неабходныя рэформы».

Акрамя іншага, беларускія ўлады мусяць «забясьпечыць абарону правоў студэнтаў». А пакуль гэтага не адбудзецца, Эўропа будзе ўзаемадзейнічаць зь Беларусьсю празь іншыя шляхі:

«Ёсьць іншыя шляхі дапамагчы беларускай грамадзянскай супольнасьці, у прыватнасьці студэнтам і акадэмічнай супольнасьці» , — гаворыцца ў афіцыйнай заяве міністра навукі, інавацый і вышэйшай адукацыі Даніі Морнэт Остэрграад. — Данія падтрымлівае і працягне падтрымліваць the Open Europe Scholarship Scheme [стыпэндыі праграмы «Адкрытая Эўропа» — Generation.bY], якая дазваляе маладым беларусам атрымаць доступ да вышэйшай адукацыі ў эўрапейскіх унівэрсытэтах».

Правал намаганьняў Мінадукацыі?

Даклад Працоўнай групы будзе прадстаўлены 47 міністрам вышэйшай адукацыі краін Балоньскага працэсу ў красавіку на саміце ў Бухарэсьце. Меркаваньне групы значыць вельмі шмат, і, верагодна, стане вырашальным пры абмеркаваньні беларускай заяўкі на далучэньне да працэсу.

Далучыцца да Балоньскай дэклярацыі беларускія ўлады вырашылі ўлетку 2010 году. У лістападзе 2011 заяўка на ўступленьне ў Эўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі была пададзеная Міністэрствам адукацыі Беларусі. Канчатковае рашэньне па Беларусі мае быць прынятае 26–27 красавіка 2012 года ў Бухарэсьце.

Дагэтуль не было выпадкаў, калі заяўку краіны, што жадала ўвайсьці ў Балоньскі працэс, адхілялі з-за яе неадпаведнасьці крытэрам Адзінай прасторы вышэйшай адукацыі. У Балоньскі працэс прынялі нават такія далёкія ад дэмакратыі краіны, як Казахстан і Азэрбайджан. Выпадак Беларусі можа стаць беспрэцэдэнтным.

Апошняя ў Эўропе

Беларусь застаецца адзінай і апошняй буйной краінай Эўропы, якая не зьяўляецца часткаю Балоньскага працэсу. Калі беларускую заяўку ўсё ж адхіляць, наша краіна атрымае шанец далучыцца да Балоньскай сыстэмы толькі ў 2014 годзе.

Акрамя афіцыйнага дакладу Мінадукацыі, Працоўная Балоньская група разглядала і альтэрнатыўны даклад грамадзкага Балоньскага камітэту, створаны прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці Беларусі. У ім гаварылася аб шматлікіх парушэньнях акадэмічных свабодаў, адлічэньнях студэнтаў і звальненьнях выкладчыкаў з-за іх палітычнай пазыцыі.

Таксама альтэрнатыўны даклад прапанаваў запатрабаваць ад Беларусі правесьці адукацыйныя рэформы перад далучэньнем да Балоньскага працэсу. Менавіта гэты шлях і выбралі адукацыйныя чыноўнікі Эўропы.

Таксама супраць далучэньня Беларусі да Балоньскага працэсу выступіў Эўрапейскі студэнцкі зьвяз, польскія і літоўскія аб’яднаньні студэнтаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0688 seconds.