Польскія і літоўскія студэнты не жадаюць бачыць Беларусь у Балоньскім працэсе

Нацыянальныя студэнцкія аб’яднаньні Польшчы і Літвы выступілі з заявамі, заклікаючымі эўрапейскія інстытуцыі адрынуць беларускую заяўку на далучэньне да Балоньскага працэсу. Паводле іх меркаваньня, беларуская вышэйшая адукацыя поўная рэпрэсій супраць студэнтаў і не адпавядае эўрапейскім поглядам на акадэмічныя свабоды.


Здымак з акцыі аўстрыйскіх студэнтаў у 2008-м годзе з нагоды прыезду ў Вену
рэктара БДЭУ Шымава, вядомага грубымі парушэньнямі студэнцкіх правоў

Студэнцкі парлямэнт Польшчы і Саюз студэнтаў Літвы адначасова выступілі з заявамі, якія заклікаюць міністраў адукацыі Эўразьвязу адхіліць беларускую заяўку на далучэньне да Балоньскай сыстэмы. Заяўка была адасланая беларускім бокам ў Балоньскі сакратарыят ў лістападзе.

У прыватнасьці, польскіх студэнтаў непакояць «абуральныя паводзіны беларускіх уладаў у дачыненьні да студэнтаў»:

«Студэнцкі парлямэнт Польшчы разумее, што далучэньне Беларусі да Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі можа стварыць яшчэ адзін канал, які ў будучыні паспрыяе разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці і падвысіць шанцы на разьвіцьцё вышэйшай адукацыі ў гэтай краіне, — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні арганізацыі. — Аднак неаднаразовыя абуральныя паводзіны беларускіх уладаў у дачыненьні да студэнтаў ня могуць заставацца без адказу».

Прыкладна ў гэткім самым ключы вытрыманая і заява Саюзу студэнтаў Літвы (ЛСС). На думку буйнейшага нацыянальнага зьвязу літоўскі студэнтаў, цяпер ні адна з фундаментальных каштоўнасцяў Балоньскай прасторы: акадэмічная свабода, аўтаномія інстытуцыі і студэнцкі ўдзел — не прадстаўленая ў сыстэме вышэйшай адукацыі Беларусі.

У сьнежні 2011 супраць далучэньня Беларусі да адзінай адукацыйнай прасторы Эўропы выступіла буйнейшая студэнцкая арганізацыя кантынэнту — Эўрапейскі студэнцкі зьвяз. Тады эўрапейскія студэнты паспрабавалі выкрыць «факты пастаяннага парушэньня акадэмічнай свабоды ў краіне».

Літва і Польшча займаюць першыя месцы сярод краін Эўразьвязу па колькасьці беларускіх студэнтаў, якія навучаюцца ў іх ВНУ. Акрамя гэтага, у Польшчы функцыянуе праграма імя Кастуся Каліноўскага, якая дазваляе сотням маладых беларусаў атрымліваць вышэйшую адукацыю ў польскіх унівэрсытэтах. У Літве месьціцца Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, дзе таксама нямала беларусаў.

Акрамя гэтага, Саюз студэнтаў Літвы зьяўляецца каардынатарам працоўнай групы па Беларусі Эўрапейскага саюзу студэнтаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0576 seconds.