Шанцы ўступіць гэтым разам у Балонскі працэс у Беларусі вельмі высокія
«Наколькі мы ведаем, рашэнне Балонскай рабочай групы станоўчае. Хутчэй за ўсё, Беларусь будзе рэкамендаваная да прыняцця ў еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі», — паведаміў сябра Грамадскага Балонскага камітэта Уладзімір Дунаеў.
Як піша Tut.by са словаў Дунаева, шанцы ўступіць у Балонскі працэс у Беларусі вельмі высокія. І хоць «гэта рашэнне практычна канчатковае», апошняе слова будзе сказана на саміце міністраў адукацыі 14-15 мая ў Ерэване.
23-24 сакавіка ў Рызе праходзіць пасяджэнне Грамадскага Балонскага камітэта, які падрыхтаваў да сустрэчы еўрапейскіх міністраў альтэрнатыўны даклад. У ім пазначана, што, нягледзячы на бачны прагрэс, па асноўных каштоўнасцях Балонскай сістэмы істотных зрухаў у Беларусі не назіраецца, распавёў Уладзімір Дунаеў. Пытанні застаюцца да інстытуцыйнай аўтаноміі, акадэмічных свабод і студэнцкага ўдзелу ў кіраванні ВНУ, паведамляе эксперт. Дарэчы, па гэтых жа пунктах у Балонскі працэс Беларусь не прынялі ў мінулы раз — тры гады таму.
Становішча з аўтаноміяй ВНУ, свабодамі і ўдзелам студэнтаў засталося без бачных зрухаў, і да гэтага часу гэтыя каштоўнасці адзінай еўрапейскай прасторы не былі ажыццёўленыя ў беларускім заканадаўстве. «Больш за тое, мы адзначаем узмацненне акадэмічных рэпрэсій», — кажа Дунаеў.
«Пропуск у Балонскі працэс разглядаецца сёння як разменная манета, — кажа Уладзімір Дунаеў. — Ідзе гандаль паміж Беларуссю і Еўропай. Еўропа гатовая зрабіць такі жэст. Маўляў, нават, нягледзячы на тое, што вы не адпавядаеце патрабаванням, мы вас прымаем у Балонскі працэс, каб засведчыць сваю зацікаўленасць у еўрапейскім вектары развіцця Беларусі. Гэта вельмі дрэнна, таму што гэта палітызацыя рашэння. З іншага боку, гэта апраўдана для геапалітычных мэтаў».
Плануецца, што ў якасці дапаўненні разам з рашэннем аб прыняцці Беларусі ў Балонскі працэс будзе зацверджана дарожная карта прынцыпаў, мэтаў, каштоўнасцяў і асноўных накірункаў адукацыйнай палітыкі. «Працэс уступлення павінен суправаджацца выкананнем пэўных умоў ад Беларусі і Міністэрства адукацыі, і патрабаванні павінны быць увасобленыя ў чымсьці накшталт дарожнай карты, распрацаванай сумесна беларускімі і еўрапейскімі экспертамі», — кажа Дунаеў.
Як адзін з пунктаў дарожнай карты Грамадскі балонскі камітэт прапанаваў унесці змены ў Кодэкс аб адукацыі. «У кодэксе як мінімум абавязаныя быць такія словы, як студэнцкае самакіраванне, акадэмічная свабода, універсітэцкая аўтаномія. Павінны з'явіцца і артыкулы, якія рэальна гарантавалі б усё гэта».
Папярэдняя заяўка Беларусі разглядалася ў 2012 годзе і была адхіленая. Адмова Беларусі стала беспрэцэдэнтным крокам для Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Дагэтуль не было выпадкаў, каб заяўку краіны, што жадала ўвайсці ў Балонскі працэс, адхілялі з-за яе неадпаведнасці крытэрам прасторы. У Балонскі працэс прынялі нават такія далёкія ад дэмакратыі краіны, як Казахстан і Азэрбайджан.