Беларусь застаецца без Балоньскага працэсу мінімум на 3 гады

Беларусі канчаткова адмоўлена ў яе жаданьні далучыцца да Балоньскага працэсу. Беларускае пытаньне цалкам зьнятае з павесткі дня бліжэйшага саміту міністраў адукацыі Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, які пройдзе на наступным тыдні ў Бухарэсьце. Наступны шанец далучыцца да працэсу наша краіна атрымае толькі ў 2015 годзе.

Беларусі, якая ў сьнежні 2011 году падала заяўку на далучэньне да Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, што яднае ўсе краіны Эўропы, акрамя нашай, адмоўлена ў сяброўстве ў гэтай арганізацыі. Прычына ў тым, што Беларусь не выконвае прынцыпы і каштоўнасьці Балоньскага працэсу, такія як акадэмічная свабода, інстытуцыйная аўтаномія і студэнцкі ўдзел у кіраваньні вышэйшай адукацыяй.

Як раней паведамляў Generation.bY, у студзені 2012 году працоўная група Балоньскага працэсу (Bologna Follow-Up Group), якая займаецца бягучымі пытаньнямі Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, рэкамэндавала адмовіць Беларусі ў яе далучэньні да Балоньскага працэсу. Аднак канчатковае рашэньне мусілі прыняць 47 міністраў адукацыі на саміце ў Бухарэсьце 26–27 красавіка.

Цяпер стала вядома, што на новым паседжаньні працоўнай групы беларускую заяўку на далучэньне вырашана было цалкам зьняць з павесткі дня саміту. Аб гэтым піша European Voice. Наступная сустрэча міністраў пройдзе ў 2015 годзе ў Ерэване. Там беларуская заяўка можа быць разгледжаная наноў.

Беспрэцэдэнтны выпадак

Адмова Беларусі стала беспрэцэдэнтным крокам для Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Дагэтуль не было выпадкаў, каб заяўку краіны, што жадала ўвайсьці ў Балоньскі працэс, адхілялі з-за яе неадпаведнасьці крытэрам прасторы. У Балоньскі працэс прынялі нават такія далёкія ад дэмакратыі краіны, як Казахстан і Азэрбайджан.

«Мы лічым, што дазвол Беларусі далучыцца да Балоньскага працэсу быў бы выкарыстаны дзяржаўнай прапагандай, аднак зрабіў бы мала карыснага для студэнтаў і выкладчыкаў у такіх накірунках, як іх права на атрыманьне адукацыі і правядзеньне дасьледаваньняў», — кажа старшыня Эўрапейскага студэнцкага зьвязу Алан Пол.

Генэральны сакратар Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі Лэсьлi Ўілсан кажа, што няясна, ці змаглі б беларускія ВНУ і іх студэнты шмат займець ад далучэньня да Балоньскага працэсу.

«Аднак беларускія ўлады могуць выкарыстаць сяброўства ў адзінай эўрапейскай прасторы як прызнаньне іх палітыкі ў сфэры вышэйшай адукацыі», — кажа генэральны сакратар.

А пакуль Эўропа будзе падтрымліваць беларускіх студэнтаў і выкладчыкаў праз фінансаваньне адмысловых адукацыйных праграм, Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні і такія праграмы абмену, як Tempus і Erasmus Mundus.

«Камісія перакананая, што гэтыя праграмы заахвоцяць Беларусь да мадэрнізацыі і раскрыцьця яе сыстэмы вышэйшай адукацыі, каб аднойчы гэта краіна здолела далучыцца да Эўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі», — заявіў прадстаўнік Эўракамісіі выданьню European Voice.

Цяпер у праграмах ЭЗ у сфэры вышэйшай адукацыі ўдзельнічаюць толькі 5 беларускіх ВНУ. За два гады 230 беларускіх студэнтаў змогуць павучыцца ў Эўропе па праграме Erasmus Mundus.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0608 seconds.