Міністр адукацыі верыць у аўтаномію

Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч настойвае: беларускія ўніверсітэты самастойныя. А калі дзесьці і не вельмі, то выключна па сваім уласным жаданні. І агулам, беларуская вышэйшая адукацыя «бярэ найлепшае з балонскага вопыту», хоць у балонскі працэс нас дагэтуль не пускаюць.

«Беларускія ВНУ маюць высокую ступень аўтаноміі. Яны большую не просяць», — заявіў Сяргей Маскевіч пасля сустрэчы з прызёрамі міжнародных алімпіяд і канферэнцый 3 мая ў Мінску.

Зрэшты, як кажа Маскевіч, улады былі б не супраць, калі ВНУ захацелі ўзяць на сябе адказнасць за навучальнае планаванне і якасць адукацыі. Але ж не бяруць!

«ВНУ лепш, каб гэтую працу выконвалі службы пры Міністэрстве адукацыі — тады яны маюць гарантыю, што праца выкананая на высокім узроўні. Інакш кожная ВНУ будзе рабіць так, як ёй выгодна», — зазначыў міністр.

«Трыццаць працэнтаў праграмы кожная ВНУ можа фарміраваць сама, зыходзячы са сваіх традыцый, задач і інтарэсаў студэнтаў», — сказаў Маскевіч.

Як паведамляе БелаПАН, Маскевіч зазначыў, што беларускія ВНУ перадаюць свае прапановы Міністэрству адукацыі, якое, у сваю чаргу, суадносіць іх з адукацыйным стандартам.

«Гэтым можа займацца і не міністэрства, а недзяржаўная структура, але гэтую функцыю павінен нехта выконваць, інакш не будзе агульнай базы. Калі студэнт вучыўся ў адной ВНУ, а потым захацеў перайсці ў іншую, як гэта зрабіць? Калі на адной і той жа спецыяльнасці дзейнічаюць розныя планы, і яны не стыкуюцца», — дадаў міністр.

Сваё разуменне аўтаноміі Маскевіч тлумачыў таксама ў лютым. Тады міністр адукацыі заявіў, што «Калі студэнты захочуць, за дзень здымуць рэктара».

«Мы бярэм найлепшае з балонскага вопыту — крэдытна-модульную сістэму, прадметы па выбары студэнтаў», — кажа цяпер Маскевіч.

Між тым, у Балонскі працэс Беларусь беспрэцэндэнтым рашэннем 47 краін Балонскага пагаднення адмовіліся ўзяць яшчэ ў траўні 2012 году. Прычына — адсутнасць у нашай краіне акадэмічнай свабоды, інстытуцыйнай аўтаноміі, студэнцкага ўдзелу ў кіраванні вышэйшай адукацыяй і парушэнні правоў студэнтаў. Аднак міністр адукацыі, як бачна, працягвае лічыць, што ў Беларусі з універсітэцкімі свабодамі праблемаў няма.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0611 seconds.