Выйшаў беларуска-нямецкі слоўнік

Першы беларуска-нямецкі слоўнік на 70 тысячаў словаў быў прэзэнтаваны на Менскім форуме. Гісторыя стварэньня слоўніка доўгая і поўная расчараваньняў і валянтэрства, цягнулася 20 гадоў.

Беларуска-нямецкі слоўнік Мікалая Кур’янкі і Лявона Баршчэўскага стаў першым і пакуль адзіным выданьнем такога аб’ёму.


Укладальнік слоўніку Мікалай Кур'янка і аўтарка падручніка па беларускай для замежнікаў Тацяна Рамза

«Гэта эталённы прыклад беларуска-нямецкіх адносінаў», — заявіў сустаршыня Нямецка-беларускага таварыства Інга Пец, прэзэнтуючы слоўнік. Таварыства стала адной з тых арганізацый, што падхапілі ўжо амаль гатовы матэрыял кнігі і дапамаглі яе выдаць.

«Мы вельмі доўга шукалі выдаўца, і ў выніку знайшлі яго ў асобе Зьміцера Коласа, а пры яго дапамозе зьявіліся спонсары», — кажа адзін з укладальнікаў слоўніка Мікалай Кур’янка.

Па яго словах, слоўнік рыхтаваўся яшчэ ад часоў незалежнасьці. Тады ў Беларусі ўзьнікла патрэба ў дапаможніках, якія б спрыялі падтрыманьню кантактаў паміж Беларусьсю і Нямеччынай. Але першая група лінгвістаў, што займалася падрыхтоўкай кнігі, распалася пасьля рэфэрэндуму аб дзьвюхмоўі. А калі зьявілася пачатковая вэрсія слоўніка, ніводнае беларуская выдавецтва не згадзілася яе надрукаваць.

«Нам прыйшлося перажыць дзьве рэформы правапісу. Спачатку нямецкага, а пасьля беларускага. Дзякуй Богу, і з гэтым мы справіліся», — кажа Мікалай Кур’янка.


Мікалай Кур'янка больш чым дзесяцігодзьдзе спрабаваў выдаць беларуска-нямецкі слоўнік

«Думаю варта ўзяць у рукі гэту кнігу, каб адчуць, колькі яна важыць і наколькі гэта істотны твор, — кажа прафэсар Райнэр Лінднэр, старшыня Нямецка-Беларускага Таварыства. — Гэта падтрымка мовы, якая не заўжды мела падтрымку дзяржавы».

Прафэсар Лінднэр зьвяртае ўвагу на тое, што ў кнізе маюцца словы, якія зусім нядаўна ўвайшлі ў мову, у тым ліку «зялёная тэрміналёгія». Эканамічнай часткай слоўніка займалася Міністэрства эканомікі і тэхналёгій Нямеччыны.

«Цяпер для нас вельмі істотна, каб кніга атрымала сэртыфікацаю Міністэрства адукацыі Беларусі, каб яна трапіла ў бібліятэкі і ўнівэрсытэты. Спадзяюся, мы здолеем патлумачыць беларускаму ўраду, што гэта кніга натуральная, узбагачае мову і нясе новыя ідэі», — кажа прафэсар Лінднэр.

Кошт беларуска-нямецкага слоўніка — 40 тысячаў рублёў. Як лічыць выдавец кнігі, у крамах кошт можа дасягнуць 60 тысячаў


Слоўнік налічвае звыш чым 70 000 словаў


Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0836 seconds.