Пасьля гадавых вакацыяў «Джамбібум» вяртаецца, каб «ламаць стэрэатыпы»

Год таму ў такую ж залатую восень гурт «Джамбібум» даў разьвітальны канцэрт на оўпэн-эйры ў Строчыцах і пайшоў на вакацыі — на цэлы год. Дзе былі музыкі, якія называюць сябе «сяброўскаю тусоўкаю», што бачылі, дзе вандравалі, зь якімі ідэямі і ў якія ўмовы вяртаюцца на сцэну — generation.by распавядае лідэрка каманды Наста Хмель.


Наста Хмель з «Джамбібум» на фэсьце Камяніца-2009

«Настрой у нас баявы!» — з ходу кажа Наста. Музыкі павярталіся з доўгіх насычаных вакацыяў, а мы засьпелі «джамбібумаў» акурат перад рэпэтыцыяй.

Год таму гурт сабраў сяброўскія каманды і прыхільнікаў на экалягічны оўпэн-эйр «Музычны кастрычнік» у музэі пад адкрытым небам, на якім і абвясьціў пра сыход на гадавыя вакацыі. Сярод прычынаў тады фігураваў ад’езд на навучаньне за мяжу некалькіх удзельнікаў «Джамбібума».

«Амаль цэлы год пра нас нічога не было чуваць — мы зрабілі сабе вялікія творчыя вакацыі. Я і Арцём жылі і вучыліся ў Кракаве, рэшта займалася сваімі справамі. Летам адзначылі сустрэчу ў Кіеве на фэстывалі „Краіна Мрій“. Зайгралі яшчэ некалькі канцэртаў у Беларусі і зноўку разьехаліся на пару месяцаў — у падарожжа па Міжземнаморскім узьбярэжжы ў Францыю і Гішпанію».

Цяпер «Джамбібум» з новымі сіламі распачынае новы сэзон: «У складзе гурта чакаецца абнаўленьне — мы разьвіталіся з Аняй Даўгаполавай, зараз шукаем новую [другую] вакалістку. А таксама грошы на запіс трэцяга альбому».


«Джамбібум» атрымаў узнагароду за лепшы альбом 2008 году у намінацыі
«Прыз замежных экспэртаў» ад сайту Experty.by

За год вакацыяў «Джамбібуму» многае зьмянілася. Цяпер нярэдка, што ў адзін вечар адбываецца некалькі важных музычных падзеяў, а Менск пачаў фігураваць у сусьветных турнэ вядомых замежных зорак: Scorpions, Sting, Limp Bizkit ды іншыя. У музычных аматараў выбар стаў куды больш шырэйшым.

«Я размаўляла з арганізатарамі канцэртаў. Яны кажуць, што людзі не прыходзяць: ня ведаю, ці грошаў шкада ці іншыя прычыны. Зоркі сапраўды пачалі прыяжджаць, але у большасьці олдскульныя. Увогуле гэта добра, — разважае Наста, хоць і адзначае, што сама да такіх канцэртаў ставіцца бязь лішніх эмоцыяў. — Для беларускіх музыкаў умовы зараз ня надта суцяшальныя — традыцыйнымі зрабіліся прапановы выступаў, дзе адразу папярэджваюць, што ганарар не прадугледжаны. І многія пагаджаюцца, бо для іх магчымасьць выступу гэта ўжо нешта. Аднак выступіш раз за „дзякуй“ і потым так цябе і трактуюць, як дармовы рэсурс. Што да нас, то зайграем пару разоў — тады й будзе больш зразумелая сучасная абстаноўка на музычным фронце:)»

Разьведваць сытуацыю «Джамбібум» будзе ўжо 24 кастрычніка. Музыкі падтрымліваюць дабрачынную ініцыятыву і першы свой выступ пасьля вакацыяў «Джамбібум» зладзіць на фэсьце «Ўсім па барабану!».

«Для нас зараз ня так важныя ўмовы, што нас атачаюць, важней тое, як мы зараз будзем разам працаваць пасьля перапынку — патрэбны новы ўзровень якасьці выкананьня, перадачы публіцы эмоцый і пачуцьцяў, данясеньня тэксту, — разважае сьпявачка. — Напрыклад, існуе даволі распаўсюджаны стэрэатып: маўляў, тэксты ў народных песьнях ні аб чым. Дык зараз мне б хацелася пераканаць нашых слухачоў у процілеглым».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.059 seconds.