10.11 — «Джамбібум», KRIWI і Morfe Acoustic Band на чайнай сустрэчы
Музыкі адразу трох беларускіх гуртоў аб’ядналіся дзеля невыпадковай сустрэчы ў межах праекту «TEA+ART — незвыЧАЙныя сустрэчы». Акрамя звычайных камунікацый і слуханьня музыкі на незвычайнай невыпадковай сустрэчы чакаецца далучэньне ўсіх ахвотных да ўдзелу ў стварэньні новага экспэрымэнтальнага музычнага праекту. Такім чынам, чакайце ў сераду сустрэчы з Настай Хмель з «Джамбібум», Ігарам Гарбачэўскім з KRIWI і Андрэем Мінковым з Morfe Acoustic Band.
«Джамбібум» — яркае зьява ў беларускай музыцы. Група спалучае ў сваёй творчасьці традыцыйны беларускі вакал і цёплыя афрыканскія і паўднёва-амэрыканскія рытмы, выкарыстоўваючы вялікую колькасьць пэркусійных і духавых інструмэнтаў. Такое зьмешваньне ўвасабляецца ў розных музычных формах — гэта і павольныя лірычны кампазыцыі, і завадныя рытуальныя танцы, і трансавыя цягучыя сьпевы.
Група створаная ў 2003 годзе па ініцыятыве Насты Хмель, выпускніцы музычнай вучэльні і Ўнівэрсытэту культуры. Гурт запісаў ужо 2 альбомы: «Джамбібум» і «Жавароначкі», выступаў на шматлікіх фэстах.
MORFE ACOUSTIC BAND утвораны ў 2007 годзе. Кіраўнік — Аганэс Аванэсян. Група працуе ў стылі этна-джаз і выступае выключна ў рэжыме unplugged з мэтай перадаць усю прыгажосьць і тэмпэрамэнт натуральнага гуку музычных акустычных інструмэнтаў. За аснову джазавых кампазыцый, якія збольшага гучаць у выкананьні гурту, узятыя старажытныя мэлёдыі і танцы. Таксама ў рэпэртуары Morfe Acoustic Band прысутнічаюць матывы габрэйскай, армянскай, рускай, татарскай, кубінскай і нават бразыльскай музыкі.
Увесну 2008 году Morfe Acoustic Band заваяваў Гран-пры на фэстывалі «НЕ ФАРМАТ», заснаваны Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі.
KRIWI заснаваны ў 1996 годзе. Стыль гурту вызначаюць як аўтэнтычны сусьветны фольк-экспэрымэнт, спалучэньне старажытных традыцый гарлавых сьпеваў і сучаснага гучаньня з элемэнтамі імправізацыі і авангарду. Гурт ужывае аўтэнтычныя інструмэнты, зробленыя па старых тэхналёгіях. Матэрыял для сваіх кампазыцый калектыў зьбірае ў фальклёрных экспэдыцыях.
Заяўляйцеся!
У сувязі з абмежаванай колькасьцю месцаў вядзецца папярэдні запіс удзельнікаў па нумарох: +375 29 6450612 і +375 29 6559616 і зьбіраецца ўнёсак.
НезвыЧАЙныея сустрэчы праходзяць у краме «Чайны ліст» з 18.30 да 21.00 па адрасе вул. Рэвалюцыйная, 32.