У Строчыцах прайшоў фольк-фэстываль «Камяніца»

Шэсьць гадзінаў фольк-музыкі, танцы пад парасонамі, маляўнічыя краявіды, піва пад шыльдай «501 мэтар да сцэны» — усё гэта новы фольк-фэстываль «Камяніца», што прайшоў 12 верасьня пад Менскам у музэі народнай архітэктуры і побыту.

Болей тысячы чалавек, збольшага моладзь і маладыя сем’і, сабраліся ў Строчыцах на выступы гуртоў «Стары Ольса», «Джамбібум», «Нагуаль», «Гаротніца» ды іншых. Завершыў імпрэзу гурт «Kriwi», які ўжо даўна ня выступаў у Менску.

Што да звыклых для оўпэн-эйраў праблемаў з надвор’ем, то й «Камяніцу» не мінулі неспадзяванкі. Сонечнае суботняе надвор’е пад вечар зьмянілася дробным дажджом. Але многія зацята таньчылі ў дажджавіках ці пад парасонамі. Тыя ж, каго дождж напужаў, хаваліся пад стрэхамі старадаўніх хатаў. Зрэшты, дождж быў цёплы, таму агульны настрой псаваў няшмат.

Наведнікі таксама мелі магчымасьць ня толькі паслухаць музыку, але й паглядзець усю экспазыцыю музэю. Квіткі на фэст каштавалі зусім танна — 6300 для дарослых і 3150 для дзяцей і студэнтаў — звычайны кошт для наведваньня музэю. Як адзначыла напярэдадні дырэктар музэю Сьвятлана Лакотка, фэст праводзіцца з «жаданьня дапамагчы музэю зарабіць дадатковыя грошы на рэканструкцыю экспанатаў», а таксама сама пляцоўка — выдатнае месца для фольк-імпрэзаў.

Фэст прайшоў — шукайце сябе на здымках альбо глядзіце, як гэта было!

Яшчэ 40 здымкаў з «Камяніцы» глядзіце ў фотаблогу Generation.bY

tarka 20:00, 14/09/2009 | Рэпартажы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0836 seconds.