Фэст «Камяніца 2015» распачнуць дзеткі, «Стары Ольса» ды Altanka

Камяніца

Арганізатары фолк-фэста "Камяніца 2015", які адбудзецца пад Мінскам у суботу 5 верасня пры падтрымцы ААТ "Банк БелВЭБ", абвесцілі другую частку музычнай праграмы, а таксама дэталі пра бясплатны транспарт, забавы і кірмаш. "Сумаваць не будзе калі!" – падкрэсліваюць яны.

Фестываль распачнецца апоўдзень са спеваў дзіцячых калектываў "FолкRада" ды "Мілавіца". Пасля гэтага галоўную сцэну адчыняць гурты Altanka ды "Стары Ольса". На яе цягам дня таксама выйдуць замежныя госці "Дримба да Дзига" (Украіна), Trad Attack! (Эстонія), Dzikie Jablka (Польшча) і беларускія гурты Vuraj, "Ягорава гара", Znich.

Музычная праграма будзе ісці нон-стоп дзякуючы другой сцэне, на якую выйдуць фолк-гурты "Варган", "Горынь", "Мярэжа", "Страла", "Этна-суполка" ды іншыя. Тройчы за дзень (у 13, 15 і 17 гадзін) у былой царкве каля карчмы сваю этнаграфічную містэрыю "Споведзь пад стрэхамі" пакажа Іван Кірчук. Дакладны расклад астатніх выступаў будзе абвешчаны раніцай у дзень фэсту праз суполкі ў Facebook  ды VK.

Амаль самастойным вялікім мерапрыемствам у межах "Камяніцы" стане кірмаш нацыянальнай культуры, дзе свае вырабы прадставіць шэраг прадпрыемстваў і больш за 50 рамеснікаў. У тым ліку ганчары і кавалі, вытворцы лялек, упрыгожванняў з натуральных матэрыялаў і народнай адзежы – ад традыцыйных вырабаў да сучасных вышымаек. Акрамя таго гледачоў чакае шмат разнастайных забаў: народныя танцы і гульні, рыцары і арбалетнае стрэльбішча, дзіцячая пляцоўка з маляваннем і пляценнем. Можна будзе паскакаць на кані, палятаць на аўтажыры ці проста паваляцца ў сене.

Арганізатары звяртаюць увагу, што згодна з правіламі бяспекі на тэрыторыю фестывалю нельга праносіць любыя алкагольныя напоі, ваду ў шкляных бутэльках, а таксама любое харчаванне, акрамя дзіцячага. На тэрыторыі фестывалю, побач з другой сцэнай, будзе велапаркоўка. Бясплатная аўтапаркоўка будзе недалёка ад увахода ў музей.

Акрамя ўласнага транспарту да фестывалю можна будзе даехаць бясплатным фестывальным аўтобусам ад метро "Малінаўка" (кожныя 15 хвілін з 11.30 да 23.00 у абодва бакі) ці прыгарадным аўтобусам 203э ад аўтастанцыі "Паўднёва-заходняя" (метро "Міхалова", кошт квітка 9,2 тыс. руб, расклад руху па нумары 114).

Фолк-фестываль "Камяніца" адбываецца на маляўнічай тэрыторыі Музею народнай архітэктуры і побыту (в. Азярцо, 4 км ад МКАД) з 2009 года. Грошы ад мерапрыемства дапамагаюць музею падтрымліваць найбуйнейшую ў Беларусі калекцыю вясковай драўлянай архітэктуры XVIII-XX стагоддзяў.

Квіткі на "Камяніцу 2015": дарослыя – 100 тыс. руб., школьнікі да 12 год – 50 тыс. руб. Дашкольнікі, а таксама наведвальнікі ў поўным варыянце нацыянальнага строю (ад галаўнога ўбора да абутку) праходзяць бясплатна. Набыць квіткі можна ў касах і на сайце www.ByCard.by. Час правядзення фестывалю – з 12.00 да 22.00. Інфалінія: (044) 517 08 12.


 

13:26, 02/09/2015 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.31 seconds.