Limp Bizkit: менская містэрыя

Так званыя сярод «прасунутых» інтэрнэт-вумнікаў і проста закамплексаваных рабятаў «куміры 90-х» і «бездары, зарабляючыя грошы на густах школьнікаў», сусьветнавядомы гурт Limp Bizkit 5 кастрычніка ўзарваў менскі Палац спорту і мозг усіх, хто там прысутнічаў.

Афіцыйнай нагодай для візіту Limp Bizkit у Беларусь стаў заплянаваны на канец году рэліз ужо шостага альбому гурта «Gold Cobra», але гэта ўсё афіцыйна. Неафіцыйна ж — тут іх сьвядома і падсьвядома даўно чакалі, бо спрадвек беларусы і містэрыя, якой па існасьці быў гэты канцэрт, — гэта браты-блізьняты.

Limp Bizkit in Minsk

Гурт годна вытрымаў часы свайго творчага крызысу і ўрэшце сабраўся ў сваім «залатым» складзе. Асаблівую радасьць, канешне, вызывае камбэк неверагоднай істоты з гітарай наперавес. Яе клічуць Уэс Борланд і яна толькі аддалена нагадвае чалавека, а так — гэта нешта сярэдняе паміж шварцэнэгераўскім драпежнікам і абарыгенам Пандоры. Карацей, па-добраму страшны і велічны пэрсанаж, як і ўсё ў «Бізкітаў». Да таго ж, Борланд яшчэ і асноўны кампазытар гурта, а пра яго якасьці гітарыста маўчу… кажу ж вам, гэта не чалавек!

Перанесены зь «Мінск-Арэны» ў меншы па памерах Палац спорту, канцэрт пачаўся з выступу тутэйшага «разагрэву». Іх выступу я ня бачыў, але калі тыя кавэры «Бізкітаў», якія гучалі з-за дзьвярэй і былі нашым адказам Фрэду Дарсту, то хочацца проста пажадаць хлапцам, каб імкненьні ўсё ж не разыходзіліся з рэальнымі магчымасьцямі.

Limp Bizkit пачалі з новай песьні, якраз з альбому «Gold Cobra», і… заля адразу, зь першых сэкундаў стала на вушы. Я такога ня памятаю, каб вось так вось — адразу і ўсе! Гук, сьвятло, усё тое, што называюць модным словам «пэрфоманс» проста не пакідала шанцаў застацца па-за гэтай містэрыяй. Моладзь на танц-пляцы вадзіла карагоды, нягледзячы на АМАП запальвала фаеры, нават білася паміж сабой і зноўку ж карагодзіла. Людзі больш дарослыя, чый музычны густ сфармаваўся ў тых самых 90-х, сядзелі ў крэслах, пакраквалі ад шчасьця, не вытрымлівалі і саскоквалі зь месцаў, бо сядзець тут ну проста было немагчыма. Некалькі тысячаў хома-сапіенс былі ў адной тэме па-за рэальнасьцю, нават чырвоны-зялёны сьцяг у аздабленьні сцэны дадаваў містыкі.

Сэт-ліст быў складзены бездакорна: новыя песьні перамяжоўваліся з усім вядомымі баевікамі, хуткія вар’яцкія «мяталы» зьмяняліся амаль балядамі. Кавэр The Who «Behind blue eyes» выконвалі сумесна, у тысячы галасоў, з тысячаў запаленых ліхтарыкаў-мабільнікаў і запальнічак. Прабіла на сьлязу нават. Да таго ж, аказваецца, беларусы ведаюць ангельскамоўныя тэксты! Ну, можа, гэта, канешне, была імітацыя ангельскай мовы, але гучала душэўна і варта. Тутэйшая публіка ўжо ведае, як сябе паводзіць на канцэртах сапраўдных рок-зорак: гучыць хіт «Rollin» — трэба адпаведна круціць рукамі, быццам ты за стырном крайсьлера, і так робяць тысячы рук. Прыгожа, блін! Гучыць «любоўны» кавэр на «Freedom» Джорджа Майкла — і ўсе ціскаюць сябровак і суседак, калі тыя, канешне, ня супраць!

Апошні нумар праграмы, фінал — адбываецца проста неверагоднае. За паўтары гадзіны звышякаснага «мяса», здаецца, ужо сілаў няма ні у кога, але рыфы даўгачаканай «Take a Look Around» шандарахнулі так, што мой сябра-калега побач, дарослы чалавек, раве ва ўсю глотку мацернае слова, якое містычным вобразам дасканала апісвае ўсеагульнае захапленьне! На жаль, па зразумелых прычынах, я не магу выкарыстаць яго ў якасьці назвы гэтага артыкула ці эпіграфа. Шкада.

Усё. Скончылася. Шчасьлівыя і трохі па-добраму «прыбітыя» ідзем па хатах. Яшчэ адзін сябра-калега, таксама дарослы чалавек, кажа, што яму нават сумна пасьля такіх канцэртаў, бо адчуваеш, «у якой ж…е мы ўсе тут знаходзімся». Але на гэтую «ж…пу» імкліва пачынаюць зьвяртаць увагу гурты сусьветнага ўзроўню. І, калі нішто не спужае гэты працэс, то з часам і твар наш заўважаць. Галоўнае — разьвярнуцца ім да цікавых і правільных падзеяў і, канешне, да падобных містэрыяў, бо яны ў беларускай крыві! Само жыцьцё тут — містыка.

Глядзім таксама фотарэпартажы з прыезду Limp Bizkit у Менск:

Buzzika 13:00, 07/10/2010 | Рэпартажы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0638 seconds.