Каб атрымаць аўтограф Limp Bizkit, маладая сям’я беларусаў тыдзень рабіла мастацкі торт

Дзеля таго, каб атрымаць аўтограф і фота з Limp Bizkit, маладая беларуская сям’я інжынера і кандытара цэлы тыдзень па начох ляпіла вось такі шыкоўны торт, які болей падобны на мастацкі твор. На Generation.by інтэрв’ю з гэтымі мілымі людзьмі. 

Амерыканскі гурт Limp Bizkit вярнуўся ў панядзелак праз тры гады пасля першага беларускага канцэрту ў мінскі Палац Спорта. Фотаздымкі крэатыўнага падарунка ад беларусаў, якія Limp Bizkit паставіў у сваім акаўнце ў Facebook, сабралі ужо болей за 20 тысяч лайкаў.

Аўтары торта — маладая сям’я інжэнера-энергетыка Рамана Сакалоўскага і яго жонкі Кацярыны, якая прафесійна займаецца стварэннем мастацкіх кандытарскіх вырабаў. Праца над тортам Limp Bizkit заняла ў іх каля тыдня. 

Раман і Кацярына вельмі хацелі атрымаць аўтографы гурта ды фота з імі, таму вырашылі прыдумаць незвычайны падарунак.

«Мы ведалі, што група пасля канцэрту 1 снежня прыедзе адразу да нас і часу на сустрэчу з фанамі ды аўтографы ў іх не будзе. Патрэбен быў такі падарунак, які б мог прыцягнуць увагу, якога б не было ні ў каго. Вырашылі спыніцца на торце. Але гэта не выпадкова, проста мая жонка працуе кандытарам», — распавёў Generation.by Раман Сакалоўскі.

Увесь працэс стварэння торта заняў цэлы тыдзень. Кацярына рабіла непасрэдна торт і фігуркі музыкантаў на ім, таксама начынне з чарнасліву, вішні, арэхаў і курагі. Раман, як інжынер, узяўся за выраб гітараў, бубнаў, пульта і зрабіў таксама салодкі макбук.

«Гэта заняло ў мяне нямала часу. Мая жонка зрабіла ўжо фігурку Ўэса Борланда, а я яшчэ гітару не скончыў. Павольная гэта праца, шчыра кажучы, не хацеў бы так на жыццё зарабляць», — распавядае Раман. «Але жонцы трэба было дапамагчы. Я быў больш кансультант — якога колеру кепку, красоўкі, якія ў Фрэда на нагах татуіроўкі, які грым каму зрабіць».


Падрабязнасці працэсу стварэння аўтары выклалі ў фотаальбоме.

Праца над тортам ішла фактычна па начах. «Прыйшлі пасля працоўнага дня ў 21.00. Пакушалі і з 22 да 02 лепім», — апісвае працэс Раман.

«Сам торт не чэрствы, выпеклі мы яго ў суботу вечарам, а ў панядзелак днём падарылі. На такіх тортах, як правіла, дэкарацыі не ядуць, хіба што толькі дзеці. Іх можна есці, яны салодкія, але больш ідуць як упрыгожванне. Есці трэба сам торт. У нашым выпадку — гэта сцэна».

Сям’я Сакалоўскіх вельмі ўдзячная арганізатарам канцэрту, якія пагадзіліся дапамагчы ўручыць торт музыкантам. А сябар сям’і прыехаў нават адмыслова з Баранавіч на сваім аўто, каб Сакалоўскім не давялося перавозіць торт на аўтобусах.


Ганка Пагулянка 12:33, 03.12.2013 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.0511 seconds.