Стынг ператварыў «Мінск-Арэну» ў філярмонію

У поўнай залі спартыўнага комплексу «Мінск-Арэна» было па-тэатральнаму ўрачыста. Арэну густа ўсеялі шэрагамі крэслаў, ператварыўшы ў партэр. Шыкоўны гук, сьвятло, аркестар і па-джэнтэльмэнску сьціплы Стынг. Ад убачанага й пачутага менская публіка часам спазьнялася з аплядысмэнтамі, і моўчкі, нібы зьбянтэжана ад такой блізкай сустрэчы з кумірам, назірала за падзеямі на дынамічнай стылёва аздобленай сцэне.

Болей 10 тысячаў беларусаў наведалі канцэрт легендарнага Стынга ў «Мінск-Арэне» з Каралеўскім філярманічным аркестрам у межах сусьветнага туру Symphonicity.

Якасьць гуку, выкананьне, сьвятло, відэашэраг — такога ўзроўню канцэртаў Менск яшчэ ня бачыў. Дзея ў залі нагадвала сапраўдную тэатральную пастаноўку альбо мюзыкл — найперш дзякуючы сьвятлу і відэашэрагам. Сам Стынг трымаўся сьціпла і ўпэўнена, як і належыць брытанскаму джэнтэльмэну.

Многія сусьветна вядомыя гіты нават самыя адданыя прыхільнікі пазнавалі не адразу — з аркестрам пад кіраўніцтвам Стывэна Мэркурыо ўсё гучала інакш, але ня меней уражвальна. Таму часам аплядысмэнты спазьняліся, а публіка моўчкі, нібы зьбянтэжана ад такой блізкай сустрэчы з кумірам, назірала за падзеямі на дынамічнай стылёва аздобленай сцэне.

На трох вялікіх экранах дэманстраваліся падрыхтаваныя дзесяткам вядомых відэамастакоў (сярод іх і Мішэль Гондры, кліпмэйкер Radiohead і рэжысэр фільму «Вечнае зьзяньне чыстага розуму») ролікі. Большасьць кампазыцыяў на пару з героем вечару сваім аксамітавым голасам аздобіла прыгожая Джо Лоўры.

Канцэрт Стынга ў Менску быў 48-м па ліку ў сусьветным туры Symphonicity і, мабыць, мала адрозьніваўся ад іншых канцэртаў у туры. Стынг вывучыў 10 словаў па-расейску: «Добрый вечер!», «Спасибо», «Как дела? Хорошо?» і «Эта песня о холодной войне», якія найперш актуальныя для Пецярбургу і Масквы, дзе сьпявак выступіў напярэдадні. Аднак для Менску году 2010-га такі «звычайны для туру Стынга» канцэрт — і ёсьць падзея. Менск пакрыху адкрываецца сусьветным зоркам.

tarka 14:00, 20/09/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.058 seconds.