Над канцэртам Стынга будзе працаваць дзьвесьце чалавек з трох кантынэнтаў

3-га верасьня стартавала доўгачаканая эўрапейская частка тура Стынга, а значыць, і падрыхтоўка да прыезду зоркі ў Беларусь таксама выйшла на фінішную прамую. Ужо вядома, што музыка і яго каманда прыляцяць у Менск зь Вільні на асабістым самалёце, а астатнія ўдзельнікі тура прыедуць на аўтобусах: у двух разьмесьцяцца музыканты аркестра і яшчэ ў чатырох тэхнікі, якія адказваюць за арганізацыю шоў.

Менск прыме ні многа ні мала 139 чалавек. Усё сьветлавое і гукавое абсталяваньне, а гэта цэлых 9 грузавікоў аўтэнтычнай тэхнікі, што выкарыстоўваецца на ўсіх канцэртных пляцоўках тура Symphonicity, Стынг прывязе з сабой у Мінск-Арэну. Гук для Стынга прадастаўляе кампанія Clair Global, якая ўжо 40 гадоў працуе на рынку. Гукавы гігант супрацоўнічаў з самім Элвісам Прэсьлі, а цяпер паралельна ўдзельнічае ў арганізацыі тураў KISS, U2, Green Day і яшчэ сямідзесяці выканаўцаў.

У сьвятой сьвятых, за пультам, будзе ўладарыць вопытны аўстралійскі гукарэжысёр Говард Пэйдж, які даўно працуе з Стынгам і каралеўскім філярманічным аркестрам і забясьпечваў выдатны гук на сарака аншлягавых канцэртах Стынга ў Амэрыцы.

Выступ зоркі гледачы змогуць ня толькі пачуць, але і ўбачыць зь любога пункту Мінск-Арэны. Канцэрт будуць здымаць чатыры камэры, а выява будзе адлюстроўвацца на некалькіх вялікіх рухомых экранах, якія будуць трансьляваць канцэрт і дзівіць гледачоў відэаэфэктамі, над стварэньнем якіх папрацавала 9 вядомых відэамастакоў. Сярод апошніх і Мішэль Гондры, кліпмэйкер Radiohead і рэжысёр фільмаў «Вечнае зьзяньне чыстага розуму» і «Перамотка».

Асобная брыгада тэхнікаў наладзіць у Менску сьветлавое шоў, якое можна параўнаць з тымі, якія можна ўбачыць на канцэртах Muse, Radiohead і Джорджа Майкла. Арт-дырэктар Symphonicity, Роберт Молнар (дызайнэр і фатограф, вядомы па вокладцы часопіса Rolling Stone), распавядаючы аб арганізацыі шоў, зьвярнуў асаблівую ўвагу на важнасьць усіх дробязяў і дэталяў, асабліва дбайна прадуманых у Symphonicity.

«Усё, пачынаючы ад касьцюмаў і заканчваючы аздабленьнем сцэны, створана для таго, каб глядач змог глыбей пагрузіцца ў чароўны голас Стынга і адчуць паэзію яго песень», — заявіў Молнар. У Менску для дасягненьня гэтай мэты на працягу 24 гадзін будзе без перапынкаў працаваць каманда, які аб’яднала больш за дзьвесьце чалавек з трох кантынэнтаў.

Замова квіткоў: (029) 763 11 11 (МТС), 650 11 33 (Velcom), www.allstars.by. Кошт ад 200 000 рублёў.

14:00, 07/09/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0714 seconds.