Фэст «Bela Music-09»: «Neuro Dubel» і «Крама» выступяць на Баравой

Новы open-air фэстываль беларускай музыкі пройдзе пад Менскам 23 траўня. Сярод удзельнікаў — легенды беларускага року «Neuro Dubel» і «Крама», а падтрымку забясьпечаць Мінкульт і Менскі аблвыканкам. Ініцыятар фэсту Алег Хаменка і арганізатар канцэртаў Уладзімір Шаблінскі распавялі асаблівасьці падрыхтоўкі першага open-air фэсту «Bela Music».

Пяцігадзінны фэст «Bela Music-09» адбудзецца на адкрытай пляцоўцы аэраклюбу «Баравая», якая здольная зьмясьціць да 15 000 слухачоў. Арганізатарам фэсту выступіць канцэртная агенцыя «Лінія гуку».

Ідэя фэстывалю належыць лідэру «Палацу» Алегу Хамеку. Яшчэ 14 год таму Хаменка захапіўся ідэяй правядзеньня ў Беларусі сапраўднага эўрапейскага open-air’у. Музыка бачыў шмат спробаў зрабіць падобны фэст у Беларусі, але ніводная, на яго думку, ня мела посьпеху:

«Такіх спробаў было шмат, праўда, да гэтага часу яны ні чым не сканчаліся. Але зараз мы нарэшце атрымалі зялёнае сьвятло».

«Сьвятло» забясьпечыла дзяржава. Арганізатары атрымалі падтрымку выканкамаў Менску і вобласьці. А Міністэрства культуры дапаможа забясьпечыць ахову фэсту (праз зварот у МУС).

«Варта разумець унікальнасьць гэтага мерапрыемства, бо дзяржава нарэшце пайшла насустрач, сказала, што ня толькі ня будзе перашкаджаць, але яшчэ і дапаможа», — лічыць дырэктар «Лінія гуку» Уладзімір Шаблінскі.

«У Беларусі няма свайго нацыяльнага фэсту» 

2009 год рызыкуе стаць багатым на фэстывалі беларускай музыкі. Нядаўна анансаваны перанос на чэрвень літоўскага фэсту «Be2gether», на які едуць музычныя героі году «Ляпіс Трубяцкой». Магчыма, з часткова зьмененым фарматам, але нязьменна ў канцы ліпеня, пройдзе «Басовішча», якое сьвяткуе сёлета 20-годзьдзе. Ды і «BeFree» з «Вольным паветрам» ніхто яшчэ не адмяняў. Але арганізатары «Bela Music» не баяцца канкурэнтаў, бо, па меркаваньню Ўладзіміра Шаблінскага, падобнага фэсту ў Беларусі папросту няма.

«У Беларусі няма свайго нацыяльнага фэсту. Трэба ствараць і папулізаваць свае беларускія брэнды, і не вазіць расейскія гурты».

Таксама арганізатары плянуюць прыцягнуць музыкаў, якія сьпяваюць па-беларуску, з памежных Беласточчны і Смаленшчыны.

«Мы атрымалі згоду, што прадстаўнікі фэстаў «Рок-кола», «Вольнае паветра», «Басовішча» прыедуць на наш фэстываль», — дадае Хаменка.

«Нам Depeche Mode не патрэбны!»

Найбольш арганізатары спадзяюцца на тое, што фэстываль стане штогадовым, а вакол яго вырасьце фонд падтрымкі беларускіх музыкаў:

«Калі мы здолеем аб’яднаць усе сродкі, зьявіцца спадзяваньне, што мы здолеем зрабіць нейкі фонд, прэмію ў падтрымку гуртоў, якія зьяўляюцца найбольш цікавымі, актуальнымі, выбітнымі».

Бізнэсоўца Уладзімер Шаблінскі прынцыпова ня хоча запрашаць замежных зорак на фэст:

«Мяне засмучае, што, калі расейскія гурты прыязджаюць у Беларусь, ім выдзяляюцца стадыёны і спонсары ідуць да іх. Грошы вывозяцца з краіны і інвэстуюцца ў замежны шоў-бізнэс. Удзел «Лініі гуку» шмат у чым вызначанае менавіта гэтым».

«Спадзяюся, што ў бліжэйшы час фэст будзе адбывацца без замежных зорак», — дадае Алег Хаменка.

Усіх хэдлайнэраў арганізатары пакуль не раскрываюць, але сьмела кажуць пра ўдзел «Neuro Dubel» і «Крамы», а таксама «ДзеціДзяцей» і «Палацу». У фармат фэсту, які вызначаецца як «папулярная актуальная беларуская музыка», трапляюць усе гурты, незалежна ад іх стылю і накірунку, якія за апошні час мелі вопыт вялікага жывога сольнага выступу.

Дастаўка фэнаў на фэст будзе арганізаваная з дапамогаю платных аўтобусаў, якія стартуюць з 15:00. Канцэрт распачнецца ў 16:30. Квіткі на фэст зьявяцца ў продажы за месяц, іх кошт складзецца прыкладна 15-000 — 20-000 рублёў. На тэрыторыі фэсту піва прадавацца ня будзе.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0622 seconds.