«Амбасадары Be2gether-2009» — гурт «Ляпіс Трубяцкой»

На прэс-канфэрэнцыі па трэцім фэстывалі музыкі й мастацтва Be2gether-2009 арганізатар Гедрыюс Клімкявічус агучыў першых выступоўцаў зь Беларусі — «Ляпіс Трубяцкой», а амбасадар Літвы Эдмінас Багдонас адзначыў, што стараюцца зрабіць для наведвальнікаў фэсту бясплатныя візы.


Прэс-канфэрэнцыя ў амбасадзе Літвы: прэс-сакратарка фэсту Эгле Рэмэйкайтэ, арганізатар Гедрыюс Клімкявічус і амбсадар Эдмінас Багдонас

Be2gether у гэтым годзе пройдзе ў чэрвені, а ня ў жніўні, як у папярэднія гады. Фэстываль пройдзе традыцыйна на землях Нарвілішскага замку ў 50 мэтрах ад беларускай мяжы. Музыкі з розных краінаў і розных стыляў зьбяруцца на некалькіх сцэнах Be2gether 12–14 чэрвеня.

«Для моладзі з актыўным ладам жыцьця фэст больш актуальны ў пачатку лета, пакуль яшчэ ніхто не разьехаўся», — патлумачыў перанос датаў Гедрыюс Клімкявічус і дадаў: «І наша каманда хоча адпачыць, а то ўжо й так — два гады без адпачынку:)»

Поўнага сьпісу выступоўцаў арганізатары пакуль не агучваюць, з многімі яшчэ вядуцца перамовы. Але першы гурт зь Беларусі ўжо вядомы — «Ляпіс Трубяцкой», які паводле музычных прэміяў прызнаны лепшым гуртом году Беларусі, Украіны й Расеі.


Яўген Калмыкоў і Павал Булатнікаў

«Гурт, які я слухаю ўжо другі месяц. Раніцай вяду сына ў школу, вяртаюся і працягваю слухаць дыскі. Некалькі песень я ўжо на памяць вывучыў. У мяне сябры мае літоўскія запытваюцца, што такое «зорачкі», «млечны шлях», «кашулькі», — распавёў пра сваё захапленьне «ляпісамі» амбасадар Літвы Эдмінас Багдонас.


Прадусар «ляпісаў» Яўген Калмыкоў: «Зайздросна, што ў Літве ёсьць такі фэстываль.
А ў нас няма, таму мы “обречены” езьдзіць на гэты фэст і любіць яго».

«Ляпіс Трубяцкой» будзе выступаць на Be2gether ужо другі раз. На першым фэсьце ў 2007-м гурт гадзінным сэтам на галоўнай сцэне прадставіў праграму «Капітал». Саліст «Ляпіса Трубяцкога» Павал Булатнікаў адзначыў на прэс-канфэрэнцыі:

«Гэта цудоўная магчымасьць выступаць на адной сцэне з эўрапейскімі і сусьветнымі зоркамі, а гледачы могуць паслухаць і паглядзець канцэрты сусьветнага ўзроўню з добрым гукам і добрым сьвятлом».


Хто яшчэ сёлета будзе прадстаўляць Беларусь на Be2gether, арганізатары не агучваюць. Гедрыюс кажа, што пакуль ня ведаюць, але разьлічваюць на 2–3 беларускія гурты.

«Думаем і марым, калі будзе асобная сцэна для беларускіх музыкаў. Фэстываль мусіць вырасьці, каб болей людзей прыяжджала зь Беларусі — тады й зробім беларускую сцэну. Гэта наша агульная мара, каб у Эўропе была асобная пляцоўка для беларускіх музыкаў», — патлумачыў Гедрыюс Клімкявічус. Але напрыканцы канфэрэнцыі амбасадар Эдмінас Багдонас аспрэчыў: «Ня трэба ніякай асобнай сцэны для Беларусі ў Эўропе. Трэба, каб Беларусь была разам з усімі ў Эўропе».


Амбасадр Літвы паедзе на фэст з сынам і сябрамі

А каб «быць разам» было лягчэй, літоўская амбасада спрабуе вырашыць пытаньне пра выдачу наведвальнікам Be2gether бясплатных візаў. Канчатковае рашэньне будзе паведамлена пазьней.

Арганізатары ўжо агучылі пяць выканаўцаў з сёлетняй праграмы: Gogol Bordello, A. Mamontovas, Polarkreis 18, Touch and Go і Clawfinger

Штогод у фэсьце прымае ўдзел 30–50 гуртоў з усяго сьвету. Мінулым годам ля самай беларускай мяжы выступілі Groove Armada, Tricky, Infected Mushroom і многія іншыя, а хэдлайнэрамі Be2gether 2007 выступілі Morcheeba і Bloodhound Gang

Упершыню Be2gether прайшоў у Нарвілішках у жніўні 2007 году. Сярод 30 гуртоў з усяго сьвету выступілі беларусы Ляпіс Трубяцкой, Drum Ecstasy і IQ48. А ў мінулым годзе Беларусь прадставілі N.R.M., Mauzer і Osimira.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0591 seconds.