Be2gether: Дайце два!

Як гэта было: 30 гуртоў, 3 дні, беларуска-літоўская мяжа ў 50 мэтрах, верталёты над галавой, музыка ў галаве, піва ў руках. Усе падрабязнасьці фэсту, пляны арганізатараў на наступны год, 6 фотарэпартажаў з Be2gether – такое ціхарыць нельга.

Be2gether

Арганізацыя фэсту на месцы

Зь Вільні на фэст амаль кожныя дзьве гадзіны хадзілі аўтобусы з адмысловай пазнакай – Be2gether. Ужо на пад’езьдзе да Нарвілішак блізкасьць мяжы адчувалася – міліцэйскі пост, дзе-нідзе ловіцца Velcom ці МТС, у небе лётаюць два верталёты. Чым бліжэй падыходзіш – адчуваеш сябе ўсё меньшым і зьліваесься з натоўпам.

На месцы ўсё выглядала сапраўды грандыёзна – дзьве агромністыя сцэны, ангар-сцэна для ды-джэяў, вялізны кэмпінг для намётаў з аднаго боку і ня меншая пляцоўка для аўто зь іншага, замак 16-га стагодзьдзя на ўзвышшы, а за ім – мяжа. Безьліч людзей – па падліках арганізатараў прададзена 8 000 квіткоў, журналістаў – болей 250 акрэдытаваных з усяго сьвету, шмат валянтэраў у яркіх камізэльках, да якіх у любую хвіліну можна было зьвярнуцца і атрымаць адказ на адпаведнае пытаньне.

Паліцыі і аховы дастаткова, але іх прысутнасьць зусім ненавязьлівая. Зрэшты, боек, спробаў прарвацца да мяжы не было – усё прайшло спакойна і файна.

На месцы працавала мноства шапікаў зь ежай, півам, віном, маечкамі і іншымі матэрыяламі з сымболікай. Стаялі шатры, дзе можна было проста паваляцца на коўдрах і паслухаць музыку. Быў вялікі батут, пляцоўка з помпай для пены – адпачыць было дзе. А самым галодным, якіх на трэці дзень фэсту паболела, крышнаіты, якія арганізавалі там два шапікі, бясплатна прапаноўвалі вэгетарыянскую ежу.

У кэмпінгу можна было арэндаваць намёт і дыванкі.

Месца для адпачынку вельмі шмат. Праграма арганізаваная такім чынам, што гурты выступаюць адзін за адным на розных сцэнах. Пакуль на адной выступ, на іншай – наладка наступнага гурта. Таму заканчэньне выступа аднаго гурта і пачатак наступнага нагадваў «вялікае перасяленьне народаў» – людзі натоўпамі цягнуліся да іншай сцэны. А там ужо раздольле – хочаш танчы, хочаш махай сьцягам ці балёнікам, хочаш – проста ляжы на траве і атрымлівай асалоду ад музыкі.

Be2gether: Музыка адчыняе межы

Менавіта пад такім сьлёганам праходзіў фэст. Гэтыя тры дні былі суцэльным сьвятам музыкі.

Болей 30 гуртоў зь Літвы, ЗША, Польшчы, Брытаніі, Нарвэгіі, Эстоніі, Фінляндыі, Грузіі, Ісьляндыі, Расеі, Латвіі, Беларусі выступілі на Be2gether.

Безумоўнымі хэдлайнэрамі фэсту былі Bloodhound Gang (ЗША), Therapy? (Брытанія) і Morcheeba (Брытанія).

 

Bloodhound Gang зладзілі сапраўднае дзёрзкае шоў на сцэне. Evil Jared Hasselhoff кідаў у натоўп уласную майку, перад гэтым добра павыціраўшы ёю інтымныя часткі цела, паліваў людзей півам і нават ладзіў акрабатычныя трукі з перасоўваньнем па сцэне вялікай скрыні, прымацаванай ланцугом нібыта да «мужчынскага гонару». Усю карціну псавала частковая фанаграма ў час выступа Bloodhound Gang.

Morcheeba

Morcheeba там былі. Гэтым можна і завершыць расповед пра іх выступ, бо гэта трэба бачыць. Казачна. Якасная музыка, добры гук, сьвятло на вышэйшым узроўні.

Але ці не самую большую колькасьць прыхільнікаў пад сцэнай сабраў папулярны літоўскі рок-выканаўца A.Mamontovas.

Беларусь на Be2gether

Тое, што Беларусь зусім побач – 50 мэтраў да мяжы, за гэтым маштабам, нагадвала толькі прырода і добрая сувязь беларускіх мабільных апэратараў.

Вядучых фэсту не было, а гэтую ролю выконвала «радыё Be2gether», якое паміж выступамі гуртоў вяшчала навіны фэсту. Але беларусы маглі зразумець там хіба што назовы гуртоў, бо ўсё было па-літоўску, як, зрэшты, і большасьць матэрыялаў.

У агульнай колькасьці наведвальнікаў фэсту, беларусаў было ня так і шмат: віза і няпростасьць даезду, ды й сам кошт квітка далі пра сябе ведаць. Але ці не кожны беларус ідэнтыфікаваў сябе – маленькі ці вялікі бел-чырвона-белы сьцяжок альбо бел-чырвона-белая гумовая стужка на руцэ выяўляла суайчыньнікаў. Затое ў час выступу беларускіх камандаў з ваколіцаў сьцягваліся ўсе беларусы. Ляпіс Трубецкой, Drum Ecstasy, IQ48 прадставілі розныя кірункі беларускай музыкі.

Ляпіс Трубецкой займаўся з гледачамі «бясьпечным тантрычным сэксам», як назваў выступ гурта Сяргей Міхалок, шчыраваў вершамі, лацінскімі прымаўкамі, якія «вучыў на памяць усю ноч», каб бліснуць глыбокімі ведамі. У час выступа гурта ўсе прысутныя літоўцы і іншыя замежнікі даведаліся, што значыць для беларусаў RnB. Міхалок даў ёмістае тлумачэньне – «Рок Незалежнай Беларусі».

Дарэчы, Ляпіс Трубецкой нядаўна запусьціў новы сайт, дзе выкладзена бачаньне музыкаў на ўласную творчасьць і немалую гісторыю. Сяргей Міхалок адзначыў Generation.by, што імкненьне гурта скараць Сеціва невыпадковае. Нашумелы кліп «Капітал» ня быў у ратацыі музычных каналаў, але дзякуючы інтэрнэту большасьць беларусаў, якія цікавяцца музыкай, пабачылі кліп. «Свабоднае мастацтва выратуе інтэрнэт,» – выказаўся Міхалок наконт ролі інтэрнэту ў сучаснай прамоцыі гурта.

Drum Ecstasy пераняў эстафэту выступаў адразу пасьля буйнейшай зоркі фэсту – Morcheeba. «Ну што, прыйшоў час Ч,» – сказаў на сцэне калегам па гурту Чмыр, углядаючыся ў цемры на іншую сцэну, дзе завяршалі выступ Morcheeba. Drum Ecstasy проста варажылі. Адрываліся ўсе – і людзі пад сцэнай, і ўдзельнікі гурта на сцэне. Хлопцы выходзілі на біс яшчэ два разы, кожны раз вітаючы публіку сьціплым «Добры вечар!».

 

На выступе IQ48 сьлёган фэсту «Музыка адчыняе межы!» падаўся сапраўды рэальным. Агромністая сцэна Be2gether, шырачэзная пляцоўка пад фэст на гадзіну сталіся сапраўды цёплымі, беларускімі і ў нечым нават хатнімі. «IQ у хаце!» сьпявалі «здаровыя лосі», якія, дарэчы, па-літоўску гучаць як «stambiais elniais». А песьня «Марсіяне даўно ўжо тут» добра адлюстроўвае і саміх музыкаў на фэстывалі. Хоць выступ IQ48 быў заплянаваны на трэці дзень фэсту, вакаліст Саша Ракавец прыехаў на Be2gether яшчэ ў першы дзень, астатнія «здаровыя лосі» – на другі, каб паслухаць іншыя гурты, паадрывацца, папіць піва, паесьці шашлыкоў ды патанчыць у пене.

Дарэчы, сярод беларусаў, якія актыўна адрываліся пад выступ IQ48 былі заўважаныя і сябры БАС (арганізатары Басовішча). Кіраўнік БАС Радаслаў Дамброўскі, які ў гэтым годзе ўпершыню каардынаваў арганізацыю Басовішча, прыехаў паглядзець на ўласныя вочы, як праходзіць буйны музычны фэстываль у Літве.

Пры вяртаньні айк’юшнікаў на мікрааўтобусе дадому, беларускія памежнікі паскардзіліся музыкам, што самі на фэст не патрапілі, але музыку паслухаць хочуць. Асабліва яны намякалі на прыгожы саксафон, які ляжаў разам зь іншымі інструмантамі «лосяў». У выніку музычны рэйд IQ48 на Be2gether працягнуўся на беларускай мытні выступам сакфаніста IQ48 Дзяніса Дзеравенкі. Усе задаволеныя :)

Be2gether 2

Фэст прайшоў так гладка і файна, што ўжо пачаліся размовы, каб зладзіць падобнае і ў наступным годзе. Літоўскія арганізатары аналізуюць праведзенае і прыглядаюцца да сусьветных рок-зорак – патэнцыйных удзельнікаў фэсту наступнага году.

Сёлетні Be2gether арганізатары называюць рэпэтыцыяй. Кіраўнік швэдзкай амбасады ў Менску Стэфан Эрыксан прапанаваў яшчэ ля пяці гуртоў, якія б з гонарам прадставілі Беларусь на эўрапейскім фэсьце. А амбасадар Літвы ў Беларусі агучыў наагул фантастычную ідэю – пабудаваць сцэну над літоўска-беларускай мяжой. Марыць, як кажуць, ня шкодна. Але калі нават проста паўтарыць сёлетні фэст – гэта будзе грандыёзна.

Фотарэпартажы з  Be2gether:

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0821 seconds.