Распрадаюць сядзібу, дзе ладзіўся фэст Be2gether
Былая сяброўка арганізатара вядомага літоўска-беларускага музычнага фэсту Be2gether Гедруса Клімкявічуса прадае гасцявы дом, дзе раней размяўшчаўся гатэль для віп-наведвальнікаў фэсту і рэстарацыя. Сядзіба, якая знаходзіцца ў некалькіх кіламетрах ад беларускай мяжы ў Нарвілішках, месціцца побач з знакамітым замкам. Замак таксама арэндуе ў дзяржавы Гедрус Клімкявічус.
Гэты замак у Нарвілішках шмат гадоў арэндуе ў дзяржавы арганізатар Be2gether
Гаспадыня сядзібы Грэце Янсанайце, паводле паведмлення DELFI, болей не сустракаецца з вядомым літоўскім бізнэсоўцам Гедрусам Клімкявічусам. Апошні з 2007 па 2010 ладзіў знакаміты фэст Be2gether, выкарыстоўваючы сядзібу дзеля патрэбаў фэсту.
На пытанне, чаму яна прадае сядзібу, Янсанайце адказала, што дачакалася, калі скончыўся тэрмін абмежаванняў, якія дзейнічалі, паколькі была атрыманая дапамога ЕС на рэканструкцыю будынку. За гэты час яна зразумела, што аграсядзібны бізнес ёй не падабаецца.
Сядзіба 1935 г. у 500 кв. м. з лазняй, басейнам, заляй для фуршэтаў у некалькіх кіламетрах ад беларускай мяжы прадаецца цяпер за $165 тыс. Сядзіба месціцца ў 200 метрах ад аднаго з нешматлікіх замкаў, што захаваўся на тэрыторыі Літвы. Раней на полі перад ім адбываўся Be2gether.
Апошні фэст прайшоў у 2010 годзе, пасля чаго было абвешчана аб перапынку ў правядзенні фэсту. Галоўнай прычынай стаў цяжкі фінансавы стан арганізатараў. Літоўскія медыя пішуць, што яны дагэтуль не могуць выбрацца з пазыкаў, якія ўзніклі з-за фэсту.
Яшчэ ў пачатку траўня на старонцы Be2gether у Фэйсбук была пазначаная інфармацыя аб тым, што «магчыма, мы зноўку будзем разам ў 2013 годзе». Аднак болей ніякіх паведамленняў арганізатары не рабілі, а сайт фэсту цяпер цалкам недаступны.