КУЛЬТурныя людзі: Стэфан Эрыксан

Стэфан Эрыксан

У падручніках па найноўшай гісторыі Беларусі сярод тых, хто зрабіў важкі ўнёсак у захаваньне беларускай мовы й культуры, дакладна будзе швэд. Кіраўнік Аддзяленьня Амбасады Швэцыі ў Менску ўсяго другі год на Беларусі, але ўжо цудоўна валодае беларускай мовай. Ён нават перакладаў на швэдзкую песьні N.R.M., апавяданьні Быкава ды Арлова. Якім бачыцца сьвет з консульскага гаўбца — у гутарцы са Стэфанам Эрыксанам.

Дарэчы, менавіта з гэтага самага гаўбца, што выходзіць на ўтульны дворык Верхняга гораду, узімку сьцягнулі стол. Добра, што крэслы пакінулі. А на чыімсьці лецішчы стаіць зараз консульскі столік...

Шукаю цябе, мая мова

Стэфан, Вы да нас надоўга? Не надакучыла яшчэ?

Не, у мяне адчуваньне, што я толькі прыехаў. Час бяжыць хутка. Я ж толькі паўтары гады тут. Да Менску я пяць год працаваў у Пецярбургу. Але ж гэта розныя месцы, розныя працы. Мне вельмі падабаецца Пецярбург, але гэта не сталіца. Для мяне цікавей працаваць у Менску. Я тут адзін, паслу хапае працы ў Маскве, таму ён мне давярае беларускія справы.

Стэфан Эрыксан

Ну і Вы тут часу не губляеце – рэгулярна займаецеся беларускай мовай. Адчуваеце з таго сваю папулярнасьць?

Ну як казаць? Папулярнасьць не была мэтай. Гэта новая для мяне сытуацыя. Калі шчыра, я не чакаў такога водгуку на мае спробы вывучыць мову, цікавіцца культурай. Для мяне гэта натуральна. Як не вывучаць мову краіны, дзе жывеш? Канешне, самым лёгкім шляхам было б сказаць: ну ведаю я расейскую мову. Але вывучыць мову ня так складана — трэба мець жаданьне. Я не магу прымусіць людзей размаўляць на іх мове, але калі я нават аднаго чалавека заахвочу — я буду задаволены.

Вы часты госьць на розных беларускамоўных імпрэзах...

Калі я стаў вывучаць мову, трэба было знайсьці асяродзьдзе. І я стаў слухаць музыку, у тэатар хадзіць, праграмы на радыё й ТВ шукаць, стаў чытаць на беларускай мове. Таму я меў прывілею пазнаёміцца са шматлікімі цікавымі людзьмі. Я хачу сказаць, што мне гэта цікава ня толькі таму, што яны пішуць або сьпяваюць па-беларуску, мне сапраўды падабаецца іх творчасьць, гэта сапраўды варта ўвагі.

Стэфан Эрыксан

А на сёлетняе Басовішча зьбіраецеся?

Я быў на Басовішчы ў мінулым годзе. Гэта было ў час майго адпачынку і мне вельмі спадабалася. У гэтым годзе, хутчэй за ўсё, не атрымаецца патрапіць.

А жылі ў намёце?

Не :), у гасьцініцы, у Беластоку – хацелася паспаць у ложку.

А па Менску прыемна шпацыраваць

У мяне было вельмі добрае першае ўражаньне ад Менску, калі мы прыехалі ў верасьні 2005 году. У Санкт-Пецярбургу мы жылі ў цэнтры. Гэта такі прыгожы горад, але каменны, няма там дрэваў, зелені. А Менск быў такі зялёны, на Ракаўскім прадмесьці была нават вулічная рэстарацыя. Вельмі добрая атмасфэра.

А Вы былі ў Шабанах?

А гэта што такое? Я разумею, што маю прывілею жыць у цэнтры горада, хадзіць пешкаю на працу, што цэнтар – гэта самая «чыстая» частка гораду, тут заўсёды ўсё ў парадку, але я часта ежджу па горадзе, быў у вёсках. Наведаў практычна ўсе рэгіёны. Мне вельмі падабаюцца Полацк, Пінск, Віцебск, Гродна — гэта пакуль такая ўлюбёная чацьвёрка.

Стэфан Эрыксан

А Дзень Народзінаў дзе сьвяткуеце? І што можна падарыць дыплямату?

Тут. Гавораць, што цяжка дарыць мне падарункі, таму што мне ўжо 45 гадоў і шмат рэчаў я ўжо маю. Люблю кветкі — у мяне дома зімні сад, няма куды ўжо ставіць. Дораць беларускія дыскі, кніжкі заўжды прыемна пачытаць. Я люблю дарыць сабе вандроўкі — гэта добры спосаб адсьвяткаваць.

(Зараз можна яшчэ сталы дарыць ;)

Мары ня згінулі марна

У дзяцінстве была мара стаць дыпляматам, таму што мне зь дзяцінства падабалася вандраваць. Калі мне было дзевяць год, мы з бацькамі аб’езьдзілі на машыне Эўропу, праехалі 7-8 краінаў, з намётамі. Бацькі мне нават далі заданьне сачыць па мапе. І мне вельмі гэта спадабалася. Тады, у 70-я гады, мне здавалася, што адзінай справай, якая давала магчымасьць вандраваць, была прафэсія дыплямата. Але скончыўшы эканамічны факультэт, я ўжо ня думаў, што буду працаваць дыпляматам. Былі іншыя ідэі, а потым усё ж такі прыгадаў гэтую сваю мару і дастаткова позна падаў свае дакумэнты ў Міністэрства замежных спраў. У нас няма спэцыяльнай адукацыі для дыпляматаў – бяруць людзей з гатовай прафэсіяй. І вось у 1992 годзе мяне прынялі.

А Вашым дзеткам падабаецца вандраваць?

Яны прызвычаіліся да гэтага ладу жыцьця. Але калі яны былі маленькія, было лягчэй. Бо зараз яны маюць сваю волю і інтарэсы. Я спадзяюся, што ў рэшце рэшт шкоды для іх ня будзе, а наадварот – будзе карысна, што яны пажылі ў розных краінаў, пабачылі розных людзей.

Першыя грошы

Калі я быў яшчэ ў школе, гадоў у 14-15, на выходных а чацьвертай раніцы хадзіў на працу ў пякарню, дзе фасаваў хлеб. Трохі грошаў зарабіў. І так склалася жыцьцё, што зараз я жыву на Ракаўскім прадмесьці побач зь пякарняй. І ўсе гэтыя пахі — вельмі прыемна. А яшчэ, калі я быў студэнтам, працаваў старшынём тур-груп. І будучы старшынём гэтых групаў, разьвіў здольнасьці камунікаваць з самымі рознымі людзьмі. Таму зараз я магу даволі лёгка знайсьці агульную мову амаль з кожным.

Сеціву ўсе ўзросты пакорлівыя

Чым, акрамя электроннай пошты Вы карыстаецеся? ICQ, LJ…

Не, я ўсё ж такі не да таго пакаленьня належу. Хаця, мабыць, гэта не пытаньне пакаленьня. Проста няма часу чытаць блогі. Але хачу падкрэсьліць, што ёсьць людзі старэйшыя за мяне, якія вядуць блогі. Напрыклад, наш міністар Карл Більт — дастаткова вядомы чалавек у Швэцыі. Гэта даволі незвычайна для міністра замежных спраў. І ў Швэцыі шмат людзей супраць таго, каб такім чынам распавядаць пра справы краіны – яны проста не прызвычаіліся да гэтага.

Швэдар не павінен быць зялёным

У дзяцінстве маім любым колерам быў, прынамсі, зялёны. Ня ведаю, чаму. Я памятаю, што прасіў маці, каб яна зьвязала мне зялёны швэдар. Але яна чамусьці не хацела. Мабыць, лічыла, што швэдар не павінен быць зялёным. Я не хачу казаць, што зараз я нашу толькі зялёны колер. Але зялёны цяпер прысутнічае ў хатніх кветках, у нас уся гасьцёўня зялёная — у гэтым сэнсе, відаць, колер застаецца любімым.

А што з made in Belarus Вам больш да спадобы?

Я вельмі люблю лён як матэрыял. Мне падарылі файны абрус, кашулі нашу з задавальненьнем.

СТАБІЛЬНАСЬЦЬ ПА-ШВЭДЗКУ або вафля а палове сёмай

Што Вы звычайна ясьце на сьняданак?

Ну, у гэтым сэнсе я вельмі кансэрватыўны чалавек. Мая жонка лічыць, што гэта нудна. Я ўжо трыццаць — сорак гадоў ем тое самае: талерка кісла-малочнага прадукту з хлоп’ямі і кубачак соку. Вось гэта мой асноўны сьняданак. Потым можна штосьці дадаць. Я не лічу, што гэта нудна, проста звычайна ўранку я не хачу думаць, што зьесьці на сьняданак, я проста ведаю.

Стэфан Эрыксан

А якой гадзіне Вы звычайна прачынаецеся?

У нас цяпер сабака. Таму на палову сёмай ужо трэба яе выгульваць. Дачка захацела сабаку, але зранку ня хоча зь ёй гуляць. А для мяне гэта добрая звычка. Нашага залацістага рэтрывэра клічуць Вафля. Дачка, калі была маленькая, мела цацачную сабаку Вaфлю. Мы якраз тады жылі ў Бэльгіі, знакамітай сваімі вафлямі. І калі зьявіўся сапраўдны сабака, ён ужо атрымаў гэтае імя.

Ці ёсьць у беларусаў непрымальныя для Вас рысы?

Мне людзі вельмі падабаюцца — лёгка знайсьці агульную мову зь беларусамі. Але ёсьць такія рысы, якія, мабыць, не зусім зразумелыя. Гавораць там пра талерантнасьць беларускага народу, памяркоўнасьць. Мабыць, гэта зьвязана зь гістарычны досьведам. Людзі не заўжды вераць, што змогуць штосьці зьмяніць. Што выбар нават аднаго чалавека істотны. Хтосьці мне казаў, што ёсьць прымаўка — беларус вяртаецца з гасьцей: «Усё было добра, але прымусу не было». Людзі чакаюць каманды «зрабі», а самі ініцыятывы не выказваюць. Але гэта гісторыя, гэта стан беларусаў між іншымі народамі, якія мелі свае інтарэсы. Я не магу казаць, што швэды такія ўжо эмацыйныя, гарачыя. Але калі што — чалавек за свае правы ўстае. Супраць чыноўніка, супраць урада, увогуле — калі несправядлівасьць адбываецца.

Магчыма, людзі чакаюць загаду, калі ня ведаюць іншае альтэрнатывы. Сваім прыкладам Стэфан Эрыксан, безумоўна, дэманструе, на што здольны адзін чалавек. Тым больш, што ён ня толькі шануе беларускую культуру і традыцыі, але й знаёміць нас са Швэцыяй. Дзякуючы Стэфану і ягоным памочнікам, адлегласьць між  швэдамі і беларусамі скарацілася.

6 чэрвеня — Нацыянальны Дзень Швэцыі. Гэта сьвята ў сябе на Радзіме толькі з 2005 году стала выходным днём. Таму сталых сьвяточных традыцыяў яшчэ ня склалася. Але гісторыя сьвята вельмі старая — дзякуючы Густафу Эрыксану (даволі сымбалічна), які ў гэты дзень у 1523 годзе стаў каралём, Швэцыя зараз існуе як дзяржава. Праз стагодзьдзі, 6 чэрвеня 1809 года была падпісана Канстытуцыя Швэцыі.

Стэфан Эрыксан распавёў журналістам напярэдадні сьвята пра ягоную гісторыю, пра сучасны вобраз Швэцыі і пра стасункі зь Беларусьсю. Аддзяленьне Амбасады Швэцыі ў Менску ужо традыцыйна ладзіць шэраг мерапрыемстваў, праз якія мы можам даведацца пра Швэцыю. Сёньня ёсьць магчымасьць вывучаць мову гэтай краіны ў Менску, Полацку і Віцебску. Увесь час праводзяцца розныя выставы, працуе Цэнтар швэдзкіх дасьледаваньняў, актыўна праходзяць Дні швэдзкай культуры — шостыя ў гэтым годзе.

Каманда Generation.by шчыра віншуе Стэфана і ўсіх швэдаў зь іхнім сьвятам!

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0583 seconds.