Стэфан Эрыксан: я станоўча гляджу на перспектывы беларускай мовы

Шведскі дыпламат, які з 2005 да 2012 году працаваў у Беларусі і праславіўся сваім амаль дасканалым валоданнем беларускай, а таксама падтрымкай беларускай культуры, ужо амаль год не бываў у Беларусі. Як за гэты час змяніліся ягоныя погляды на будучыню беларускай культуры?


Прамаўляе Стэфан Эрыксан. Фота ehu.lt

«Буду прамаўляць па-беларуску, бо я лічу, што ЕГУ усё ж беларускі ўніверсітэт», — вялікая аўдыторыя Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту на некалькі соцень чалавек сустракае першыя словы Стэфана Эрыксана апладысментамі. З жніўня 2012 году, калі ўлады Беларусі абвінавацілі дыпламата ў дэструктыўнай дзейнасці і не працягнулі ягоную акрэдытацыю, амбасадар Швецыі мае не так шмат магчымасцяў папрактыкавацца ў беларускай. Аднак прамаўляе Эрыксан абсалютна без акцэнту.

«Гэта былі сем лепшых гадоў майго жыцця, — працягвае амбасадар, прыгадваючы час, калі ён толькі прыехаў з Санкт-Пецярбургу ў Менск. — Тады я ўжо ведаў расейскую. І быў зацікаўлены вывучыць беларускую. У Піцеры ўзяў некалькі ўрокаў, але тое было не вельмі сур’ёзна. Калі прыехаў у Менск, знайшоў выкладчыцу, якая мяне вельмі натхніла. Цяпер яна выкладае курс „Мова ці кава“, і часам яе рэкламуюць як чалавека, які „вывучыў Эрыксана“».

«З часам размаўляць па-беларуску стала амаль абавязкам для мяне: усе чакалі, што я публічна буду размаўляць па-беларуску. Чыноўнікі таксама без праблем з задавальненнем размаўлялі са мной па-беларуску (у асноўным камунікаваў я з супрацоўнікамі МЗС)».

На гэтым рэтраспектыва ўласнага шляху Эрыксана сканчаецца, і амбасадар пераходзіць да больш злабадзённага пытання, дзеля абмеркавання якога ён, а таксама прафесара Дэпартаменту гісторыі і класікі ўніверсітэту Альберты (Канада) Дэвіда Марплза паклікалі сёння ў гэтую аўдыторыю. Прафесар, адна з кніг якога пра Беларусь звалася як «Беларусь: дэнацыяналізаваная нацыя», прамаўляе па-ангельску, аднак слухае прамову Эрыксана з максімальнай увагаю.


Фота ehu.lt

«Мы ніколі не прымусім беларусаў загаварыць па-беларуску, — працягвае Эрыксан, — але гэта не зусім нармальна, калі мова выцясняецца з ужывання ў публічнай сферы. Тлумачыць вам не трэба. Я станоўча гляджу ў будучыню. Я ўпэўнены, што беларуская перажыве і гэты перыяд. Яна перажывала шмат цяжкага ў сваёй гісторыі. Пакуль на ёй размаўляюць, пакуль пішуць літаратуру па-беларуску, пакуль ёсць такія музыкі як Лявон Вольскі і іншыя падобныя артысты, то дзякуючы ім беларуская мова зойме належнае месца ў сваёй краіне і ўвогуле ў еўрапейскім кантэксце».

«Калі беларусы адпраўляюцца ў іншыя краіны, і людзі пачынаюць задаваць ім пытанні, распачынаецца важны працэс: за мяжой яны пачынаюць ідэнтыфікаваць сябе болей з беларускай мовай і культурай. Даволі цяжка патлумачыць, чаму ты з Беларусі і не размаўляеш па-беларуску».

Канадскі навуковец прапануе больш дакладны рэцэпт развіцця нацыянальнай ідэнтычнасці:

«Варта памяняць той спосаб успрыняцця мінуўшчыны, які пануе ў грамадстве, і найперш у маладых, — кажа Марплз. — Працэс развіцця можа запатрабаваць цэлага пакалення. Параўнайце з уэльскім выпадкам: яны пачыналі [вяртанне роднай мовы] з пачатковай школы»

Паводле меркавання аднаго з самых славутых беларусазнаўцаў у свеце, у Беларусі пакуль варта выкарыстоўваюць любыя магчымасці пазбаўлення ад ізаляцыі, у тым ліку камунікацыі ў час чэмпіянату па хакеі і сацыяльныя сеткі.

comments powered by Disqus
 
In 0.0674 seconds.