Стэфан Эрыксан стане першым амбасадарам Швэцыі ў Беларусі

Кіраўнік Аддзяленьня Амбасады Швэцыі ў Менску Стэфан Эрыксан ужо добра вядомы беларусам, у першую чаргу сваёй падтрымкай беларускай культуры й разьвіцьця грамадзкай супольнасьці. Шмат у чым дзякуючы яму палепшыліся й паглыбіліся ўзаемаадносіны паміж Беларусьсю й Швэцыяй. Неўзабаве паўстала пытаньне аб адкрыцьці паўнавартаснай амбасады. На радасьць беларусам, ачоліць яе Стэфан Эрыксан — такое рашэньне прыняў сёньня швэдзкі ўрад.


Фота Юры Сідуна з фотаблогу "Стэфан Эрыксан а шостай раніцы".

Гэтая навіна ёсьць добрым падарункам да Дня Незалежнасьці Швэцыі, які адзначаўся тыдзень таму. Тады госьці Аддзяленьня Амбасады Швэцыі абмяркоўвалі між сабой, калі ж нарэшце адкрыецца амбасада і хто яе ачоліць.

12 чэрвеня 2008 года рашэньнем швэдзкага ўраду на пасаду кіраўніка дыпляматычнай місіі Швэцыі ў Рэспубліцы Беларусь прызначаны Стэфан Эрыксан. Плянуецца, што да сваіх новых абавязкаў ён прыступіць напрыканцы лета.

Стэфан жыве ў Беларусі з 2005 году. За гэты час ён ня толькі пасьпеў добра вывучыць беларускую мову ды песьні NRM, перакласьці на швэдзкую апавяданьне Васіля Быкава, але й палепшыць адносіны між нашымі краінамі ў іншых сфэрах: беларусы пачалі цікавіцца швэдзкай мовай і культурай, а швэдзкія бізнэсоўцы — актыўней супрацоўнічаць зь беларускімі (напрыклад, у 2007 годзе швэдзкія інвэстыцыі ў РБ вырасьлі ў дзесяткі разоў).

Generation.by шчыра віншуе Стэфана й жадае яму плённай працы ў новай якасьці.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0601 seconds.