Сучасная музыка ад сучасных жанчын, літаратура, кіно і фотавыставы – пачынаюцца Дні культуры Швэцыі

Аддзяленьне амбасады Швэцыі ў Менску рэгулярна радуе культурніцкімі падзеямі. Нядаўна прайшлі паказы фільмаў культавага рэжысэра Інгмара Бэргмана, у мінулым месяцы «Піпі Доўгаяпанчоха» выйшла ў беларускім перакладзе, а на гэтым тыдні стартуюць Дні культуры Швэцыі. Імпрэзы пройдуць з 21 траўня па 5 ліпеня па чатырох напрамках: літаратура, кіно, фота і музыка. Што будзе незвычайнага, расклад падзеяў — у матэрыяле.­

 

Сьвяты традыцыйна прымеркаваныя да Нацыянальнага Дня Швэцыі (Дзень швэдзкага сьцяга), якія ладзяцца ў Беларусі Аддзяленьнем амбасады Швэцыі ў Менску ўжо ў сёмы раз. Пра асаблівасьці сёлетніх сьвятаў распавёў на сустрэчы з журналістамі 16 траўня кіраўнік аддзяленьня амбасады Швэцыі ў Менску Стэфан Эрыксан.

Сёлета швэдзкая культура «праедзе» па ўсёй Беларусі — Ад Полацку да Лунінца:

«У Полацку мы першы раз, але натуральна, нам цікава правесьці літаратурныя дні ў самым старажытным горадзе Беларусі. Пабудзем і на поўначы, і на поўдні краіны».

Стэфан Эрыксан падкрэсьліў, што пры падрыхтоўцы такіх сьвятаў, яны заўжды кіруюцца прынцыпам супольнасьці, таму і ў канцэртах, і ў літаратурных імпрэзах удзельнічаюць як швэды, так і беларусы. Да прыкладу, у літаратурных днях Швэцыі прымуць удзел і беларускія сучасныя літаратары. Запрашэньні ўжо атрымалі Валянцін Акудовіч, Вольга Іпатава, Арцём Кавалеўскі, Ярына Дашына, Віка Трэнас і іншыя літаратары. Швэдаў прадставяць Сіла Наўман — пісьменьніца і журналістка найбуйнейшай швэдзкай штодзённай газэты, паэтка Іда Бёр’ель, паэтка і празаік Солья Крапу, Андэш Будэгорд — перакладчык з польскай і францускай моваў на швэдзкую. 

Тое, што жанчынаў сёлета на Днях культуры Швэцыі шмат, не супадзеньне, а адмысловая швэдзкая палітыка, бо «раўнапраўе — гэта па-швэдзку».

Што да музычнай часткі, то адмысловы канцэрт «Сучасная музыка ад сучасных жанчын» напоўніцу адлюструе, што зь сябе ўяўляе швэдзкая «жаночая» музыка. 7 чэрвеня выступяць жаночыя гурты розных стыляў Lowood і Tikkli me. Ды-джэй таксама жанчына — DJ Furious Fiesta. Зь беларускага богу імпрэзу падтрымае гурт з жаночым вакалам — «Індыга».

Уявіць швэдзкую культуру без кіно складана. Для кінааматараў прапануюць 8 мастацкіх і 8 кароткамэтражных швэдзкіх фільмаў сучасных рэжысэраў. Усе фільмы — 2006–2007 гады, з расейскімі тытрамі.

Нехта з прысутных на прэс-канфэрэнцыі задаў пытаньне, ці няма плянаў у швэдзкага аддзяленьня дамаўляцца аб трансьляцыі швэдзкіх фільмаў на нацыянальных беларускіх каналах. На што Стэфан Эрыксан аджартаваўся: «Швэдзкія сэрыялы, мабыць, лепш не паказваць:)»

Дні культуры Швэцыі ў Беларусі 2008 

Сучасная швэдзкая фатаграфія

У межах прадстаўленьня сучаснай швэдзкай фатаграфіі, пройдзе дзьве выставы: «Белае мора — чорнае мора» знакамітага швэдзкага фатографа Енца Ластхэйна і выстава маладых швэдзкіх фатографаў «Балянсуючы паміж Стакгольмам і Менскам».

Цікава, што прадстаўленыя ў «Балянсуючы паміж Стакгольмам і Мінскам» фота — гэта дыплёмныя працы маладых швэдзкіх фатографаў. Як распавялі прадстаўнікі швэдзкага аддзяленьня, гэтыя фатографы актыўна супрацоўнічаюць зь беларускай фоташколай, таму ў наступным годзе ёсьць пляны зладзіць супольную беларуска-швэдзкую фотавыставу.

  • «Белае мора — чорнае мора»
    Енц Ластхэйн
    28 траўня — 29 чэрвеня
    Галерэя «Мир фото» (вул. Прытыцкага, 10)
    Адкрыцьцё выставы 28 траўня ў 18.00
  • «Балянсуючы паміж Стакгольмам і Менскам»
    Выстава маладых швэдзкіх фатографаў
    14 чэрвеня — 5 ліпеня
    Музэй сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасці, 47)
    Адкрыцьцё выставы 14 чэрвеня ў 17.00

Музычная частка Дзён культуры Швэцыі

  • Канцэрт «Сучасная музыка ад сучасных жанчын»
    Lowood, Tikkli me, DJ Furious Fiesta, Indiga
    7 чэрвеня, 19.00
    Клюб «Night star» (вул. Свярдлова, 2),
    Тэлефоны для даведак: Velcom (029) 6555596 альбо MTC (033) 6555596

Літаратурныя Дні Швэцыі

  • Полацак
    21 траўня 2008 г., 16:00
    Музэй-бібліятэка Сімяона Полацкага (вул. Леніна, 22)
  • Менск
    22 мая 2008 г., 18:00
    Палац мастацтва (вул. Казлова, 3)
  • Лунінец
    23 траўня 2008 г., 13:00
    Прафэсійны ліцэй прыборабудаваньня (вул. Чэхава, 10-А)
  • Баранавічы
    24 траўня 2008 г., 16:00
    Цэнтральная гарадзкая бібліятэка ім. Таўлая (вул. Леніна, 51)

Удзельнікі: Сіла Наўман (Cilla Naumann) — пісьменьніца і журналістка найбуйнейшай швэдзкай штодзённай газэты Dagens Nyheter; Іда Бёр’ель (Ida Börjel), паэтка; Солья Крапу (Solja Krapu), паэтка і празаік; Андэш Будэгорд (Anders Bodegård), перакладчык з польскай і францускай моваў на швэдзкую.

Фэстываль сучаснага швэдзкага кіно 

  • 4-13 чэрвеня ў Менску
    к-тр «Цэнтральны» (пр. Незалежнасьці, 13)

Мастацкія фільмы:

  • Па Божай волі/ Om Gud vill, 2006
    Рэжысёр: Амір Чамдзін, меладрама/рэтрамеладрама, 87 хвілін 
  • Дзеці ўскраін/Förortsungar, 2006
    Рэжысёры: Ільва Густаўсан і Каці Эдфельд, камэдыя/драма, 96 хвілін
  • Ніна Фрыск/ Nina Frisk, 2007
    Рэжысёр: Марыя Блюм, камэдыя/мелядрама, 83 хвіліны
  • Той, каго кахаеш/ Den man älskar, 2007
    Рэжысёр: Оке Сандгрэн, драма, 92 хвіліны
  • Ты, жывы!/ Du levande! 2007
    Рэжысёр: Рой Андэрсан, псыхалягічная драма, 95 хвілін
  • Калі прыходзіць цемра/När mörkret faller, 2006
    Рэжысёр: Андэш Нільсан, драма/трылер, 133 хвіліны
  • Любая/ Darling, 2007
    Рэжысёр: Юхан Клінг, драма з элемэнтамі камэдыі чорнага гумару, 94 хвіліны
  • Чорная гваздзіка/ Svarta nejlikan, 2006
    Рэжысёр: Ульф Хультберг, драма/трыльлер, 95 хвілін

Кароткамэтражныя фільмы:

«Аўтабіяграфічная сцэна нумар 6882», Рэжысёр: Рубен Эстлюнд
«Сум, карма, тыгр», Рэжысёры: Мія Хультэрстам і Сесілія Актыс
«Брат мой», 10 хвілін. Рэжысёр: Енс Юнсан
«Каханьне і вайна», Рэжысёр: Фрэдрык Эмільсан
«Шахматы», Рэжысёр: Перніла Хіндсефельт
«Люстэрка», Рэжысёр: Эрык Росенлюнд
«Жанчына і грамафон», Рэжысёры: Ёханес Шэрне Нільсан, Ула Сімансан
«Канцэрт для адной кватэры і шасьці ўдарных», Рэжысёры: Ула Сімансан,
Ёханес Шэрне Нільсан

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0597 seconds.