«Падарожжа Бэргмана на Ўсход»: прыпынак у Менску

Учора адбылося адкрыцьцё фэстывалю-рэтраспэктывы швэдзкага рэжысэра Інгмара Бэргмана «Падарожжа Бэргмана на Ўсход». У цырымоніі адкрыцьця ўзялі ўдзел кіраўнік Аддзяленьня Амбасады Швэцыі Стэфан Эрыксан і кінакрытык Максім Жбанкоў. Паказы ў Менску пачаліся з «Выспы Бэргмана» — апошняга шчырага расповеду Бэргмана пра сябе і сваіх дэманаў.

 

Стэфан Эрыксан прызнаўся, што адкрыў для сябе Бэргмана ў даволі сур’ёзным узросьце. Дагэтуль, кіруючыся стэрэатыпамі, ён лічыў кінамастацтва гэтага выбітнейшага швэда надта складаным і элітарным. Насамрэч, «гэта проста добрае кіно», — лічыць Стэфан.

Вялізарная праца была зробленая ў перакладзе стужак на беларускую мову. Пераклад атрымаўся вельмі якасным, у выкананьні прафэсійнай акторкі. Так што ад фільмаў — падвоенае задавальненьне. Больш таго, па эўрапейскай традыцыі, ёсьць магчымасьць паглядзець стужкі і на мове арыгіналу. У гэтым сэнсе пашанцавала толькі менчукам — у кінатэатры «Перамога» з 25 па 29 лютага, а 17.00 адбудуцца сэансы без перакладу. Дарэчы, вывучэньне швэдзкай мовы становіцца ўсё больш папулярным.

Фэстываль ужо прайшоў у Берасьці і Магілёве. Тыя, хто ўчора ня здолеў перанесьціся на «Выспу Бэргмана», каб бліжэй пазнаёміцца з рэжысэрам, маюць шанец зазірнуць у ягоны сусьвет праз люстэрка ягоных шэдэўраў:

  • Жанчыны ў чаканьні
    «Перамога» — 19.02.08, а 19.00
    без перакладу — 26.02.08, а 17.00
  • Лета з Монікай
    «Перамога» — 20.02.08, а 19.00
  • Мары
    «Перамога» — 21.02.08, а 19.00
    без перакладу — 27.02.08, а 17.00
  • На краі жыцьця
    «Перамога» — 22.02.08, а 19.00
  • Нічога ня кажучы пра жанчын
    «Перамога» — 23.02.08, а 19.00
    без перакладу — 25.02.08, а 17.00
  • Шэпт і крыкі
    «Перамога» — 24.02.08, а 19.00
    без перакладу — 28.02.08, а 17.00
  • Восеньская саната
    «Перамога» — 25.02.08, а 19.00
    без перакладу — 29.02.08, а 17.00
  • Фані і Аляксандар
    «Перамога» — 26.02.08, а 19.00

«Выспа Бэргмана» — гэта апошняе шчырае інтэрвію, якое Інгмар даў у сваім жыцьці. Разам зь ім мы пераносімся на выспу Фаро — улюблёныя мясьціны рэжысэра, дзе ён вырашыў застацца назаўсёды пасьля выхаду стужкі «Сарабанда», прэм’ера якой адбылася ў 2003.

Інгмар распавядае пра складаныя ўзаемаадносіны з прыгажуняй-маці і тыранам-бацькам, пра лёгкія і нядоўгатэрміновыя адносіны з жанчынамі, пра сваіх дэманаў і разуменьне сьмерці. Быў і вельмі пацешны выпадак у ягоным жыцьці: зусім нечакана яго забралі са сцэны тэатру, калі ён рэпетаваў з трупаю спэктакль, у пастарунак — ён не заплаціў падаткаў на дзьве тысячы крон. У восемдзесят год Бэргман не згубіў задору і пачуцьця гумару. Па ягоных жа словах, «пераходны ўзрост скончыўся толькі ў 57 год».

 

Гэтае знаёмства з рэжысэрам-легендай троху зьмяняе ўспрыманьне ягоных фільмаў, але з «Выспай Бэргмана» ці безь яе, сьвята менскіх кінааматараў працягваецца.

Фота: Аддзяленьне Амбасады Швэцыі ў Менску і Швэдзкая база выяваў 

SlaDa 13:08, 19/02/2008 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0587 seconds.