Бэргман і Антаніёні пайшлі з жыцьця

За адзін дзень, 30 ліпеня, ня стала адразу двух вялікіх рэжысэраў: Інгмара Бэргмана і Мікелянджэла Антаніёні. Абодва яшчэ пры жыцьці сталі клясыкамі і даказалі, што кінематограф можа быць мастацтвам. Калі верыць легендзе, што душы памершых запальваюцца зоркамі на небе, то Бэргман і Антаніёні – гэта цэлыя сузор’і.

Антаніёні

Інгмар Бэргман

Інгмар Бэргман памёр 30 ліпеня на 89 годзе жыцьця на востраве Фаро (Балтыка). А нарадзіўся 14 ліпеня 1918 у Швэцыі, у горадзе Ўпсала. Скончыў Стакгольмскі ўнівэрсытэт, дзе вывучаў літаратуру і гісторыю мастацтваў. Прафэсійна працаваць у кіно пачаў у 1941, рэдагуючы сцэнары. Хутка Бэргман напісаў свой уласны сцэнар «Цкаваньне» (Hets), які быў экранізаваны ў 1944.

Бэргмана па праву называюць «паэтам кінематографа». Адзін зь ягоных самых знакамітых фільмаў – «Фаньні і Аляксандр» - зьяўляецца падсумаваньнем жыцьця Бэргмана як рэжысэра. Радасьці і жахі дзяцінства сфармавалі ўяўленьні рэжысэра.

Бэргман лічыцца лідэрам у так званым «аўтарскім кіно» (auteur), ягоныя фільмы прасякнутыя асабістым візуальным бачаньнем, пошукамі адказаў на пытаньні любві, сьмерці і Бога. У ягоных карцінах і пошукі ўласнага «я», і сэксуальныя адхіленьні, і непаразуменьне між людзьмі.

Сярод закранаемых тэмаў ясна праглядваюцца ўзаемаадносіны між мужам і жонкай, бацькамі і дзецьмі. Зразумела, што гэта тэма не магла не хваляваць чалавека, які быў пяць разоў жанаты і меў васьмярых дзяцей.

Таму тэатар і кіно – гэта своеасаблівы пабег ад сямейнага жыцьця, у якім прыватныя пачуцьці моцна прыціскаюцца.

Аднойчы ён сказаў:

«Мае карціны – заўсёды частка маіх думак, эмоцыяў, перажываньняў, мараў, жаданьняў. Часам яны паўстаюць з былога,  а часам – вырастаюць зь цяперашняга.»

Вудзі Ален назваў Бэргмана «лепшым кінамастаком з часоў стварэньня кінакамэры».

А ў 2004 Бэргман прызнаўся, што ня можа глядзець уласныя фільмы, бо яны робяць яго глыбока няшчасным.

Польскі рэжысэр Анджэй Вайда моцна ўдзячны Бэргману, бо ён:

«Даў надзею, што калі мы захочам сказаць штосьці пра нас саміх, сьвет гэта пачуе.»

Рэжысэрскі дэбют Бэргмана адбыўся ў 1946: фільм «Крызыс» стаў першым з больш чым пяцідзесяці.

Але сапраўдная слава прыйшла зь дзьвюма казкамі пра ўсёпаглынаючае каханьне: «Летняя інтэрлюдыя» (1951) і «Лета з Монікай» (1953).

Сярод найбольш вядомых карцінаў, якія прынесьлі яму сусьветную славу, «Сунічная паляна», «Фані і Аляксандр», «Шэпты і крыкі», «Сёмая пячатка», «Сцэны сямейнага жыцьця».

Самаго Бэргмана намінавалі на дзевяць Оскараў у перыяд 1960-1984, а тры ягоных фільма атрымалі Оскара як лепшае замежнае кіно.

Стаўшы легендай кінематографа, Бэргман не забываўся на тэатар: ставіў Шэкспіра, Ібсэна, Чэхава, Стрындбэрга.

Мікелянджэла Антаніёні

У адным зь інтэрвію на пытаньне, што б ён рабіў у сьвеце, дзе не існуе кінематографа, Антаніёні адказаў: «Фільм».

Мікелянджэла Антаніёні нарадзіўся 29 верасьня 1912 у італійскім гарадку Фэрара. У Балёнскім унівэрсытэце атрымаў дыплём эканаміста, хаця сьпярша пачаў вывучаць філялёгію, потым стаў журналістам, а зараз вядомы кожнаму як адзін з апірышчаў ня толькі італійскага, але і сусьветнага кінематографа.

Прысьвяціць сваё жыцьцё кінематографу Антаніёні канчаткова вырашыў у 1939 – і пераехаў у Рым, дзе працаваў у афіцыйным фашысцкім часопісе «Cinema», але сышоў з-за непаразуменьня з рэдакцыяй. Пасьля гэтага пачынае вывучаць кінарэжысуру.

Першы сцэнар піша разам з самім Рабэрта Расэліні для фільма «Un pilota ritorna». ­А дэбютны фільм Антаніёні быў пра жыцьцё паўночнаіталійскіх маракоў «Gente del Po».

У 1950 выходзіць першы поўнамэтражны фільм «Хроніка аднаго каханьня» (Cronaca di un amore), дзе, як і ва ўсіх працах рэжысэра, на першым пляне ня вонкавыя матывы сюжэту, а ўнутраны стан пэрсанажаў і іхнія ўзаемаадносіны. Але карціна не была заўважана кінематаграфічным сьветам.

Потым былі яшчэ спробы прыцягнуць увагу, але ня вельмі пасьпяховыя. Знаёмства з актрысай Монікай Віці прынесла яму ня толькі каханьне, але і творчы посьпех. Актрыса зьнялась у галоўнай ролі ў фільме Антаніёні «Прыгода» (L'avventura, 1960), які ня моцна спадабаўся публіцы з-за адсутнасьці вострага сюжэта і засяроджанасьці на ўнутраных перажываньнях, аднак атрымаў Гран-пры ў Каннах.

Лічыцца, што разам з наступнымі карцінамі - «Ноч» (La notte, 1961), «Зацьменьне» (L'eclisse, 1962) і «Чырвоная пустыня» (Il deserto rosso, 1964), у якіх таксама зьнялася Моніка Віці – «Прыгода» утварае своеасаблівую тэтралёгію. А першы каляровы фільм Антаніёні «Чырвоная пустыня» дагэтуль лічыцца непераўзыдзеным шэдэўрам у выкарыстаньні колера.

Пасьля Антаніёні шмат здымае па-за межамі Італіі. Сапраўдны камэрцыйны посьпех яму прыносіць фільм «Фотапавелічэньне» (Blowup) (адно са спорных пытаньняў сусьветнай кінакрытыкі: ці было апавяданьне Хуліё Картасара «Сьліна д’ябла» асновай сюжэту). У гэты час Мікелянджэла растаецца з Монікай Віці, якая працягвае сваю кар’еру ў ня меней знакамітых рэжысэраў, напрыклад, у Бунюэля.

Потым Антаніёні здымае ў Штатах, але «Забрыскі Пойнт» (Zabriskie Point), музыка да якога стваралася разам з Pink Floyd, быў камэрцыйным правалам і не спадабаўся амэрыканскаму ўраду. Таксама не да спадобы ўладам, на гэты раз ужо кітайскім, прыйшоўся дакумэнтальны фільм «Кітай» (Chung Kuo).

У 1975 Антаніёні здымае фільм «Прафэсія - рэпарцёр» (Professione: reporter / The Passenger) з Джэкам Нікалсанам у галоўнай ролі.

У 1980-х рэжысэр экспэрымэнтуе ў галіне рэклямы і відэакліпа.

У 1985 у Антаніёні здараецца другі інсульт, які прыводзіць да параліча правай частцы цела і страты мовы. Цягам дзесяцігодзьдзя рэжысэр ня ставіць поўнамэтражных карцін. Толькі ў 1995 пры дапамозе нямецкага рэжысэра Віма Вэндэрса быў пастаўлены новы фільм Антаніёні па матывам ягонай кнігі 1970-х «За аблокамі» (Par-delà les nuages). Апошні свой фільм – «Эрас» (Eros) – рэжысэр зьняў у 2004.

«Фільмы Антаніёні ўражваюць ня тым, што яны добрыя, а тым, што яны ўвогуле былі зьнятыя.» (Сэймар Чатман)

Мікелянджыо Антаніёні, майстра мадэрнісцкага эстэтычнага кіно, таксама вядомы як пісьменьнік і мастак.

Фільмы абодвух рэжысэраў ня раз паказваліся ў Менску ў межах тыдняў швэдзкага і італійскага кіно.

SlaDa 17:50, 31/07/2007 | Артыкулы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0623 seconds.