«Піпі Доўгаяпанчоха» Астрыд Ліндгрэн перакладзеная на беларускую мову

Яшчэ адна сусьветнавядомая дзіцячая гераіня заразмаўляла па-беларуску. Да Віні Пыха і Карлсана далучаецца Піпі Доўгаяпанчоха. 10 красавіка Аддзяленьне Амбасады Швэцыі ў Менску прэзэнтуе першы беларускі пераклад аднайменнай аповесьці Астрыд Ліндгрэн. А з 12 па 18 красавіка з героямі швэдзкай казачніцы можна будзе сустрэцца ў кінатэатрах.­


Малюнак з internationalhero.co.uk

Прэзэнтацыя кнігі «Піпі Доўгаяпанчоха» адбудзецца 10 красавіка а 17.30 у мастацкай галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі. Гэтая імпрэза — частка культурніцкай праграмы Аддзяленьня Амбасады Швэцыі ў Менску на бягучы год.

Астрыд Ліндгрэн — адна з самых вядомых у сьвеце і, безумоўна, самая знакамітая ў Швэцыі дзіцячая пісьменьніца. Яна разумела пачуцьці і патрэбы дзяцей лепш, чым псыхолягі і валодала рэдкай здольнасьцю казаць пра складаныя філязофскія праблемы з пазыцый дзіцяці. 

Прыкладам таму «Піпі Доўгаяпанчоха» — кніга пра самую моцную, вясёлую, рудую і дзівосную дзяўчынку ва ўсім сьвеце (Піпі лёгка падымае каня на выцягнутых рукох, гатуе імбірнае печыва проста на падлозе, да таго ж яна аб’ездзіла ўвесь сьвет і зьбіраецца стаць піраткай, калі вырасьце).

На прэзэнтацыі першага беларускага выданьня «Піпі Доўгайпанчохі» будуць прысутнічаць дачка Астрыд Ліндгрэн Карын Нюман — тая самая дзяўчынка, якая шмат гадоў таму прыдумала імя для гераіні і натхніла пісьменьніцу на напісаньне гэтага твору, вядомая швэдзкая літаратуразнаўца і пісьменьніца Ула Лундквіст, а таксама перакладчык кнігі Зьміцер Плакс.

З 12 па 18 красавіка 2008 пойдзе фэстываль дзіцячага швэдзкага кіно, прысьвечаны 100-гадоваму юбілею пісьменьніцы «Казачны сьвет Астрыд Ліндгрэн». 

Менск, к-р «Цэнтральны»
12 красавіка, 11.00 і 13.00 «Кале Блюмквіст і Размус»
13 красавіка, 11.00 і 13.00 «Ты здурнела, Мадзікен?»
14 красавіка, 13.00 і 15.00 «Ронья, дачка разбойніка»
Гомель, к-р ім. Калініна
16 красавіка, 14.00 «Ты здурнела, Мадзікен?»
17 красавіка, 14.00 «Ронья, дачка разбойніка»
18 красавіка, 14.00 «Кале Блюмквіст і Размус»

Паводле прэсавай службы Аддзяленьня Амбасады Швэцыі ў Менску

13:32, 02/04/2008 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0626 seconds.