Аддзяленьне амбасады Швэцыі адкрыла беларускамоўны сайт

Швэцыя стала яшчэ бліжэй — сёньня запрацаваў сайт Аддзяленьня амбасады Швэцыі ў Менску. Па словах кіраўніка Аддзелу Стэфана Эрыксана, «гэта будзе не самы жывы сайт», але ўся інфармацыя аб дзейнасьці Аддзяленьня зараз даступная кожнаму на беларускай і швэдзкай мовах. Сайт аздоблены па ўзоры сайтаў швэдзкіх амбасадаў па ўсім сьвеце.

­

Што вельмі зручна, на сайце можна знайсьці і форму для атрыманьня візы. Тым больш актуальна ў сьвятле хуткага адкрыцьця паўнавартаснай Амбасады Швэцыі, а другой палове году.

А пакуль Аддзяленьне на чале са Стэфанам працуе ў звычайным рэжыме — то бок, прапануючы беларусам цэлы шэраг культурніцкіх праектаў і падзеяў.

Што чакае беларусаў бліжэйшым часам?

Ключавымі імёнамі, якія задаюць накірунак працы Аддзяленьня, а хутка і Амбасады, ёсьць Астрыд Ліндгрэн, Інгмар Бэргман і Карл Лінэй.

Стагодзьдзе знакамітай казачніцы адсьвяткавалі ў мінулым годзе, але бязь ейнага ўдзелу не абыдзецца і бягучы год. Так, ужо можна набыць перакладзенага на беларускую мову «Карлсана», прычым на тарашкевіцы. Хутка пабачыць сьвет і Піпі-Доўгаяпанчоха.

300 год сёлета спаўняецца Карлу Лінею. Ён быў, што б там не сьпявалі N.R.M. У гонар вялікага навукоўцы пройдзе вандруючая выстава, праўда не чарапах і кітоў, а фотаздымкаў расьлін. У выставы два назовы: «Гербарый каханьня» і больш інтрыгуючы «Аб сэксуальным жыцьці расьлін».

Адразу пасьля Лацінскай Амэрыкі макраздымкі можна будзе пабачыць цягам месяцу з 13 сакавіка ў Нацыянальным музэі гісторыі і культуры.

Да вялікага жалю, у мінулым годзе сышоў з жыцьця вялікі рэжысэр Інгмар Бэргман. З 11 па 25 лютага ў Менску, Магілёве і Берасьці ўвазе беларускіх аматараў будзе прадстаўлена рэтраспэктыва 9 фільмаў, адмыслова падрыхтаваная для Ўсходняй Эўропы. Прыемным сюрпрызам стане пераклад на беларускую мову. Таксама будзе магчымасьць паглядзець адзін фільм на мове арыгіналу з ангельскімі субтытрамі.

­­ З улікам астатніх мерапрыемстваў, графік швэдзка-беларускіх культурніцкіх выглядае наступным чынам:

18.01 — 02.03 Выстава швэдзкай графікі «Праз традыцыю ў будучыню» у Гародні (Гарадзенскі дзяржаўны гісторыка-археалягічны музэй, вул. Замкавая 20)

Выстава «Падарожныя нататкі Эўропа» яшчэ напрыканцы мінулага году пачала вандроўку па Беларусі:

18.12.07 — 20.01.08 Менск, Музэй сучаснага выяўленчага мастацтва;
24.1. — 07.03.08 Гомель, Карцінная галерэя Г. Х. Вашчанкі;
13.03. — 20.04.08 Магілёў, Абласны мастацкі музэй імя П. В. Масьленікава;
24.04. — 31.05.08 Гародня, Дзяржаўны гісторыка-археалягічны музэй;
05.06. — 06.07.08 Баранавічы, Выставачная заля Краязнаўчага музэя;
10.07. — 31.08.08 Берасьце, Музэй «Выратаваныя мастацкія каштоўнасьці» і Абласны
краязнаўчы музэй;
04.09. — 05.10.08 Полацак, Мастацкая галерэя

11–25.02.08 у Менску, Магілёве і Берасьці адбудзецца фэстываль кіно «Падарожжа Бэргмана на ўсход»

06 — 10.02.08 Аддзяленьне пасольства Швэцыі традыцыйна прыме ўдзел у XV Менскай міжнароднай кніжнай выставе «Кнігі Беларусі 2008» 

13.03 — 13.04.08 у Нацыянальным музэі гісторыі і культуры будзе экспанавацца выстава швэдзкага фатографа Эдварда Кайнбэрга «Гербарый каханьня» альбо «Аб сэксуальным жыцьці расьлін», прысьвечаная Карлу Лінэю

Таксама адбудзецца прэзэнтацыя перакладу кнігі Астрыд Ліндгрэн «Піпі Доўгаяпанчоха», а па творчасьці гэтай вядомай швэдзкай пісьменьніцы адбудзецца сэмінар для бібліятэкараў.

­­
SlaDa 19:44, 16/01/2008 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.088 seconds.