5 рэчаў, якія трэба ведаць пра фэстываль Басовішча

Што такое Басовішча

«Басовішча» – фэстываль музыкі маладой Беларусі. Заснаваны ў пачатку 90-х Беларускім аб’яднаньнем студэнтаў у Польшчы (БАС), сябры якога і ладзяць фэстываль штогод. Гэта фэст пад адкрытым небам, у намётах і зь, пераважна, беларускай рок-музыкай. Зараз гэта найбуйнейшы беларускі фэст. Толькі праходзіць ён у Польшчы – зусім недалёка ад беларускай мяжы, у мястэчку Гарадок Беластоцкага ваяводзтва, а калі зусім дакладней – у лесе (у борыку) на ўскрайку Гарадка.

Беласточчына, дзе і знаходзіцца самая моцная суполка БАС, - гэта гістарычная Беларусь. Таму ў гаворцы мясцовых жыхароў можна пачуць беларускую мову. Сам фэст ладзіцца пры фінансавай падтрымцы польскага ўраду ў межах праграмы падтрымкі нацыянальных меншасьцяў – беларусаў, значыць.

Басовішча ладзіцца штогод у ліпені – прыкладна другая палова месяца, пятніца-субота. У 2007 жа годзе Басовішча ўпершыню пройдзе ў 3 дні – чацьвер-субота.

Традыцыйна фэст мае тры часткі: вольная сцэна, конкурс маладых беларускіх гуртоў, выступы зорак і гасьцей фэсту (Беларусь, Польшча, Літва, Україна, Італія і інш.)

Конкурсная частка фэсту дае шанец маладым беларускім камандам атрымаць запіс альбому ў польскай студыі. Ёсьць фінансавыя ўзнагароды, каштоўныя прызы (гітара, напрыклад) і інш. Ужо традыцыйна перад конкурснай часткай на Басовішчы ў Беларусі ладзіцца адбор маладых гуртоў, які з 2006 году атрымаў назоў Адборышча.

Дух свабоды, авантурызму, сьвята і добрага гуку – тое, што прыцягвае людзей на фэст.

Праграму фэста можна знайсьці на сайце Басовішча.

А ўсе навіны з падрыхтоўкі да штогадовага фэсту – на generation.by ў адмысловай сэкцыі публікацыяў: «Басовішча».

Візавае пытаньне

Відавочна, без візы ў Польшчу ня трапіш. І пры зборах на Басовішча пра візу лепш узгадаць раней, чым непасрэдна перад выездам на фэст. Кошт аднаразовай польскай візы – 5 эўра. Запрашэньне не патрэбнае. Варта толькі мець настойлівасьць і час, каб адстаяць чэргі пад польскім кансулятам.

Пералік усіх дакумантаў для візы ёсьць на старонках generation.by. А ў форуме пра Басовішча-2007 народ дзеліцца ўласнымі ўражаньнямі і практычнымі парадамі.

Але галоўная выснова такая – лепш з атрыманьнем візы не зацягваць.

Як даехаць

Гэты пункт хутчэй з шэрагу як даехаць да Польшчы. Сам фэст – недзе 20 кілямэтраў ад беларускай мяжы. Лепей абіраць мытныя пераходы Баброўнікі альбо Кузьніца Беластоцкая - Брузгі.

А ехаць можна цягнікамі, аўтобусамі, уласным аўто ці аўтаспынам.

  • Аўтаспын
    Самы танны і наўпросты шлях патрапіць на фэст. Хто не баіцца авантураў, любіць прыгоды і верыць у людзей – намёт у заплечнік – і на шашу! Наш марштур і парады – у дзёньніку з Басовішча-2005.
  • Уласнае аўто
    Варта адзначыць, што паркоўкі для машынаў непасрэдна ля самога фэсту, у лесе, няма. Зазвычай людзі ставяць свае машыны на пад’езьдзе да борыку, дзе і адбываецца фэст. Часта на польскай мяжы чэргі. Таму лепш разьлічваць час з запасам у некалькі гадзінаў.
  • Цягнік/аўтобус
    Расклад з году ў год можа мяняцца. Усе магчымыя маршруты чыгункаю з коштамі на момант лета-2006 у адмысловым матэрыяле «Чыгункай на Басовішча».
    Многія абіраюць варыянт – цягніком да Горадні, а адтуль – да Беластоку. Ну а ўжо зь Беластоку можна вярнуцца да Гарадка аўтобусам альбо аўтаспынам.
  • Адмысловы аўтобус
    Ёсьць і такая магчымасьць. Штогод розныя маладыя бізнэсоўсы арганізуюць туры на фэст. Задавальненьне абыйдзецца недзе ў 40-50 даляраў. Зазвычай гэтыя грошы на даезд. Пражываньне на месцы сабе арганізуе кожны самастойна.

Дзе там жыць

Для тых, хто першы раз :) Не, гатэлю там няма. Ёсьць, канешне, адзін у Беластоку. Але сам фэст адбываецца на адкрытым паветры – у лесе ці, калі даслоўна, у борыку.

Штогод за сцэнай ладзіцца вялікая пляцоўка для «намётавага гарадка». Усе аматары жывой музыкі зьяжджаюцца на фэст з уласнымі намётамі, спальнікамі і дыванкамі ці маюць сяброў, якія ўсім гэтым забясьпечаныя :).

Тэрыторыя намётавага гарадка ахоўваецца. Таму для жыхароў гарадка ўведзены кошт – 10 злотых. Але каштоўных рэчаў усё ж у намёце лепей не пакідаць. Ёсьць аматары, якія ставяць свае намёты наўпрост у лесе. Але гэта хутчэй госьці з польскага боку.

Паколькі Гарадок – мястэчка невялікае, а фэст даволі маштабны, то распаўсюд мае зьява па назовам «агратурыстыка». Некаторыя заўзятары Басовішча ставяць намёт у двары мясцовых жыхароў, якія жывуць недалёка, за невялікую аплату. Але гэта ўжо як дамовіцца. Зрэшты, у мясцовых жыхароў можна і пераночыць. І нават у лазьню трапіць. Але гэта тым больш калі добра дамовіцца ;).

Піва і ежа – усё можна прыдбаць на месцы. Можна ўзяць шматок сала і з сабою. Але варта памятаць, што на тэрыторыі намётавага гарадка вогнішчы паліць нельга.

Зазвычай раніцай у цэнтры Гарадка (сам фэст – на ўскрайку, але паўсюль можна дайсьці пешшу) адзначаецца вандроўкамі ў Killer-bar. Частыя наведвальнікі Басовішча нават называюць гэты бар мясцовай славутасьцю. Гэта маленечкі бар, дзе зраніцы можна адстаяць у вясёлай чарзе, замовіць каву ці гарбату, а можна піва, супчык, флякі (страва на аматара, але раз у жыцьці паспрабаваць можна). Але галоўнае ў гэтым бары ў час Басовішча – людзі. Там і музыкі, і гледачы – усе туляцца разам. Зраніцы стан ва ўсіх падобны ;)

Прыбіральні? Ёсьць. Арганізатары дамаўляюцца з адпаведнымі службамі, якія прастаўляюць дастатковую колькасьць біяпрыбіральняў. Усё ў зоне дасягальнасьці. А калі патрэбен душ, то, бывалыя людзі кажуць, можна наведацца на аўтазапраўку, што знаходзіцца непадалёку.

На што спатрэбяцца грошы

Квіткоў на фэстываль няма. Гэта проста сьвята музыкі. Таму, усё, на што на месцы можна патраціць грошы – прадукцыя зь лягатыпам фэсту, ежа, піва і яшчэ раз піва, а таксама аплата за тое, каб паставіць намёт на ахоўваемай пляцоўцы. А даезд па грошах – у каго як атрымаецца ;).

Прыблізны курс даляра да злотага на чэрвень 2007 1$=2,8zl

І лепей запасьціся злотымі раней, бо абменьнікаў на месцы няшмат - у ваколіцах ёсьць два штукі. А непасрэдна на тэрыторыі фэсту і зусім няма. Зручны варыянт - памяняць даляры на мяжы.

На што патрацяцца грошы:

  • Намётавы гарадок10 злотых з чалавека.
  • Майка25 злотых. На Басовішчы-2007 будуць майкі 2-х відаў – чорныя і зялёныя. Колеры абіраў непасрэдна ў Беластоку Міхал Анемпадыстаў – рок-паэт, дызайнэр і пераможца конкурса БАС на лепшы лягатып Басовішча-2007. Дарэчы, штогод майкі ў адпаведнасьці з лягатыпам розныя. Таму наведвальнікі фэсту набываюць іх як адмысловыя трафэі. Маўляў, і я там быў. І калі потым у беларускім горадзе сустракаюцца, здавалася б, незнаёмыя людзі, але ў маечках з Басовішча аднаго году – так проста міма адзін аднаго ня пройдуць. Прынамсі, вачыма сустрэнуцца ;)
  • Смыч7 злотых. Гэта такая штука – «матузок» зь лягатыпам, на які можна вешаць мабілку, ключы ці проста прымацаваць яго да папругі джынсаў.
  • Рарытэтныя штучкі. На Басовішчы-2006 гэта ўжо практыкавалася. На аўкцыён была прадстаўленая маечка «ручной» працы Лявона Вольскага – сам намаляваў на майцы. Таму калі хто хоча зрабіць добрае грошаўкладаньне на будучыню ці проста займець рарытэтную якую штукенцыю ад беларускіх музыкаў – грошыкі лепей пры сабе мець. А будзе які аўкцыён ці не – гэта пытаньне іншае.
  • Дыскі. Часта на тэрыторыі фэс­ту вядзецца гандаль музычнымі дыскамі – беларускімі і ня толькі. Сярэдні кошт аднаго – 20 злотых.
  • Піва4 злотых за 0,5. Разьліўное Zubr. Піва Zubr – сталы фундатар фэсту. Таму ў раёне лесу прадаецца толькі яно. Але варта памятаць, што польскае піва – не беларускае. Літрам тут справа не абыйдзецца ;)
  • Ежа. Тут кошты розныя, але прыймальныя. Прадаюцца кілбаскі грыль, бульба фры. Сёлета магчыма будзе суп і нават салаты. І, канешне, традыцыйны бігус – капуста з кілбаскамі і розным іншым мясам, калі пашчасьціць. Зрэшты, можна прагуляцца ў Гарадок – там хапае крамаў – і набыць ёгуртаў, хлеба ці рыбы – на аматара. Таксама зручна схадзіць паесьці на аўтазапраўку, што знаходзіцца непадалёк ад борыка.

Напісала – і як быццам я ўжо там. Трымаю піва, бігус і чакаю першых аўтаспыншчыў.

Да сустрэчы на Басовішчы! :)


Воля Кузьміч 15:32, 20.06.2007 | Басовішча |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0462 seconds.