Саша Ракавец з IQ48: «Галоўнае – гэта жыцьцё, мы самі маладыя, унутры ўсё грае»

Размова зараз пойдзе не пра ўсялякую там драбязу лясную, а пра сапраўдных волатаў музычных гушчароў. “Здаровыя лосі – IQ48” – так традыцыйна вітаюць папулярны альтэрнатыўны гурт. Неўзабаве ў нашу рубрыку далучыўся Эш (Аляксандар Ракавец) – вакаліст IQ48. Усё будзе без падману, бо, згодна тэсту на інтэлект, 48 ёсьць узровень, калі чалавек папросту ня можа схлусіць. Чаму – здагадайцеся самі. 

Эш…

Не-не, не люблю такое. Тое было даўна – рэпавалі, і ў кожнага павінна была быць мянушка…

Нешта ты ня моцна выбіраў, сАШа :)

Аш – гэта попел па-ангельску :). Неяк прывязалася. А зараз толькі зрэдку сябры так называюць.

З чаго ўсё пачыналася? Маленькі Саша…

У дзяцінcтве граў на скрыпцы, на фартэпіяна, у футбол, у баскетбол… Лёгкая атлетыка, некалькі заняткаў усходніх адзінаборстваў. Але гэта ўсё не маё. Потым музыкай заняўся – такой, у якой знайшоў сябе, спачатку захацелася рэп рабіць. Але зразумеў, што ня трэба ставіць сябе ў нейкія рамкі, трэба ўвесь час шукаць штосьці новае, каб цікава было ня толькі табе. І я не пабаюся сказаць, што музыка IQ48 ня ў рамках аднаго стылю, хоць нас там рэперы называюць хард-корам, рокеры – гіп-гопам, а хардкораўцы – рокам. Галоўнае ў нашых песьнях – гэта жыцьцё, мы самі маладыя, унутры ўсё грае…

Як ты і IQ48 знайшлі адзін аднаго? Хто быў першым?

Спачатку быў IQ48, які складаўся ўсяго з двух чалавек: Бузы і Фрэйда, потым далучыўся я. Рэпэтавалі, рэпэтавалі, пачалі выступаць. Склад напачатку быў не жывы, потым назьбіралі хлопцаў і атрымаўся па інструмэнтах такі вось склад, як зараз.

IQ48 сёньня – гэта што?

Лосі, весялосьць, пазытыў, сэкс, паці і ўсё такое…

Якія адносіны склаліся ў «калектыве»?

Нармальныя сяброўскія адносіны…

Пьеце разам, сьпіце разам...?

Так, пьем разам, сьвяткуем разам, здараецца, і сьпім разам, але толькі сьпім, нічога больш такого ня робім :)

А як ты бачыш менавіта сваю ролю ў гурце?

Такая ж роля, як і ва ўсіх нашых хлопцаў. Я не люблю, калі выканаўца адлучаецца ад калектыву, бо тое ёсьць адное цэлае. Мне вельмі не падабаецца, калі кажуць: той-та той-та і гурт такі-та такі-та. Калі б не было нават аднаго з нас, гурт быў бы іншым. 

Якую творчую мэту ты ставіш перад сабой. Зараз распаўсюджана адыходзіць і ствараць сольныя праекты…

Не, нікуды я ад хлопцаў не падзенуся, і ўсё заплянаванае зьвязана з IQ48. Дабіцца посьпеху, каб гурт быў вядомы, каб на канцэрт зьбіралася шмат людзей. Жыць і зарабляць музыкай. А я ў прыватнасьці хацеў бы ўдасканаліць вакал – яйкі вось пью шторанак…

Дык тое ж гідка! Птушынага грыпу не баісься?

Ну, ня гідка, а нават падабаецца, і ніякіх там грыпаў не баюся – прасьпіртаваны нармальна :)

Ну а сваю папулярнасьць адчуваеш? Аўтографы бяруць? Фанаткі плачуць на канцэртах, рвуць адзеньне..?

Ніякай такой папулярнасьці не адчуваю. Не хацелася б каб на цябе глядзелі як на ікону. Галоўнае – каб людзям падабалася твая музыка. Ну а аўтографы бяруць. Калі так – то прыемна, а калі на працы – няёмка неяк. 

IQ48 – гурт вельмі камунікабельны. Якія супольныя праекты ты б вылучыў і зь кім бы яшчэ пасьпяваў?

Усе нашыя дуэты мне падабаюцца, таксама было б цікава зрабіць што-небудзь, прыкладам, з Вайцюшкевічам. Мне б было прыемна сумясьціць гіп-гоп і фанк са сьпевамі Зьмітра. Зараз рыхтуем песьню на словы Анемпадыстава – пра Менск. Падобная тэматыка ёсьць у N.R.M. Але ж тое будзе зусім новая песьня. Здараецца, што розныя музыкі сьпяваюць на аднолькавыя тэмы. Але ж тое – наша рэчаіснасьць, тое нас кранае. З задавальненьнем паўтарыў бы ўдалы досьвед з Вольскім, Памідоравым. Зараз вось з B:N песьню выконваем на канцэртах – “Ляцім на ўсход

З кім сябруем – з тым сьпяваем… На Эўрабачаньне не хацелі б паехаць?

Хацелі б. “Кумбу” згралі б. Жартую, але думаю – знайшлі б чым людзей зьдзівіць.

IQ48, праца ў музычнай краме, супольныя праекты, заўсёды з плэерам цёгаесься… Здавалася б – як тут не стаміцца ад музыкі? Але ж наадварот – неяк цябе нават у філярмоніі на Моцарце бачылі…

Было такое :) Музыка – маё жыцьцё, таму і не стамляюся. А клясыка… Ну мне больш сучасныя яе апрацоўкі падабаюцца. А яшчэ ў краме, калі трэба зачыняцца, а людзі не сьпяшаюцца дахаты – ставім што-небудзь клясычнае – у момант крама пусьцее. Нармальны Моцарт хлапец – хай і найдалей піша музыку :)

Саша! Гены пальцам не раздавіш – наколькі мне вядома, ёсьць у тваёй сям’і слаўныя карані.

Некалькі пакаленьняў таму быў у нас грэк. А другі прадзед пісаў вершы на беларускай мове, а працаваў лясьнічым, чытаў тыя вершы, складу даволі сьмелага, чыноўнікам, што на паляваньне прыяжджалі. Вось і патрапіў у Сібір. Такі быў дзед. Сапраўдны ганста-рэп…

Дык вось у каго ты такі атрымаўся! А героі ў тваім дзяцінстве былі?

Так, усялякія там Шварцэнэгеры, Ван-Дамы… Уся сьценка была ў плякатах…

Ой, ну добра, што ты ня стаў да іх падобным. А сьценка ў плякатах – гэта цікава. Зьміцер Білан, спадзяюся, на мейсцы?

Так, а яшчэ Крыс Кельмі, Ані Вескі.. :) Ну а калі сур’ёзна – таксама і пачкамі ад цыгарэт аблепліваў, маркі зьбіраў, бляшкі з-пад піва, манэтаў усялякіх – цэлая калекцыя.

Як сьведчыць бармэн аднаго “глямурнага” бара, ты кожны раз прыходзіш з новай “сястрычкай”. Няўжо такая вялікая сям’я?

Так, сястрычак у мяне хапае :) А па шчырасьці – цяжка ў асабістым та жыцьці: дзяўчыны не заўсёды разумеюць, што музыка стаіць на першым мейсцы. Але я не люблю нікога крыўдзіць, хаця бывае, канешне, што я такі непастаянны. Мо таму, што ў пошуках ці што, я ж пакуль малады, жаніцца не зьбіраюся…

Ну вось, афіцыйная заява, далей не цікава, да пабачэньня!

Пакуль не зьбіраюся… Дзяўчына перш за ўсё мусіць быць свая, разумець усё, але не патакаць: якую там чарнягу раблю, а яна “Сашачка, Сашачка…”. Такога не люблю. Трэба, каб у яе былі свае погляды, але яна павінна разумець, што такое… сапраўдны рок-н-рол :) 

А прыхільніцы тэлефон не абрываюць?

Ну не, не такая я зорка… Я ж не Дзіма Білан. Ды й тэлефон я свой абы каму не даю, так што ня думаю, каб хто нумар ведаў… 

Дзяўчыны!!! Прадаю нумар! :) Нядорага. А хто вось з зорак табе падабаецца?

Анжаліна Джолі вельмі падабаецца, яшчэ Шарліз Тэрон

А дзеля Анжаліны ахвяраваў бы музыкай?

Ды ну яе, гэтую Анжаліну…

Зіма ідзе… Дэпрэсіі няма?

Ой! Зіму не люблю, і зімой ў мяне дэпрэсія. Не ў пятлю, канешне, лезьці, але настрой благі, шэра ўсё… Я люблю калі цёпленька, каб пад бокам каго пажмякаць :). Але зімой мо пачытаю чаго, калі буду дзе на тахце валяцца. А то зараз часу няшмат. Ня так даўна чытаў Барадуліна, Караткевіча, “Саксафон ЧынгісханаЗьмітра Падбярэзскага. Можна прыкладам Кустурыцу паглядзець – жыцьцясцьвярджальна. Ці Джармуша – мой любімы рэжысэр. У Мексіку б зьезьдзіў, на Ямайку…

Што цябе наймацней уразіла з апошняга прагледжанага?

Я амаль нічога не гляджу. Хіба толькі Эўраньюз. Але так, глябальна – хвалюе, што надвор’е кожны год мяняецца ў горшы бок і хутка будзе канец! Яшчэ вось грынпісаўцаў падтрымліваю.

З хуткай рэакцыяй на падзеі, аптымізмам і ўменьнем заводзіць усіх і ўся айк'юшнікі за час падрыхтоўкі гэтага матэрыялу да зьмяшчэньня на Studenty.by пасьпелі прарвацца ў логава ОНТ, а Саша нават зьдзейсьніў акрабатычны трук - падскочыў у часе выкананьня "Таполяў" на блакітным экране яскравей за Дзіму Білана. А ўчора новы сьпеў "Менск" быў прэзэнтаваны на сьвяточным канцэрце "Бэніфэст Анемпадыстава". Плёну, здароўя і добрых людзей здаровым лосям!

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0578 seconds.