ФэстаЛета: 9 фэстаў, якія яшчэ можна наведаць летам 2007

Калі яшчэ пляны на вандроўкі гэтым летам толькі ў думках - чытайце і складайце свой графік. Прапануем кароткую інфу па 9 фэстах у дастаткова недалёкіх геграфічна ад Беларусі краінах.

У дапамогу зь візавымі пытаньнямі ёсьць парады «Як прарвацца ў Эўропу».

Басовішча – беларускае шчасьце за польскія грошы

  • Хто: беларусы, палякі і аматары беларускай музыкі зь іншых краін
  • Калі: 19 – 21 ліпеня
  • Дзе: Польшча, Беластоцкае ваяводства, Гарадок
  • Колькі: 10 zl (кошт месца для намёта)

Пра Басы было складзена ўжо столькі легендаў і выдадзена столькі інфармацыі, што хапіла б, мабыць, на цэлае энцыкляпэдычнае выданьне кшталту «222 артыкулы пра Басовішча». З новага ў гэтым годзе: працягласьць фэсту - 3 дні, новы каардынатар - Радэк Дамброўскі.

Для тых, хто яшчэ не прачнуўся, 5 рэчаў, якія трэба ведаць пра фэстываль Басовішча.

Шашоры – канчатковае яднаньне з прыродай

Труба кліча! 

  • Хто: хіпі, этна- і фолкмайстры, людзі мастацтва, турысты
  • Калі: 12 – 14 ліпеня
  • Дзе: Украіна, Віньніцкая вобласць, Няміроўскі раён, Варабееўка
  • Колькі: 50 грыўняў (рэгістрацыйны збор)

Цудоўная магчымасьць на некалькі дзён адпачыць у прасякнутай этнічнымі сьпевамі і вобразамі гуцульскай культуры вёсцы на захадзе Украіны.

Падобна да славутага Вудстока, фэстываль Шашоры згубіў геаграфічную сувязь са сваёй назвай і перамясьціўся на ўсход. І дарэмна, але ж цудоўнае курортнае месца ва Украінскіх Карпатах, дзе раней ладзіўся фэст, можна наведаць асобна.

Шашоры ўжо пяты год зьбіраюць прыхільнікаў фолк-музыкі і лэнд-арту. Што такое гэты самы «лэнд-арт» можна даведацца непасрэдна на месцы. А поўнае і канчатковае яднаньне з прыродай зь лёгкасьцю забясьпечаць экаакцыі (велатур) і творчыя майстэрні (габрэйскі народны танец).

Музычная складаючая фэсту даволі разнастайная і радуе наяўнасьцю беларускіх выканаўцаў, пачуць якіх на радзіме апошнім часам даволі складана (Троіца). Тут і карэльская Va-Ta-Ga, якая адразу пасьля выступу вылятае ў Туву, на будысцкі фэстываль Устуу-Хурээ. Швэды-мультыінструмэнталісты Hedningarna падораць свае шаманскія сьпевы, а шматлікія мясцовыя каманды паспрабуюць узяць на сябе галоўную ролю па напаўняльнасьці атмасфэры гуцульскім стылем.

Празь Віньніцу, што зусім недалёка ад месца правядзеньня фэсту, ходзіць беларускі цягнік, таму праблем з дарогай у беларусаў узьнікнуць не павінна. Зь Віньніцы арганізатары абяцаюць забясьпечыць маршрутныя рэйсы аўтобусаў.

RED ALERT OPEN AIR – металічны бляск крымскага сонца

  • Хто: прыхільнікі brutal death, death-grind, grindcore, black і  іншыя наведвальнікі парталу METALLECTION.BY
  • Калі: 2 – 8 жніўня
  • Дзе: Украіна, Крым, забаўляльны комплекс «Солнышко»
  • Колькі: 60 эўра (агулам MHM – 30 эўра)

 

Дах былога санаторыя з такой мілай назвай «Солнышко» на цэлых 7 дзён напоўніцца кампазыцыямі перадавікоў постсавецкай мэтал-індустрыі.

Не вядома, як будзе ўзьдзейнічаць на наведвальнікаў фэсту Чорнае мора, да якога ад комплексу можа якіх 50 мэтраў, аднак музычная праграма мусіць шакаваць і асьляпляць усіх, хто здолее дажыць да апошняга дня фэсту.

Калі разабрацца, то фэстаў тут будзе штукі тры, пры чым кожны сам па сабе ўжо падзея.

Спачатку, з другога па чацьвёртае жніўня выступяць гурты моднай у сучаснай маладзёжнай урбаністычнай супольнасьці «скокавай» гітарнай музыкі. Сярод іх можна знайсьці і мегапапулярных у нас расейцаў JANE AIR, і амбітных ПСІХЕЯ, украінцаў SUBMIND і беларусаў RASTA. Здольнасьць да скокаў апошняй каманды выклікае лёгкую заклапочанасьць, як прынята казаць у МЗС.

Пад час другой частцы фэсту кожны жадаючы ўсяго за 15 эўра атрымае магчымасьць зататуіраваць сваё дарагое цела, потым яго ж запірсінгаваць і зьверху ўсё гэта забодзіартаваць не адыходзячы ад касы. А адчуць экзыстэнцыяльную асалоду ад сваіх новых тату дапаможа спадар Кузьма Скрябін, які па чутках рыхтуе нешта незабыўнае.

У апошнія два дні пройдзе непасрэдна MHM (так зваўся фэст раней, у часы, калі ён быў зусім маленькі і кволы). Што такое сапраўдны мэтал у сучаснай брутальнай прыгажосьці прадэманструюць гіганты амэрыканскага брутал дэза DEICIDE, польскі гурт VADER, славацкі SICKBAG, а таксама некалькі беларускіх гуртоў: M.L.A., IKONA, КОНТУР.

Увогуле ў сьпісе выступоўцаў болей за 30 выканаўцаў. Вось які «нялёгкі» лёс чакае любога, хто наважыцца правесьці тыдзень у цяжкой атмасфэры забойнага мэталічнага року.

Be2gether – памежны рок з ангельскімі хэдлайнэрамі

  • Хто: літоўская і беларуская моладзь, напружаныя памежнікі
  • Калі: 24 – 26 жніўня
  • Дзе: Літва, Нарвіліскі замак
  • Колькі: 88 lt (беларусам зьніжка!)

 

Яшчэ адзін Вудсток, гэтым разам на беларуска-літоўскім памежжы.

Амбіцыйная ідэя літоўскіх уладаў уяўляе сабой абсалютна новы падыход да справы распаўсюджваньня ідэй эўрапейскай інтэграцыі на беларускую моладзь. Бо фэсты на мяжы з нашай краінай, прынамсі, так блізка і на такім высокім палітычным узроўні, арганізоўваць ніхто не спрабаваў (да Басовішча ад Беларусі столькі ж амаль, колькі ад Вільні да мяжы). Таму ўсе жадаючыя, нават і не перасякаючы беларуска-літоўскую мяжу, зь лёгкасьцю пачуюць сьпевы варожага захаду.

А сьпевы гэтыя ўражваюць! Дзеля адных толькі хэдлайнераў мінулых «Крылаў» BLOODHOUND GANG трэба было б атрымаць візу ў Літву і прыехаць на фэст. Другі цікавы гурт – MORCHEEBA, які грае ці то фанк, ці то блюз. Аднак у любым выпадку музыка братоў Godfrey у спалучэньні з мякькім вакалам Jody Sternberg устаўляе канкрэтна.

Натуральна, які фэст у нашыя часы безь беларусаў? Родненькае прадстаўніцтва ў выглядзе даўно і добра вядомых у Эўропе DRUM ECSTASY, адных з самых «пладавітых» на жывыя выступы IQ48 і ЛЯПІС ТРУБЯЦКОЙ... Што яшчэ трэба маладому беларускаму мэляману? Можа толькі літоўцы IR, якія ў прошлым годзе былі заўважаныя на Басовішчы?

Наконт візаў і квіткоў арганізатары просяць не турбавацца. Прынамсі, да 15 жніўня – дэдлайна для здачы дакумэнтаў у шэраг тур-агенцыяў. Там жа можна замовіць і квіток. Дарэчы, згодна з паведамленьнямі арганізатараў, зьніжкі для беларусаў на літоўскія квіткі па зусім не беларускіх коштах гарантаваныя.

Беларусам мусіць быць прыемна: літоўскія ўлады думаюць аб іх, музыкаў заходніх запрашаюць, кошт квітка зьніжаюць. Цікава, калі фэст атрымаецца, ці зладзіць нешта падобнае, напрыклад, Украіна? Прынамсі, падобныя думкі наконт Чарнігаўскай вобласьці не раз выказваліся.

Лёзунг фэсту: «Музыка разбурае сьцены». Прынамсі, пару стэрэатыпаў парушыць ужо атрымалася: не Басамі адзінымі жывы беларус.

Мапа праезду і іншая інфа ёсьць таксама на myspace.

Крылы – музыка вялікага гораду на піўныя грошы

  • Хто: прыхільнікі рок-н-рола, панка, хард-рока, альтэрнатыўнай музыкі, фолка, этна, рэгі і нечага іншага
  • Калі: 21 – 22 ліпеня
  • Дзе: Расея, Масква, аэрадром Тушына
  • Колькі: 350 - 1000 руб.

 

Адзіны ў Расеі фэст, спонсарам якога зьяўляецца бровар. Болей такога ў Расеі вы нідзе ня ўбачыце!

Сумнавядомы расейскі фэст музыкі самых розных стыляў і напрамкаў пройдзе ўжо які год на сваім старым месцы. У адрозьненьні ад іншага буйнога расейскага музычнага мерапрыемства «Нашэсьце», які ніяк ня можа атрымаць прапіску. У гэтым годзе правядзеньне «Нашэсьце» пастаўлена пад пагрозу з-за нежаданьня мясцовых уладаў даваць свае бяскрайнія палі на разарваньне маладым расейскім фанам. Знаёмая сітуацыя?

З аднаго боку, рэдка калі фэстывалі такога кшталту праходзяць на тэрыторыі горада. Зь іншага, намёт не паставіш, сьвежанькім паветрам не падыхаеш, як на якім Грушынскім ці на тых жа Басах.

«Крылы» вылучаюцца дзьвюма асаблівасьцямі. Па-першае, сваёй «міжнароднасьцю», калі ў якасьці хэдлайнэраў запрашаецца вядомая іншаземная зорка, якая, па сутнасьці, і робіць фэст міжнародным. У гэтым годзе ролю такой зоркі выканае NATALIE IMBRUGLIA.

Але большы інтарэс у публікі мусіць выклікаць француская каманда PLEYMO – галоўны рухавік францускай альтэрнатыўнай сцэны. Разнастайнасьць стыляў гурта добра характарызуе «Крылы». Рэп-кор, нью-мэтал, фрэнч-кор – музыку каманды даволі цяжка ўпісаць у адзін канкрэтны напрамак. Як і сам фэст. Іншыя французы, SPOOKY JAM, прадэманструюць свой «панк-рок для нігілістаў». Прыхільнікі традыцыйна амэрыканскіх стыляў будуць радыя пачуць HAZMAT MODINE, якія могуць выдаць як заліхвацкі рэгі, так і клясычны блюз і, пасаліўшы ўсё гэта адборным кантры, паставіць выпякацца публіку на марудным агні.

Што да расейскамоўных удзельнікаў, то сярод іх можна вылучыць былую салістку даволі вядомага ў Эўропе гурта FARLANDERS, якае выканае праграму ў традыцыйным для сябе стылі world music. Прыедуць Алиса, Сурганова и оркестр, 5NIZZA, Кирпичи, JANE AIR, Сплин.

Дарэчы, у мінулым годзе хэдлайнэрамі першага дня былі BLOODHOUND GANG, якія ў гэтым годзе выступяць на фэсьце Be2gether, трапіць куды беларусу будзе лягчэй, чым у Маскву.

Exitfest – краіна Кустурыцы прадстаўляе

Труба кліча! 

  • Хто: электроншчыкі і клясычныя рокеры
  • Калі: 12 – 15 ліпеня
  • Дзе: Сэрбія, Нові Сад, Petrovaradin
  • Колькі: 12 эўра (месца для намёта)

Фэстываль зь цікавай гісторыяй, некалькі зайдраснай для беларусаў. Першы фэст прайшоў у 2000 у самы разгар барацьбы з тамтэйшым прэзыдэнтам Слабаданам Мілошавічам. Слабадан, як вядома, сышоў, а фэст доўжыўся цэлых сто дзён. Арганізаваны па ініцыятыве мясцовых студэнтаў у выглядзе намётавага мястэчка, Exit шмат зрабіў для зьмены палітычнага ладу ў Югаславіі. Перамога надала новай моцы арганізатарам, і яны вырашылі ладзіць фэст кожны год.

Паступова далучыліся розныя «багатыя» спонсары, такія як MTV, і пачалі ператвараць фэст у буйную падзею моладзевага жыцьця Паўднёвай Эўропы. Але дагэтуль на фэсьце надаюць увагу розным сацыяльным і палітычным праблемам.

У гэтым годзе плянуецца наяўнасьць дзьвюх сцэнаў (танцавальнай і асноўнай) і прыезд тузіна заходніх зорак: BEASTIE BOYS, ROBERT PLANT, DANNY TENAGLIA, NIC FANCIULII, BASEMENT JAXX, JUSTIN MARTIN, THE PRODIGY.

Sziget 2007 – нерэальная колькасьць зорак на адзін квадратны мэтар

Будапэшцкае лета і 400 тысяч чалавек 

  • Хто: прыхільнікі ўсіх напрамкаў музыкі і мастацтва, спартоўцы і бізнэсоўцы – усе, у каго ёсьць ногі, каб туды прыйсьці
  • Калі: 8 – 15 жніўня
  • Дзе: Вугоршчына, Будапэшт, выспа Obudai
  • Колькі: 30 – 150 эўра (у залежнасьці ад колькасьці дзён)

Дзякуючы паўкруглай даце, фэст рызыкуе ператварыцца ў галоўную музычную эўрапейскую падзею лета.

Тут будзе ўсе: і клясічная музыка, і плястыка, і мэтал, і опэра, і самы наш любімы поп-рок з усяго сьвету. І гэта на адной выспачке амаль у цэнтры цудоўнага сярэднявечнага горада. За сем дзён вы атрымаеце магчымасьць скласьці цудоўную ўласную праграму ў залежнасьці ад густу і настрою. Галоўнае, пасьпець усюды, бо сцэн будзе ня мала (толькі 12 асноўных пляцовак). Каб не страціць за гэты час спартовую форму можна будзе пагуляць у які футбол ці валейбол, пасьля чаго з галавой акунуцца ў экстрэмальныя віды спорту.

Проста пералічым некалькі дзейных асоб:

  • MIKA
  • CHEMICAL BROTHERS
  • P!NK
  • NINE INCH NAILS
  • FAITHLESS
  • TOOL
  • THE KILLERS
  • CESARIA EVORA
  • ЛЕНИНГРАД
  • ТАНОК НА МАЙДАНІ КОНГО
  • ESTHETIC EDUCATION

Карацей, калі вы ня трапіце ў Будапэшт, значыць гэтага лета для вас проста ня будзе.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0931 seconds.