ФэстаЛета: Эўрапейскія хіпаўскія фэсты

Частка 1: Free entrance. Лета ўжо пачалося! Прыйшоў час падняць свой замшэлы азадак з наседжанага месца перад кампом і выправіцца куды падалей паглядзець на гэты сьвет! Усё пра самыя цікавыя моладзевыя фэсты і тусоўкі Эўропы. Гэтым разам – фэсты для хіпі ў душы і па жыцьці: Rainbow, Шыпат, Woodstock. Flower power!

European Rainbow - Gathering 2007

  • Хто: хіпі, растаманы, індзейцы і іншыя сябры сям’і Вясёлкі
  • Калі: 14 ліпеня – 12 жніўня
  • Дзе: Босьнія і Герцагавіна

Калі дух любові і братэрства не дае вам спакою, Rainbow – гэта тое, што вам трэба.

The Rainbow Family of Living Light (сям’я Вясёлкі) – вольнае міжнароднае аб’яднаньне людзей з агульнай мэтай захаваць мір і каханьне на Зямлі. Гэты рух, што распачаўся ў ЗША на пачатку 70-х, шырока распаўсюдзіўся па ўсім сьвеце.

Легенда кажа, што ў далёкія часы сярод індзейцаў Паўночнай Амэрыкі зарадзіўся рух «Ваяры Вясёлкі». Сябры руху аднаўлялі традыцыі жыцьця ў гармоніі з прыродай, па-за сучаснай спажывецкай цывілізацыяй, і вучылі такому жыцьцю сваіх стомленых белых братоў. Пазьней «Воіны Вясёлкі» заклалі традыцыю штогадовага фэсту Rainbow, галоўная мэта якога – максымальны прарыў у творчасьці: у музыцы, танцы, жывапісу, скульптуры.

У ЗША штогадовыя Вясёлкі зьбіраюць ад 10 000 ды 25 000 чалавек. Эўропа, менш прасякнутая традыцыямі індзейцаў, хутка вучыцца. Зараз амаль у кожнай буйной краіне нашага кантынэнту ладзяцца «вясёлкавыя» сходы, што ня можа не радаваць прыхільнікаў ідэй барацьбы з сусьветным Бабілёнам (так называюць нашую цывілізацыю некаторыя асабліва радыкальныя Gather’ы  - наведвальнікі сходу).

Самыя цікавыя падзеі на эўрапейскай Вясёлцы мусяць адбыцца ў ноч з 29 на 30 ліпеня, калі поўня ўзыдзе над бязьмежнымі прасторамі басьнійскіх лясоў. Жыцьцю ў яднаньні з прыродай спрыяюць намёты, вада з крыніцы і агульнае кола, у якім кіпіць жыцьцё сходу.

Дабрацца да Вясёлкі ня так лёгка, але варта! Перш за ўсе, трэба трапіць у Босьнію, што ўжо праблема. Візу ў гэтую краіну можна атрымаць у Бялградзкай ці Маскоўскай амбасадзе. Ехаць можна праз Румынію, дзе транзытную візу выдаюць на тры дні і каштуе яна 40 даляраў. Сэрбія для беларусаў бязьвізавая. Дакладнае месца фэсту можна знайсьці на «вясёлкавым» сайце ці таксама на спасылцы можна паглядзець мапу.

На Вясёлцы забароненыя наркотыкі, алькаголь, забойствы і прапаганда рэлігій. Не вітаецца выкарыстоўваньне сучасных тэхнічных сродкаў: мабільнікаў, фота- і відэаапаратуры. Таксама трэба паважаць густы вэгетарыянцаў, якіх шмат на гэтым сходзе.

Радуга (Расейская Вясёлка)

  • Хто: хіпі, растаманы, індзейцы і іншыя сябры сям’і Вясёлкі
  • Калі: 14 ліпеня – 4 жніўня
  • Дзе: Расея, Варонежская вобласьць

Калі агульнаэўрапейская Вясёлка вам не па зубах, існуе менш накладны і бліжэйшы шлях – расейская Вясёлка.

Цудоўная атмасфэра рознакаляровых «людзей вясёлкі» дакладна зарадзіць энэргіяй сонца і іншых зорак на ўвесь бліжэйшы год.

Аднак, як пазначаюць арганізатары, «сходы сям’і Вясёлкі па традыцыі перадаюцца з рук у рукі». Таму даведацца аб канкрэтным месцы яе правядзеньня было ня так лёгка. Але немагчымае магчыма: Расея, Варонежская вобл., Мамонаўскі раён. Дабрацца можна па трасе М-4, якая праходзіць праз Паўлаўск і далей на Верхні Мамон, потым паварот на захад і 50 км да вёскі Альхоўка. Ці пасьля Паўлаўска праз Казінку, але толькі на машыне. Далей ад Альхоўкі да возера Пясчанае.

Як і на іншых Вясёлках, тут забароненыя антыдэпрэсанты, алькаголь, наркотыкі, прапаганда рэлігій, а таксама забойствы.

«Памятайце пра гэта і не перашкаджайце іншым жыць так, як яны хочуць», заклікаюць арганізатары сходу.

Шыпат

  • Хто: хіпі, растаманы, панкі
  • Калі: 4 ліпеня – 10 ліпеня
  • Дзе: Украіна, Закарпацкая вобласьць

Украінскія Карпаты, шчырыя і ветлівыя людзі, шмат пазытыву і дзяцей хіпі – усё гэта лёгка пабачыць на буйнейшым ва Украіне фэсьце хіпаўскай культуры.

У незапамятныя часы маладосьці нашых бацькоў было ў Латвіі такое цудоўнае месца - Гаўя. Гаўя - гэта ланцуг азёраў на ўзьбярэжжы. Месца гэта аблюбавалі хіпі, якія тусіліся там, аж покуль не зачыніліся межы паміж краінамі былога СССР.

У 1993 некалькі гіпі са Львова вырашылі адрадзіць традыцыі Гаўі на новым месцы –  і вось на вадаспадзе Шыпат пад Ужгарадам сабралася першая тусоўка.

Як вы ўжо здагадаліся, Шыпат задумваўся як гіпаўскі фэст. Такім ён і застаўся. Аднак там можна сустрэць і іншую пазытыўшчыну: растаманаў, панкаў і нават звычайных турыстаў. Усе яны міла ўжываюцца між сабой. Дэвіз фэсту: love, peace & wine.

Агульнага круга і агульнай ежы няма. Людзі жывуць асобнымі лягерамі, але вельмі добра ставяцца да навакольных.

Таксама адсутнічае і канкрэтная музычная праграма. Кожны жадаючы проста бярэ ў рукі тое, на чым можа граць і здабывае са свайго інструмэнта гукі.

Самае цікавае адбываецца ў ноч на сёмае ліпеня, калі ўвесь прагрэсіўны сьвет адзначае Івана Купалу. Шыпатскае насельніцтва не адстае. Складаецца велізарнае вогнішча з сухіх дрэваў. У падрыхтоўцы грамадзкіх мерапрыемстваў удзельнічаюць усе жадаючыя.

Забаронаў і абмежаваньняў няма. Можна прыдумаць і ажыцьцявіць нешта сваё. Гэта - цэнтральная кропка фэстывалю.

Дабрацца да фэсту даволі проста. Ад Кіева па трасе праз Жытомір і проста да Львова. Ад Львова лепш за ўсё набыць квіток на цягнік у накірунку Ўжгарада да станцыі Валавец (3,5 гадзіны язды). Ад станцыі Валавец аўтобусам да станцыі Падабавец (30 хв. язды). Ад Падабаўца да Шыпата 5 км (шлях пакажа любы мясцовы жыхар). Ці проста сесьці на цягнік да Ужгарада і з камфортам пракаціцца па Украіне.

XIII PRZYSTANEK WOODSTOCK

  • Хто: хіпі, растаманы, панкі і простыя турысты
  • Калі: 3 жніўня – 4 жніўня
  • Дзе: Польшча, Любушскае ваяводства, Костшын-над-Одрай

Дух незабыўных сямідзесятых у польскай агранцы.

Адзін з найбуйнейшых фэстаў Эўропы Прыпынак Вудсток атрымаў сваю назва ад таго самага легендарнага Вудстока, што ўпершыню адбыўся ў 1969. Тады нью-ёрскі горад Бэлфел наведала каля 400 тысяч маладых людзей. Гэты фэст назаўсёды ўвайшоў у гісторыю сусьветнага рок-н-ролу і стаў своеасаблівым ідэалам для многіх прыхільнікаў падобных мерапрыемстваў. Пасьля фэст праводзіўся кожныя дзесяць год (79,89,99) і ў 1995 на 25-годзе фэсту.

Сучасных вудстокаў разьвялося столькі, што толькі наведваньне іх усіх можа паглынуць усё лета. Свой Вудсток маюць і чэхі, і немцы, але ж найбуйнейшы адбываецца ў Польшчы.

Першы фэст прайшоў у 1995. З тых часоў наведвальнасьць яго толькі ўзрастае і апошнімі гадамі складае ля 400 тысяч. То бок, PRZYSTANEK WOODSTOCK  ужо дагнаў свайго нью-ёрскага бацьку.

Праходзіць фэст на самай мяжы зь Нямэчыннай, дабрацца проста: з кожнага больш-менш буйнога аўтавакзалу Польшчы падчас фэстывалю у Костшын ходзяць адмысловыя аўтобусы.

Пад лёзунгамі Каханьне!, Сяброўства!, Музыка!, Не гвалту!, Не наркотыкам! зьбіраюцца ня толькі аматары добрай музыкі, але й кінаманы, тэатралы і ўсе тыя, каму атмасфэра любові і братэрства дапамагае жыць. Другі раз адкрыецца «Акадэмія мастацтваў» – вёска творчасьці, дзе ў мастацкіх, музычных, тэатральных і відэа ўоркшопах зьбіраецца творчая моладзь. Працуюць яны з 25 па 29 ліпеня.

Музычная частка фэсту даволі разнастайная, але большасьць удзельнікаў – польскія гурты. Месцамі сустракаюцца нямецкія, францускія, сенегальскія й амэрыканскія каманды. У мінулым годзе беларускі гурт RASTA браў удзел у фэсьце. Склад выступоўцаў гэтага году дагэтуль невядомы, але арганізатары абяцаюць вельмі цікавую і разнастайную праграму. Хто ведае, можа мы сустрэнем там і беларускіх музыкаў?

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0592 seconds.