Рок-каранацыя-2006. Хворы рок-н-рол?

Што адбывалася на «Рок-Каранацыі 2006» і пасьля яе: гарачыя пытаньні і халодныя факты – у аглядзе Studenty.by.

25 лютага вырашылася нарэшце галоўная інтрыга апошняга часу – “Рок-Каранацыя 2006“. Ужо сама падрыхтоўка да мерапрыемства выклікала шмат чутак і плётак. Гэтая хваля, натуральна, сыйшла – і накаціла наступная, куды больш моцная: уражаньні, пачуцьці і прэтэнзіі. У медыяў проста адкрылася другое дыханьне, ажывіліся блогеры і чацеры. Нарэшце, нам ёсьць пра што паразмаўляць! Уражаньняў пасьля Рок-каранацыі безьліч і многія зь іх нешматслоўныя, але яркія і эмацыйныя.

Паспрабуем апісаць нашумелае мерапрыемства пакрокава.

Назіраньне першае: рок у Беларусі – катэгорыя філязафічная. Але ж яшчэ Шэксьпір катэгарычна зазначыў, што “ружа пахне ружаю, хоць ружай назаві яе, хоць не”. Што казаць – новы фармат, новыя імёны...

Адзінаццатая “Рок-каранацыя” распачалася: на сцэне зьяўляецца, так скажам, танцавальны калектыў. На працягу ўсёй цырымоніі дзяўчаты не дадуць спакою гледачам. Сама ідэя з танцамі была неблагая, але, даруйце, выглядала проста безгустоўна.

У мінулым годзе пад усё гэта хараство і веліч танцавальнага мастацтва на сцэну выходзіў даберман. У гэтым – дзякуй арганізатарам! – жывога парсюка мы не пабачылі (і не панюхалі). Але неўзабаве зьявіўся-такі адзін пэрсанаж – “Парасяцік”, як ласкава прадставіла монстра яўна да яго неабыякавая Яна Каменская – вядучая імпрэзы. Усе разам – дзяўчаты ў лятаксе, Каменская ў стылі “Славянскага Базара”, Віталь Маліноўскі – сувядучы Яны плюс плюшавы парсюк – па крэатыўнасьці “Наша лато” проста адпачывае.

Адкрываць цырымонію давялося Tav.Mauzer. Тут пачаліся праблемы з апаратурай. Янка клікаў-клікаў дапамогу, але спэцыялістаў побач не знайшлося (“Эй! Тут увогуле прадугледжаны гукачы?”), і мы перапужаліся ўжо, што эксцэнтрычны Маўзэр пакрыўдзіцца і сыйдзе. Але Янка ня толькі не пакрыўдзіўся, але яшчэ і пакінуў імпрэзу з каронай на галаве, якую яму ўручыла Ядзя Адамчык (пачуўшы імя Ядзьвіга, заля трывожна змоўкла – у дзьвюх тысячах галовах пранеслася: Паплаўская!).

“Блін, такія моцныя канкурэнты. Спадзяюся, я варты”, - прамовіў “Выканаўца году” Янка, абышоўшы Зьмітра Вайцюшкевіча, Ігара Варашкевіча і Лёню Паўлёнка. А іх ў сваю чаргу абышлі RASTA – яны каранаваліся ў намінацыі “Цяжкая музыка”.

Крыху пазьней Янка Маўзэр са шкадаваньнем адзначыць, што кароны ўсё часьцей прызначаюцца тым, у каго хоць штосьці атрымалася цягам году – запісаць дыск, зьняць кліп:

“А хацелася б, каб карону атрымлівалі тыя, у каго ўсё проста супэр-клясна!”

Пашу Кашырына, арганізатара рэгі-фэстаў, запрасілі на сцэну абвесьціць пераможцу ў намінацыі “Пазытыўная музыка”. Безумоўна, “Нагуаль” на ўсе сто варты сваёй узнагароды. Паўлёнак выглядаў узрушаным і шчасьлівым.

Шкада, што не намінавалі нашых самых пазытыўных – «чоткіх» лосяў IQ48. Хоць ты слоўнік сынонімаў шукай, каб у соты раз не паўтарацца пра іх пазітыўнасьць . Марсіянскія гарнітуры айкюшнікаў моцна ўразілі нашых дарагіх вядучых – хлапцоў завалілі пытаньнямі пра іх марсіянскае жыцьцё і быт. Мы даведаліся, што “на Марсе пьюць чоткае піва, не беларускае”. Зажыгалі здаровыя лосі напрыканцы і разварушылі ўжо крыху стаміўшуюся не ад экшану, а ад яго адсутнасьці, публіку.

Наступная карона пайшла з рук Міхала Анемпадыстава – у “Сьпеўнай паэзіі” каранавалі Зьмітра Вайцюшкевіча за альбом «Танга з ружай», што апярэдзіў Камоцкага, Шалкевіча, Беланогую і нават P.L.A.N.

 

Дарэчы, ня раз каранаваны Зьміцер ня мае дома аніводнай кароны – па яго ўласным прызнаньні, яны ў якасьці “адступных” застаюцца былым жонкам – цікава, каму адыдзе алімэнтная карона-2006? :) “Вечаровыя цені” скарылі пераборлівую публіку – большасьць прызнала зорны выхад лепшым. Шкада, што гады ўжо ня тыя, а то разгарнулі б плякацік: «Дзіма! Мы цябе любім!»

“Традыцыя і сучаснасьць” дасталася Ur’ia.

“На “Рок-Каранацыі” атрымаць карону за старажытную музыку было б глупа,” – пракамэнтаваў Зьміцер Сасноўскі са “Стары Ольса”. Тым ня менш, сваю карону – прыз глядацкіх сымпатыяў – “Стары Ольса” прынялі з удзячнасьцю.

Адмысловую ўзнагароду аргкамітэта “Рок-каранацыі” за падтрымку рок-музыкі ў Беларусі – атрымаў Вітаўт Мартыненка за кнігу “222 альбому беларускага року і ня толькі”. Сп. Вітаўт, узьняўшыся за ўзнагародай, нагадаў, што пісаў кнігу разам з Анатолем Мяльгуем. Спадзяемся, карону яны пілаваць ня будуць.

Намінацыя “Надзея году”. На сцэне зьявіўся ВІА “Візыт” – мал мала менш. Па чутках, фронтвумэн усяго 13! Хоць і хвалявалася дзяўчынка (на жаль, вядучыя забылі – ці проста не здагадаліся? – яе прадставіць), але ўсялякія рокавыя прытопы й узмахі валасамі засвоіла на выдатна.

У дзіўнаватай намінацыі “Хіп-хоп выканаўца году” карону атрымаў расейскамоўны гурт “Городская тоска”. Народ у залі быў уражаны: ніхто не сумняваўся, што карона адыдзе скандальна вядомаму рэперу Krou.

“Поп-рок”-карона сыйшла кудысьці за кулісы, бо J:Mors традыцыйна не было. Другая іх карона – “Альбом году” за “Босиком по мостовой” – адправілася сьледам за першай. Куды дзяюцца кароны Вайцюшкевіча мы ведаем, цікава, што робіць са сваімі J:Mors, забірае ён іх увогуле ці не. Аднак паразмаўляць непасрэдна з Пугачом не атрымалася. Як заўсёды ветлівы мэнэджэр Руслан папрасіў ператэлефанаваць праз гадзінку. Атрымоўваецца, J:Mors у нас самы заняты гурт – гэтым разам былі на саундчэку.

Наступным адкрыцьцём стала тое, што Атмараві грае рок. За што і атрымаў карону ў намінацыі “Рок-выканaўца году”. Ягонымі галоўнымі канкурэнтамі былі Indiga і Zet. Тут, як кажуць, no comments.

Шкада, мы не пабачылі на сцэне Лявона Вольскага – песьня NRMГадзючнік” была прызнана гітом году. Маша Яр, якая выйшла ўручаць карону рок-каралям мінулых гадоў, адразу папярэдзіла: “Лявона Артуравіча сёньня няма, бо хварэе ён”. На жаль, з той жа прычыны не было і яшчэ аднага рок-караля Аляксандра Кульлінковіча. Па чутках, менавіта Нейра Дзюбель мусілі распачаць каранацыю. Тэрмінова пачынаем вязаць нашым рок-волатам – і прыхварэўшым, і пакуль здаровым – шалікі і цёплыя шкарпэткі!

“Жыве Рок-н-Рол” у выкананьні B:N: прагучала надзвычай злабадзёна. Ну а падмяніць прыхварэўшых на сцэну выйшлі Nevma, SDM, Parason і Kуклы.

Уразіў Apple Tea і іх кавер на Deep Purple у гэтакім рэгі-стылі. Нашым лепшым джазмэнам дасталася карона за кліп, зьняты ў Парыжы. Для рэжысэра Уладзіміра Янкоўскага люты – вельмі ўраджайны месяц. Дзьве замежныя ўзнагароды, айчынная карона, а перад усім – перамога ў намінацыі “Самы шчасьлівы бацька”: першага ў сп. Янкоўскага нарадзіўся сын!

Складанка “Прэм’ер Тузін 2006. Слушныя адкрыцьці году” атрымала карону ў намінацыі “Лепшы праект году”. Прадстаўнік Тузінa гітоў  Лёлік доўга і настойліва ўпэўніваў залю, што галасы падлічаны сумленна.

Падарункам вечара стаў выступ смаленскага гурта Deimos – пераможцы сёлетняга Рок-Кола. Асабліва ўразіла тое, што гурт з Расеі размаўляў на сцэне па-беларуску. Больш таго, яны выканалі кавэр на песьню “Мясцовага часу”. І тут ужо іх чакаў сюрпрыз: арганізатары каранацыі вырашылі ўзнагародзіць Deimos, як “Лепшы замежны гурт, які выконвае беларускі рок-н-рол”.

Нарэшце Рок-каранацыя падыходзіць за свайго заканчэньня. Алег Хаменка, што выйшаў абвесьціць сёлетніх Рок-каралёў, адзначыў, што ня вельмі любіць гэтыя патаемныя скрыні:

Што б там ні было, прыйдзецца зачытаць, нават калі там гурт “Дзіка-Тупа”.

Галоўная карона адышла гомельскай камандзе - самай цяжкой з прадстаўленых - RASTA. Але напрыканцы народ, у тым ліку часткова й музыкі, рынуўся ў гардэроб і ў прыбіральню, не даслухаўшы пераможцаў. Бадай, самым папулярным пытаньнем у той вечар было: “Хто такая RASTA?” – ці то праз недасьведчанасьць, ці то таму, што ангельскамоўны гурт збольшага выступае па-за межамі Беларусі.

P.S. Будзем здаровы! 

Адметна, што сапраўднае шоу зь інтрыгамі і сьмелымі выказваньнямі пачалося як толькі публіка дабралася да сваіх кампутараў. Рана ў панядзелак нават тыя, хто на Караныцыі не прысутнічалі, палічылі сваім сьвятым абавязкам выказацца. Такое ўражаньне, быццам многія загадзя падрыхтавалі тэксты і чакалі ня столькі цырымоніі, колькі мажлівасьці на яе адрэагаваць, выклікаць на гарачую дыскусію, зьвесьці прыватныя рахункі.

Сталыя журналісты прыгожа так, мэлянхалічна разважалі над крызай сучаснага року, і ўвогуле – культурным заняпадам, мэнталітэтам і адсутнасьцю інфраструктуры. Іх маладыя таварышы пераходзілі на асобы, не шкадуючы, мякка кажучы, вострых словаў і вобразных выразаў.

Усе – нашыя мэляманы, зоркі музычнага небасьхілу, акулы пяра і шоу-бізнэсу – як сабакі на сене. Кожны на сваёй хвалі, у кожнага свая мэта і візія. А тут яшчэ і Міністэрства Культуры, супрацоўнікам якога ва ўмовах адсутнасьці культуры трэба чымсьці жыць, таму яны перашкаджаюць жыць іншым.

Нашыя мэляманы маніякальна закаханыя ў тых, хто рана ці позна з’явіцца на старонках падручнікаў па гісторыі. Ды і не магчыма ў іх не закахацца. Але ж ня трэба гідліва моршыцца ад гуртоў, назоваў якіх няма на цішотках і значыках.“Калі зоркі запальваюць, значыцца, тое камусьці трэба” – не будзе нам патрэбна, не будзе новых яркіх зорак, згаснуць сталыя. Самае страшнае, калі ў тых жа N.R.M., Крамы і Neuro Dubel зьнікне імпэт і жаданьне толькі таму, што рабіць новае ім адныя не дазваляюць, а другія не чакаюць і не ўспрымаюць.

Зрабілі зь іх нейкіх пакутнікаў за мройныя ідэі і юзаюць напоўніцу. Але ж у людзей ёсьць свае прыватныя прынцыпы, людзі яны, а не голас сумленьня нацыі. І хварэюць яны, і арганізацыя ім можа не падабацца, і кушаць ім трэба. І маюць права!

Адным з самых адметных момантаў Каранацыі стаў ад’езд гурта Indiga з саундчэку. У сваім лісьце на Тузін Руся патлумачыла сваю пазыцыю - і мела рацыю! Зьдзівіла рэакцыя з боку прадусарскага цэнтру “Класс-Клуб ДК”. У параўнаньні з расейскімі зоркамі (нават штучнымі), ня кажучы ўжо пра заходніх, нашыя, нават самыя-самыя, проста “заенькі. І калі б каманда не сыйшла па-ангельскі, праблемам арганізацыі не надавалі б столькі ўвагі. Саша Ракавец з IQ48 яшчэ ў суботу зранку думаў набыць (!) квіток, а па абедзе яго запрасілі зграць. Амаль за суткі! Ня вельмі прыемна быць хлопчыкамі на ўсялякі выпадак. Асабліва, такім здаровым лосям. Пра шматлікія хібы, пералічыныя Русяй, і нават болей, Саша распавёў studenty.by яшчэ да таго, як з’явіўся ліст ад Indіgi. Дык мо замест таго, каб хваліць прадбачлівага Крова, які замовіў вадзічку без газаў, самім прадбачыць такія натуральныя рэчы?

Затое ўчынак Indіgi выклікаў шырокі рэзананс: Русю вельмі хутка абвінавацілі ў зорнай хваробе. Рок-князёўна і насамрэч хварэе – грыпам, разам з астатнімі рокерамі. Але ня гледзячы на кашаль, Руся падзялілася ўражаньнямі са studenty.by:

“Ніякай зорнай хваробы няма. Журналісты тэлефануюць, падтрымліваюць, а потым пішуць адваротнае, бо не жадаюць псаваць адносінаў з арганізатарамі. Для нас галоўнае атрымліваць асалоду ад выступу. Тады і публіка будзе гэта адчуваць. Як добра выказаўся наш басіст, выступаць у тых умовах было ўсё роўна, што займацца сэксам з агіднай, тоўстай і старой жанчынай. Калі не атрымліваецца інтымных стасункаў з заляю, дзеля чаго тады выходзіць? Проста паказаць, што ты шануеш Рок-каранацыю? Я, па-першае, за прафесійныя стасункі, а па-другое, я шаную настрой і эмацыйны стан маіх хлопцаў.”

Проста прызвычаіліся мы, што нашыя музыкі ўдзячныя за любую мажлівасьць выступіць на Радзіме. Хоць на кватэрніку якім. А тут вось нейкага прафесійнага падыходу захацелі!

Ёсьць у сьвеце такія цырымоніі, як “Оскар”, “Ніка” ды таму падобныя. Там людзям за гонар выйсьці і атрымаць гэты сымбалічны прыз. Таму і выходзяць яны не зь бел-чырвона-белымі стужкамі на галаве ці брудных швэдарах, а ў гарнітурах ды вечаровых строях, каб прыемна было на іх глядзець”, - пракамэнтаваў Тузіну Каранацыю Сяргей Анішчанка.

“Оскар”, “Ніка”… чырвоныя дарожкі, лімузіны, шампань, кветкі. Рок-Каранацыя… мэтро, чорны ўваход, піва з буфэту. Дык якія пытаньні?

Хаця, нельга не далучыцца да Анішчанкі – мы таксама за супрацоўніцтва і сяброўства нешматлікіх фэстаў нашай маленькай краіны. А таксама за фірмовыя швэдры й дызайнэрскія гарнітуры. І абцасы з сукенкамі – каб яшчэ хто падвёз:) 

“Не загаснуць зоркі ў небе, покі неба тое будзе”. Гэта да пытаньня, зь якога б і пачаць: а ці патрэбна Рок-Каранацыя ўвогуле, калі на сцэне ня можа зьявіцца Вольскі, калі ў залі ня можа сядзець Мілінкевіч, калі атрыманьне ўзнагароды можа пашкодзіць нэйтральнаму вобразу J:Morsа, калі “Песень Свабоды” няма нават у прэтэндэнтах на “Лепшы праект”, калі не здымаюцца кліпы, бо няма сэнсу – усё роўна не пакажуць, калі арганізатары загадзя ведаюць, што публіка будзе незадаволеная? Калі, у рэшце рэшт, року са сцэны амаль і не гучыць?

А можа прыбраць нарэшце слова Рок і пакінуць Каранацыю? Ня будзе заўваг кшталту “Дык тое ж зусім ня рок! Судзьдзю на мыла!”; фармат можна будзе пашыраць і пашыраць, а карон выдаць столькі, колькі здольны нарабіць “Нёман”. І каб выглядала, як каранацыя, а не чарговы розыгрыш лятэрэі – страката і мітусьліва. Як ніяк ужо не маленькія. 

І вось яшчэ не даюць спакою пытаньні: а ці выйшаў бы Пугач на сцэну, калі б у залі не было ніводнага палітыка (плякатаў “Вова, мы цябе любім” дакладна не было) і прасьпяваў бы “Гадзючнік” Вольскі, калі б не хварэў (кветак ад Мінкульта яўна не прадуглежвалася).

Ну а калі непасрэдна сам народ Рок-Каралеўства зможа выбраць Каралём таго, каго лічыць вартым – за такой Каронай і хворы прыйдзе!

Фота - Алесь Bezuher

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0595 seconds.