Любіць музыку па-кашырынску

Чарговы сэйшан завершаны. І толькі стомленыя, зусім не такія, як на сцэне, музыкі пра штосьці горача спрачаюцца ў апусцелым клюбе. “Усё! – кажа Кашырын. – Цяпер буду адпачываць! А то ў гэтым сэзоне з канцэртамі нават на сваё асабістае жыцьцё забыўся…

Паша Кашырын – менскі арганізатар альтэрнатыўных імпрэзаў. Ён любіць заплятаць сабе вясёлую коску і марыць запрасіць у родны Менск Стынга.

Кашырынскі дэбют

“9 лістапада 2001 года я зрабіў сваё першае сур’ёзнае мэрапрыемства. Гэта быў канцэрт гурта КРАМА ў “Графіці”.

Паша, дарэчы, яшчэ і час ад часу выступае ў якасьці адміністратара КРАМЫ, а таксама колісь быў арт-дырэктарам клюбу “Графіці” – аўт).

“Прыйшло чалавек 80! Хаця “Графіці” зьмяшчае ўсяго каля 60. Потым былі канцэрты ў Палацы мастацтваў, “NC”, вось зараз у клюбе “Арэна”. 

Пра рэгі-фэстывалі 

Ня ведаю, як у сьвядомасьці вашай, а вось у маёй дык Кашырын трывала асацыюецца з рэгі-фэстывалямі. На жаль, з фэстывалямі, што назаўжды затанулі ў цёмных водах ракі Леты!.. Што, зрэшты, даволі распаўсюджана на нашых прасторах, а можа, нават і заканамэрна ў РБ.

2003 год. Сьпярша, як заўжды, была яшчэ ня зусім акрэплая і аморфная думка. “А было б клёва зрабіць першы ў Беларусі рэгі-фэстываль!” – неяк апасьля канцэрту падумалі Вадзім Шклярык зь “Вірус Ліха” і Паша Кашырын.

“Я ўжо быў знаёмы з Гэрбэртам Маралесам, - кажа Паша. – І яшчэ шмат хто падтрымаў нашу ідэю! Мы вырашылі, што гэта будзе некамэрцыйны праект. Проста паглядзім, ці трэба гэта людзям. З грашыма, якія пайшлі ў асноўным на масквічэй, дапамаглі спонсары. Знайшлі вялікую пляцоўку –  “Сафары”. Мы не чакалі такога посьпеху! Чалавек 350 прайшло па квітках плюс чалавек сто гасьцей! Джа ДИВИЖН прыехалі, Рома ВПР і нашы беларускія каманды. Прыйшло “СТВ” здымаць, а потым нас на Беларускае тэлебачаньне запрасілі, у праграму “Добрай раніцы, Беларусь!” Мы выпусьцілі кружэлку “Першы рэгі-фэстываль”, зрабілі прэзэнтацыю ў  “NC”. У 2005 годзе, праз паўтары гады, зрабілі мэрапрыемства, але як раней ужо не атрымалася. Не было спонсараў… Кадук штурхнуў зрабіць летась трэці фэстываль – адбыўся самы жахлівы канцэрт за ўвесь год!”

Запрасіць БГ і СТЫНГА! 

“Хачу прывесьці легендарнага Фёдара Чысьцякова (гурт “НОЛЬ”). Улетку вяліся перамовы з БГ, але ў яго была апэрацыя. А мая вялікая мара – ЗАПРАСІЦЬ СТЫНГА! Я вось летась быў на ягоным канцэрце ў Піцеры, цішотку купіў! Увогуле, задача нумар адзін – прэзэнтацыя альбома КРАМЫ ў сакавіку. Калі б была магчымасьць, займаўся б толькі адной КРАМай” 

Радасна-некамэрцыйныя думкі

“Супрацоўнічаю толькі з тымі, хто мне сымпатычны. У асноўным, раблю джазавыя, фолькавыя, рокавыя вечарыны. У кожнае мэрапрыемства ўкладваю душу… І ня варта думаць толькі пра грошы, так нічога добрага не атрымаецца!”  

 

Полі 11:39, 04/01/2007 | Артыкулы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0664 seconds.