На арганізатараў канцэрту Zet і IQ48 міліцыянты склалі пратакол

Заплянаваны на 14 траўня канцэрт у менскім клюбе «Арэна» тэрмінова быў перанесены на іншую пляцоўку – «Катакомбы». Канцэрт адбыўся і гурты пасьпяхова выступілі, але арганізатары імпрэзы былі затрыманыя.

У самы разгар канцэрту да клюба пад’ехалі міліцыянты, але агледзеўшы памяшканьне, яны ў хуткім часе, зьехалі.

Канцэрт прайшоў удала, хоць з-за вялікай колькасьці фэнаў, у клюбе было вельмі горача. Фотарэпартаж з канцэрту можна паглядзець у Фотаблогу.

Аднак пасьля заканчэньня імпрэзы міліцыянтамі былі затрыманыя арганізатары, якіх вывелі ў асобнае памяшканьне клюбу.

Там, як адзначыў generation.by адзін з арганізатараў канцэрту Антось, зь імі размаўлялі супрацоўнікі КДБ і прадстаўнікі праваахоўных ворганаў. На хлопцаў склалі пратаколы за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства з удзелам «забароненых» гуртоў. Арганізатарам канцэрту тлумачылі, што ёсьць музычныя гурты, выступы якіх непажаданыя.

Праз паўтары гадзіны хлопцаў адпусьцілі, але паведамілі, што будуць весьці зь імі размовы надалей.

Антось гаворыць, што ня ведае, як павернецца сытуацыя далей.

Сёньня ж стала вядома, што канцэрт-прэзэнтацыя новага альбома гурта «Крама», заплянаваны на 30 траўня ў менскім клюбе Night Star, забаронены. Як адзначае адміністратар гурта Павал Кашырын, спробы атрымаць разавую ліцэнзію на канцэрт гурта, скончваюцца адмовамі. Нагода, на думку ідэолягаў Менгарвыканкаму, тое, што як музыкі, так і творы гурта «Крама» маюць нізкі мастацкі ўзровень.

tarka 20:10, 15/05/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0611 seconds.