Зорныя вакацыі: закрыцьцё сэзону

Ліпень-жнівень – час зацішша ў культурніцкім жыцьці Беларусі. Музыкі і людзі мастацтва параз’ехаліся хто адпачываць, а хто працаваць. У нас закрыцьцё сэзону, а ў Эўропе віруюць шматлікія фэсты і оўпэн-эйры. Дзе і як зьбіраюцца бавіць час шматлікія героі глянцавых старонак Generation.by – непасрэдна зь іх словаў.

Зьміцер Вайцюшкевіч дакладна ня ведае, ці атрымаецца адпачыць – шмат рэпетуе для мюзікла «Прарок», а ў вольныя ад тытанічнай працы хвілі выбіраецца на свой улюблёны хутар на беразе Нёмана. Калі атрымаецца – традыцыйна махне на тыдзень на Балтыку, у слаўны гарадок Гданьск. А 20 ліпеня не меней традыцыйны Дзень Народзінаў, які Зьміцер ужо які год запар сьвяткуе разам са сваімі прыхільнікамі і прыхільніцамі. Маладая гвардыя, хутчэй за ўсё, будзе сядзець па намётах недзе ў польскіх лясох, але большая частка пані трошкі ў гадах дакладна застануцца ў горадзе.

Аляксандр Кульлінковіч верагодней за ўсё выправіцца зь сям’ёю на Чорнае мора, заплянаваную вандроўку ў Ізраіль да сяброў вырашыў адкласьці на восень або зіму – надта ўжо сьпякотна там. 17 ліпеня – Дзень народзінаў у Neuro Dubel, з нагоды чаго ў Графіці адбылася цёплая вечарына-канцэрт. Пасядзеўшы па-сямейнаму з тымі, хто прыйшоў павіншаваць гурт, Neuro Dubel зьбіраецца на Басы.

Саша Ракавец і па закрыцьці сэзону не губляе гумору:

«У нас такога ўжо адкрыцьця і не было:) Паедзем на Басы. На Be2gether. Будзем пісаць новыя песьні і запісваць іх, ну і піць піва, паліць, усё такое...»

Ведаем мы гэтае заўсёднае «ўсё такое»!

А вось Паша Кашырын будзе адпачываць. Аж да верасьня. Свой адпачынак Паша разьбіў на чатыры часткі:

«Першую я ўжо зьдзейсьніў – гэта былі выходныя ў Маскве. Другой часткай будуць Басы. Потым я еду на канцэрт Rolling Stones у Піцер, ёсьць там і дзе косткі кінуць, таму я туды з начоўкай. Па прыезду, можа, у першых лічбах жніўня ў Крым пададзімся, бо там я ўжо пяць гадоў ня быў. Ну і ажаніцца пляную - але гэта ня ў самай бліжэйшай будучыні.»

А Руся працуе зараз ад васьмі і да дваццаці чатырох:

«На Басовішча гурт Індыга сёлета не трапіў. Па-першае, мы не атрымалі запрашэньня. І гэта зразумела, бо ў жыцьці гурта за гэты год не было гучных падзеў, як, напрыклад, новы альбом. Наступны месяц я правяду ў Англіі – другі год запар паеду працаваць зь дзеткамі-сіротамі. І я вельмі хвалююся, бо гэтым разам там будзе хлопчык-аўтыст. Увесь час чытаю розную псыхалягічную інфармацыю на адмысловых форумах і сайтах. Пакуль мяне ня будзе, індыганы мае будуць працаваць над матэрыялам для запісу новага альбому. А я буду працаваць за дваіх, каб зарабіць грошаў і запісаць гэты альбом у рэшце рэшт. Калі я вярнуся, мы плянуем зьняць некалькі кліпаў у Польшчы. І распачаць запіс альбому. Я ўсё ж такі хацела б і адпачыць. Мару патрапіць на кубінскі востраў Кайо Ларго, дзе жывуць ігуаны. Але на гэта няма ні сродкаў, ні часу. Таму я пляную ў лістападзе хаця б на два тыдні паляцець у Індыю з маім сябрам і адпачыць там.»

Лявон і Ганна Вольскія разам з музыкамі «Крамбамбулі» і «N.R.M.» выпраўляюцца на Басовішча, а потым у Карпаты. Але не адпачываць, а працаваць – там у «Крамбамбулі» канцэрт. Ганна і Лявон усё ж плянуюць і на пляжыку паляжаць – тыдні два адпачыць ад усіх праектаў і людзей. Зараз абіраюць між Чарнагорыяй і Грэцыяй. А затым Нямеччына, Польшча – здымкі кліпаў, канцэрты. Такое вось «вольскае» лета.

Піт Паўлаў з гуртамі запрошаны на некалькі фэстываляў. Таксама гэтым летам Піт выступіць у крыху нязвыклай якасьці:

«Я запрошаны як выкладчык беларускай песьні на Варштаты. Тыя, хто меў са мной справу, спрабуюць гэтым скарыстацца. Спадзяюся, калі пойдзе слава аб гэтым, то зьявіцца плён. Туды я еду па Басовішчы. У выніку можа паўстаць цікавы праект, бо я буду супрацоўнічаць з польскімі гіпгоперамі і джазмэнамі  - гэта можа прынесьці некалькі песьняў і нават новы праект. А потым на польскае мора – паўсюль зь сям’ёй. Нават на Басовішча - Ян-Вінцэнт і іншыя дзеці N.R.M. будуць прэзэнтаваць песьню з новага альбому.»

Жонка Піта, Зоя Луцэвіч, не забываецца і на ўласныя праекты. Днямі ў яе адкрылася выстава «Празрыстыя гісторыі» ў Нацыянальным музэі гісторыі і культуры Беларусі, якая працягнецца да 26 ліпеня. Менавіта з гэтай сэрыі ўнікальных працаў Зоі Луцэвіч адкрылася першая ў Варшаве галерэя сучаснага ўсходне-эўрапейскага мастацтва – Zoya. А сёньня ў глямурнай рэстарацыі-клюбе «ИZЮМ» адбудзецца прэзэнтацыя мастачкі, дзе, дарэчы, будзе граць Піт.

Робім высновы – нават па закрыцьці сэзону ў нашых музыкаў і іншых культурных людзей жыцьцё не запавольваецца, а наадварот, актывізуецца. Усе пачалі здымаць відэа – па зразумелым прычынам. Аднак які-неякі адпачынак усё ж заплянаваны. Ну а літаральна праз дзень пабачымся амаль усе ў польскіх лясах!

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0645 seconds.