КУЛЬТурныя людзі: Лявон Вольскі

Лявон Вольскі – адзін з самых яскравых і таленавітых музыкаў нашае беларускае сучаснасьці. Прэм’ер-міністар легендарнай NRM і лідэр Крамбамбулі. Выдатны мастак, пісьменьнік, прывабны мужчына і проста харошы чалавек.

Лявон Вольскі ў інтэрвію Касі Сарокінай распавядае пра свае студэнцкія гады, абураецца, што “дзяржава пазыцыянуе рок, як штосьці шкоднае”, прапануе замест адмененых канцэртаў праводзіць кватэрнікі і папярэджвае, што “наш народ, канешне, памяркоўны, але і ў нас можна нарвацца.”

Лявон Вольскі


ПРА СТУДЭНЦТВА...

Лявон, studenty.by рэсурс студэнцкі, таму першае пытаньне адпаведнае: якім быў студэнт-Вольскі?

– Я вучыўся ў мастацкай навучальнай установе і мусіў стаць мастаком, таму ўвесь час я прысьвячаў спэцыяльнасьці. А яшчэ музыцы, якой ужо тады пачаў займацца. Па агульнаадукацыйных прадметах, што заставаліся такімі балястамі, я быў слабенькі. А дысцыпліна... Якая дысцыпліна? Я ж музыкай займаўся!

– Якія найбольш яркія ўспаміны захаваліся?

Лявон Вольскі– А іх колькі хочаш, гэтых успамінаў! Ваенрук нас ганяў за доўгія валасы. Мы рабілі такія спэцыфічныя стрыжкі: сьпераду і на вушах усё кароткае, а ззаду – аж да пояса косы насілі. І хавалі ўсё гэта. Але ён гэтыя страшныя хітрыкі час ад часу выкрываў...

А аднойчы на матэматыцы мы з Алезісам Дземідовічам намалявалі Софью Кавалеўскую і Лабачэўскага, і за гэта нам паставілі па тры выніковыя балы...

– Якія асацыяцыі адразу ўзьнікаюць, калі ўспамінаеце сваё студэнцкае быцьцё?

– Багема такая... Мастацтва... У нас была такая выдатная рэч – практыка. Гэта калі мы ўлетку на месяц выяжджалі за горад – эцюды маляваць. Свабода была!..

А яшчэ на той час мала хто ў горадзе хадзіў з завушніцамі. А мы хадзілі.

– Не без падставаў лічыцца, што сярэднестатыстычны студэнт – істота бесклапотная, упартая і вальнадумная...

– Студэнт мусіць быць вальнадумцам. Гэта ж юнацтва, а яно мае пад сабой гэткі нігілізм - у юнацтве нікому ня верыш. Аўтарытэтаў для цябе мала.

Мне падаецца, што ў любой краіне – калі яна, канешне, не фашысцкая Германія альбо Альбанія часоў дыктатуры – студэнцтва мусіць мець вольныя думкі і імкнуцца да свабоды – зьнешняй і ўнутранай.

– А ці адрозьніваюцца сучасныя студэнты ад студэнтаў часоў Лявона Вольскага?

Адрозьненьні, канешне, ёсьць. Студэнты з унівэрсытэту замежных моваў, напрыклад, могуць паехаць у Амэрыку, Брытанію ці Нямеччыну і працаваць там. А калі мы вучыліся, такой магчымасьці ня было – народ пра гэта толькі марыў. А як стала магчыма – многія зьехалі. Сярод іх – вельмі таленавітыя людзі.

А ўвогуле, я ня бачу сур’ёзнай розьніцы паміж студэнтамі нашых часоў і цяперашнімі.

Ці прасьцей стала, на Вашу думку, жыцьцё сучаснага студэнта?

– У чымсьці прасьцей, у чымсьці складаней. Прасьцей, як ужо казаў, у тым, што можна паехаць за мяжу, калі валодаеш мовай і маеш пэўныя здольнасьці. Прасьцей у пляне тэхналёгіяў. Інтэрнэт, дзе можна знайсьці усё, што патрэбна. Розныя лічбавыя тэхналёгіі. MP3 – гэта ж казка-песьня. Раней жа касэты былі, толькі-толькі кампакты нараджаліся. І кампутаровыя гульні зараз клясныя! Ня тое, што тады – тэтрыс.

А складаней... Ідэалёгія раней была марксісцка-ленінская, але ніхто ўжо тады і блізка ў яе ня верыў. Час быў, калі Саюз даў вялізарную расколіну. Хаця зараз многія ў сьвеце памяшаныя на гэтай “рэлігіі”. Многія вераць, бо ёсьць у ёй шмат прыцягальнага – ідэя роўнасьці, напрыклад. І на гэтым раней базавалася ўся ідэалёгія навучаньня і працы. Цяпер жа такая ідэалёгія базуецца абсалютна ні на чым. То бок тое, што там вісіць чырвона-зялёнае “Мая Радзіма – Беларусь” – гэта ня можа быць ідэалёгіяй! Ёй ня можа быць давер і ўсеагульная любоў да аднаго чалавека. Мабыць, гэта магчыма там, адкуль Мао Цзэдун ці Кімэрсэн, але не ў эўрапейскай краіне.

Лявон, а як Вы ставіцеся да БРСМ?

– Я кепска стаўлюся да любога дзяржаўнага моладзевага руху, бо ведаю, што такое камсамол. Гэта абсалютна цынічная і мярзотная арганізацыя, дзе людзі зьбіраліся дзеля “галачкі”. Не, канешне, былі вар’яты, якія ва усё гэта верылі. Ды тыя, што стаялі наверсе і цынічна рыхтавалі сабе кар’еру – камсамольскія багі. Тое ж адбываецца і зараз. Толькі яшчэ больш розных варыянтаў махінацыяў, бо пры усім гэтым існуе яшчэ і харошы бізнэс.

Ну якая ідэалёгія ў БРСМ? На чым яна палягае? “Беларусь – вольная і незалежная краіна?”

Добра, што мяне не было на Беларусі, калі сьвяткавалі чарговы юбілей камсамола. Але шкада студэнтаў, што прыяжджаюць зь вёсак і хочуць тут замацавацца. Ім кажуць: “Ты павінен выйсьці на дэманстрацыю!” Іначай – рэпрэсіі. А вось каб былі масавыя акцыі непадпарадкаваньня – можа што-небудзь і зьмянілася бы. Зараз жа народ толькі масава думае: “Ну што ж зробіш? Я ж адзін нічога не зраблю...” І так думаюць мільёны.

Зараз, каб вылучыцца са студэнцкага натоўпу дастаткова адгадаваць іракез альбо пракалоць сабе ўсё, што толькі магчыма. (тут Лявон абураецца: “Ці ж гэта кепска? Гэта ж файна!” Я зь ім згаджаюся) А як вылучаліся ў Ваш час?

– Гэтаксама. Ты ж ня вылучысься, калі морду каму-небудзь на вуліцы наб’еш. Зьнешнім выглядам вылучаліся й эксцэнтрычнымі паводзінамі.

Падпрацоўвалі ў галодныя студэнцкія гады?

– Не, не падпрацоўваў. Мо маляваў што-небудзь на замову – карцінкі розныя для падарункаў.

Чаго не хапае сучаснай моладзі?

– Свабоды не хапае. Паглядзіце на бэрлінскую ці варшаўскую моладзь – зусім жа іншая ступень свабоды. Нам не асобна ад сьвету трэба быць, а ў самім гэтым сьвеце. Мець індывідуальнасьць, але быць разам з усімі.

Лявон Вольскі


ПРА МАРЫ...

Кім бы быў Лявон Вольскі, каб не стаў музыкам?

– Я мусіў стаць мастаком – станкавым жывапісцам.

А кім марылі стаць у дзяцінстве?

– Дык і марыў стаць мастаком. Не, канешне, гады ў чатыры, як і ўсе, - касманаўтам. А мастаком не стаў, бо музыка зацягнула.


ПРА МАЛАДЫ РОК...

У музычным асяродку зьявілася безьліч маладых рок-гуртоў. На канцэрты якіх зь іх Вы б схадзілі з задавальненьнем?

– Я б на канцэрты ўсіх схадзіў з задавальненьнем, калі б былі канцэрты. Не бачу актыўнай канцэртнай дзейнасьці.

А падабаецца шмат хто. Калі зараз пачаць пералічваць, дык кагосьці пакрыўджу, калі не назаву. “Таварыш Маўзэр” – клясная каманда. Вельмі вылучаецца з магілёўскай рокавай плыні. “Крок” падабаецца. “Зьмяя” – пэрспэктыўны гурт... “Індыга”, але яе ж нельга назваць маладой камандай – так, сярэдняга ўзросту.


ПРА АЛЬКАГОЛЬ...

Крамбамбуля крамбамбуляй, а ці ёсьць у Вас любімы алькагольны напой?

– Францускае чырвонае віно, хутчэй за ўсё. Дабраякаснае піва яшчэ. Але ў нас якаснага піва няма, толькі нямецкае, а яно дарагое, таму даводзіцца сябе абмяжоўваць (сьмяецца). А ўжываць расейскае ліцэнзійнае я не раю – нешта там ня тое з тэхналёгіямі.

Моцнаалькагольныя напоі ўжываю досыць рэдка: калі прыяжджаю ў вёску, магу выпіць каньяку, пакуль печка нацепліцца, - каб пагрэцца.


ПРА СЯБРОЎСТВА...

На сцэне Вы працуеце з мноствам музыкаў. А з кім сябруеце па-за ёй?

– Нармальныя зносіны з усімі – ні з кім ня сварымся. NRM – каманда старая, сябраваць ужо цяжка. Пад час рэпетыцыяў, у турах – кожны дзень разам. А гэта стамляе. На Дні Народзінаў адзін да аднаго ўжо ня ходзім. Вам гэта, зразумець, канешне, цяжка...

Сябрую амаль з усімі, хто грае ў “Крамбамбулі”, бо ня так даўна іх ведаю. Сябруем з Жэнем Калмыковым, зь Міхалком, з Кулінковічам. З шмат якімі польскімі і нямецкімі музыкамі.

А ці зараз рэальна наладзіць іх выступы ў Беларусі?

– У сытуацыі, калі рок-музыка супярэчыць дзяржаўнай ідэалёгіі, мала што рэальна. Але спрабаваць будзем.


Пра БУМ...

Лявон, чым зараз займаецца Беларуская Унія Музыкаў, створаная пасьля сумных падзеяў лета 2004-ага?

– БУМ будзе ствараць сайт, з дапамогай якога зробіць міжнародны розгалас з гэтае сытуацыі. Ніхто ня грае канцэртаў, і трэба з гэтым разьбірацца – маўчаць ня будзем. Я вось думаю схадзіць да міністра культуры і спытаць, што адбываецца. Расказаць, як нас душаць бюракраты, што не даюць граць канцэртаў. Чаму ж мы не ў “75 %”? Зараз жа вельмі ўхваляюць беларускую культуру – а мы робім беларускую музыку. Дык у чым справа? І будзем зьвяртацца далей. Дойдзем да прэзыдэнта. Ён жа чалавек нармальны. Гэта яго чыноўнікі падманваюць. А Вы як думалі? А ён нармальны!.. Як цар Мікалай.


ПРА ЗАМЕЖЖА...

Адзін мой сябар распавядаў, як яму пашанцавала пачуць Вас у Амэрыцы. Раскажыце, калі ласка, пра свае выступы за мяжой.

Лявон Вольскі

– У Амэрыцы я граў адзін. Дапамагаў мне мясцовы хлопчык Паўлюк, зь якім мы вывучылі некалькі песьняў. Галоўны канцэрт праходзіў у штаце Дэлавэр. Было шмат людзей – для Амэрыкі проста страшна шмат. Народ нават з Караліны прыехаў – а гэта жудасныя адлегласьці! Прыемна было, што сабраліся маладыя беларусы, абмяняліся e-mail’амі, цяпер перапісваюцца. Размаўлялі па-беларуску, хаця для многіх гэта, канешне, не працоўная мова – адразу было відаць. Вельмі жвава на ўсё рэагавалі – да іх жа з культурніцкай місіяй зь Беларусі ніхто не прыяжджае. Палякі выклікаюць свае гурты, да ўкраінцаў прыяжджаюць свае. Пра расейцаў увогуле лепей памаўчаць – увесь Бруклін можа сабрацца і пайсьці на Кіркорава. Нашых жа усе там кінулі. У нас ідэя-фікс – на 25 сакавіка прывесьці ў штаты NRM.

А канцэрты ў Германіі і Польшчы?

– Вось толькі прыехалі зь Нямеччыны, дзе мелі тры канцэрты. Нечаканы посьпех: мноства людзей, прадстаўнікі лэйблаў. Увесь час мы давалі інтэрвію, атрымалі прапанову запісаць там альбом.

Паездку ладзіў адзін энтузіяст – нямецкі журналіст Інго Пэтс. Спачатку думалі – ну будзе пад сцэнаю чалавек пятнаццаць, вось і добра. А там у бэрлінскім клюбе па квітках толькі 200 чалавек, і так яшчэ 150 людзей. Гэта вельмі шмат для тых мясьцінаў – у іх там штодзень па дзесяць мерапрыемстваў такога кшталту.


ПРА ЕЖУ...

Якія зь беларускіх страваў найчасьцей зьяўляюцца на Вашым стале?

– А чаму толькі зь беларускіх? На маім стале шмат чаго бывае – я гатаваць люблю. Але калі казаць менавіта пра беларускія: салянка, дранікі, мачанка, бабка – усё, што заўгодна!


ПРА НАБАЛЕЛАЕ...

Выбачайце, можа маё пытаньне будзе ня вельмі тактоўна гучаць, але цяжка стрымацца: што Вы адчулі, калі адмянілі канцэрт, заплянаваны ў межах прэзэнтацыі кнігі Віктара Дзятліковіча?

– Ведаеце, недзе ўнутры я быў падрыхтаваны да такой сытуацыі. Да апошняга моманту пытаўся ў Піта, ці усё нармальна. Ён казаў, што быццам, усё добра. А ўжо на наступны дзень было вельмі прыкра. Ну гэта ж зусім сьмешна – забараняць такія канцэрты! Тыя, хто гэтым займаюцца, зусім ня маюць мазгоў. Гэта настолькі ідыёцкія крокі! Атрымліваецца заганнае замкнёнае кола. Забараняюць граць канцэрты – нам гэта, канешне, вельмі не падабаецца, і ніхто не зьбіраецца маўчаць. Калі прыяжджае замежны журналіст, які зарабляе грошы, робячы ў нас матэрыял, ён мае маё прозьвішча ў сьпісе тых, у каго ён павінен запытацца пра забарону канцэртаў на Беларусі. А я кажу, што не магу пацьвердзіць факт забароны, бо дакумэнтаў ня маю і ніхто мне пра прычыны не казаў. Але канцэрт быў адменены ў такой-та сытуацыі – адзін, другі, трэці… Ён: “Ну дык зразумела, што забаронены”. Я: “Ну можаце і так пісаць”.

А пасьля ў EuroNews альбо Washington Post зьяўляюцца адпаведныя матэрыялы, якія праглядаюць нашы чыноўнікі і думаюць: “Вось гэтых трэба забараніць!” Усё гэта нагнятаецца, і каб не было гэтых забаронаў, ніхто б сюды ня езьдзіў і ў мяне так актыўна не бралі інтэрвію.

Нам проста не даюць займацца прафэсійнай дзейнасьцю!! А наша грамадзянская пазыцыя нікога з уладаў хваляваць не павінна. У гэтым сэнсе ў нас усё вельмі нецывілізавана: ва ўсіх краінах ёсьць музыкі, пісьменьнікі ды іншыя вядомыя людзі, што не падтрымліваюць лінію ўрада – і ў Польшчы, і ў Нямеччыне… Пра гэта можна адкрыта выказвацца ў прэсе. У нас жа толькі што ня тое скажаш – “Ага! а мы іх за гэта – казлоў – забаронім і зачынім!” Але гэта вельмі недальнабачна і дрэнна для іх скончыцца – для усіх гэтых палкоўнікаў-адстаўнікоў, што працуюць у ідэалягічных аддзелах. Яны баяцца звальненьня – і іх за гэта ў рэшце рэшт і звольняць.

Мы ў прынцыпе можам паехаць за мяжу і пайграць дзе-небудзь там, але проста шкада людзей тут, што мусяць прыходзіць на канцэрты і нічога не атрымоўваюць. І ад гэтага вельмі прыкра – дзіўна, што ніхто яшчэ дагэтуль не кідаецца пустымі бутэлькамі. У Амэрыцы быў такі выпадак, калі адзін мэр-ідыёт забараніў канцэрт System of a Down і фаны разграмілі ўвесь гарадок. Наш народ, канешне, больш памяркоўны, але і ў нас можна нарвацца.


ПРА ПЛЯНЫ НА "ПЭНСІЮ"...

Лявон, ці няма ў плянах напісаць кнігу – свой погляд на дзейнасьць NRM?

– Ну па-першае, ёсьць ужо кніга Дзятліковіча “Іх Мроя, іх NRM”, а па-другое, мне яшчэ рана гэтым займацца – я пакуль музыкай займаюся. Але калі пайду “на пэнсію” і буду мець больш вольнага часу, можа і пачну свае мэмуары пісаць.


ПРА АСАБІСТАЕ...

Вас лічаць адным з самых прывабных і абаяльных беларускіх музыкаў. Што робіце, каб так добра выглядаць?

(Лявон робіць зьдзіўлены выгляд)
– Нічога! З чаго Вы ўзялі – я ўвогуле не лічу, што выглядаю добра. Нічога не раблю адмыслова – ніякіх масак, як і ніхто з нас. Нам проста ёсьць, што сказаць людзям, таму можа мы і “закансэрваваліся” ва ўзросьце.

Якой павінна быць жанчына, каб Вас захапіць?

– Тут няма ніякага рэцэпту – усё на ўзроўні пачуцьцяў. Ні памеры, ні зьнешні выгляд, ні нават багаты ўнутраны сьвет – усё гэта не спрацоўвае. Я творчы чалавек, таму кіруюся зусім тонкімі матэрыямі.

А чым можна зьдзівіць Лявона Вольскага?

– Да усім! Я не страціў здольнасьці зьдзіўляцца – і гэта класна. Гэта якогась чыноўніка сарака пяці год зьдзівіць цяжка – ён ужо такога набачыўся! І крычалі ў яго там, і плакалі, а ён: “Ай, ідзіце ўжэ бабка адсюдава – надаелі ўсе!” Пяцьдзесят выпіў – і нічым яго ня зьдзівіш.

Лявон Вольскі


ПРА ПРАФЭСІЯНАЛІЗМ...

Традыцыйнае пытаньне: што параіце рабіць маладым гуртам, каб узьняцца на больш прафэсійны ўзровень і дасягнуць посьпеху?

– Наконт прафэсійнага узроўню нічога не параю – я ў музыцы далёка не прафэсіянал. Наадварот, стараюся быць больш аматарам – гэта сьвяжэй. Дык проста раю музыкам быць упартымі, трывалымі, бо прыйдзецца доўга чакаць. А можа і нядоўга, але чакаць прыйдзецца, бо цяперашняя сытуацыя для року проста страшная: дзяржава пазыцыянуе рок, як штосьці шкоднае, як было пры Саветах у самыя паганыя часы. Як мастацтва, якое супярэчыць… не мастацтва, а як музыку – якое ж гэта для іх мастацтва? – што супярэчыць дзяржаўнай ідэалёгіі, а значыць якая разбурае асновы дзяржавы.

Трэба быць у добрай форме: ня трэба моцна піць і шмат паліць марыхуаны (крышачку можна!), ні ў якім выпадку не ўжываць наркотыкаў. Пісаць добрыя песьні і чакаць, пакуль усё зьменіцца, альбо прарывацца ў іншых краінах, дзе болей свабоды. Галоўнае – не складаць зброю. У нас жа таксама былі розныя пэрыяд, але ўсё мы перажылі-перачакалі.

А ці рэальна пражыць, займаючыся толькі музыкай і нічым болей?

– Тры гады таму гэта было цалкам магчыма. Для мяне, напрыклад. Я, канешне, абмежаваны ў сродках, бо шмат выдаткаў маю на свае ж праекты, на выпускі новых альбомаў. Тым ня менш на адсутнасьць грашовых сродкаў скардзіцца не выпадала. Зараз жа цяжкавата. Але я ніколі не рабіў праекты толькі для таго, каб зарабляць грошы – гэта самае апошняе.


ДА ЧЫТАЧОЎ...

Лявон, з чым Вы зараз можаце зьвярнуцца да людзей, што зьбіраліся пайсьці на канцэрты, але так на іх і не трапілі?

– Па-першае, хочацца выбачыцца. Сказаць, што мы невінаватыя.

Па-другое, няхай усе, хто прыйшоў у Саюз Online, пішуць у гасьцёўню энэрэмаўскага сайту, і мы паспрабуем арганізаваць, так мовіць, “кватэрнікі” у якім-небудзь катэджы, куды усіх жадаючых будзем запускаць па частках. А то як жа – людзі хацелі прыйсьці, а тут такі аблом! Непрыемна атрымалася.

А можа ў каго-небудзь зьехалі бацькі на Канары, а яны працуюць у адміністрацыі ці ў падатковай, і застаўся пустым велізарны дом, дзе б мы маглі зрабіць такі нармалёвы электрычны канцэрт – зьвязвайцеся! Мы са свайго боку абяцаем абавязкова прыехаць.

Лявон Вольскі


...І на гэтым аптымістычна-сьцёбным звароце мы зь Лявонам разьвіталіся. Ён рушыў на рэпэтыцыю з "Крамбамбуляй", а я – поўная ўражаньняў ад сустрэчы з "Каралём Айчыннага Року" – ва ўнівэрсытэт, каб пасьпець хаця б на апошнюю пару.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0873 seconds.