Майстар-клас па кулінарыі посьпеху ад B:N:

Колькі хлапцоў, што граюць у пад’ездах, марыць пра вялікую сцэну? Часам ім не хапае проста ўпэўненасці ў сваіх сілах, часам элемэнтарнага вопыту. Таму сёньня на нашай музычнай кухні гаспадараць пяціразовыя пераможцы гіт-параду “Тузін Гітоў 2006” – гурт “Бяз назвы”. Галоўны Кухар, ён жа саліст, Chip (у рэальнасці – Алесь Лютыч) падзеліцца сакрэтамі папулярнасьці. А ўсе жадаючыя могуць далучыцца і пачытаць.

Спачатку мы гралі ў мяне на кватэры. Потым нам пашчасціла: пасля агляду-конкурсу ВІА ў Бярозе, на якім мы ўпершыню “засьвяціліся” як “безназоўныя”, памяшканьне нам давалі без праблем, так што рэпэтаваць было дзе. А інструманты самі куплялі. Таму што на ўсіх адразу грошай не зьбярэш, а так то тут з’эканоміш, то там, бабулі-дзядулі дапамагалі (хітра ўсьміхаецца - аўт.). Кідаць усё, сутыкнуўшыся з першымі цяжкасцямі ня трэба. Тым болей што зараз у Менску ёсць, наколькі я ведаю, магчымасьць прыйсьці на рэпэтыцыйную кропку, дзе ёсьць і бубны, і гітары, толькі заплаці грошы і на здароўе грай сабе. Як варыянт – інструманты ў крэдыт. Увогуле ж, калі ты сапраўды моцна жадаеш займацца музыкай, то ты ёй будзеш займацца, нягледзячы ні на што.

А паколькі жаданне мы маем, то паважаныя пачынальнікі, асадкі ў рукі, нататнікі кулінарныя адчынілі і напісалі рэцэпт № 1, не шкадуючы сіл трэсьці родзічаў аж да пятага калена :-))

Басовішча. Упершыню вы трапілі туды ў 2001 годзе. Як вам гэта ўдалося?

На рэпэтыцыі запісалі на магнітафон 4 песьні. Да гэтага ў “Музычнай газэце” прачыталі аб’яву і адправілі запісы арганізатарам. Потым тэлефануем Супрановічу, пытаем, ну, як што. Прайшлі ці не? Ён паскардзіўся на дрэнную якасьць запісу. Мы кажам дык гэта ж з рэпэтыцыйны запіс. Проста ўключылі, запісалі і ўсё. А ён нам – калі вы так рэпэтуеце, тады едзьце.

Так, пачаткоўцы, рэцэпт другі: для таго, каб разьяжджаць па Басовішчах нам патрэбна: магнітафон, запіс на касэце (але зараз лепш на дыску - час мяняецца ;)), на якасьць запісу можна не зважаць :-))), але пры вялікім конкурсе самі ведаеце - лепш паякасьней. У гэтым годзе ўдзельнікаў на "Адборышча", а потым і на "Басовішча" адбірала цэлае журы - кожны меў свой голас.

Першы раз там зусім былі іншыя адчуваньні: першы раз усё бачыш, чуеш. І апараты класныя, і гук добры, на эўрапейскім узроўні ўжо. З такімі вачыма “Ааа…” проста выходзілі на сцэну. І знаёмства з польскімі гуртамі і з нашымі знакамітымі беларускімі музыкамі. Вось і з IQ48, менскім гуртом, мы пазнаёміліся менавіта там. Мы жылі побач… Купацца разам хадзілі. Увогуле класныя хлопцы. Ніякай сталічнай ганарлівасьці, аніякай зьнявагі да таго, што мы правінцыялы, што часта бывае. Менавіта таму і пасябравалі.

Так, народ, “Басовішча” – гэта крута, рэцэпт №3: адрывайцеся па-поўнай, але не губляйце галаву, а то не знойдзеце добрых сяброў, якія могуць дапамагчы ўсім, нават падзяліцца менэджарам.

Мы ўсё пра Польшчу і пра Польшчу. І ведаюць вас там лепей, чым у Беларусі. І канцэртаў там болей даеце. Як думаеш, з чым гэта зьвязана?

Не запрашаюць нас у Беларусь. Мабыць, мы граем ня тую музыку, што падабаецца большасьці беларускіх слухачоў. Ды і становішча нашай эстрады такое… Шоў-бізнэсу амаль няма. Нейкія пачаткі толькі, а так, у параўнаньні з той жа Польшчай, Украінай…

Зарабіць грошы ў Беларусі на музыцы нерэальна ці рэальна? 

Грошы зарабіць у нас на музычных праектах можа. Але на такіх больш папсовых напрамках.

Так што, пачаткоўцы, калі грашовая спакуса ў вас перавалодвае, то тады бягом у краму будаўнічых матэрыялаў за фанэрай :)

Увага! Увага! Эксклюзыўны рэцэпт нараджэньня гіта-бэстсэлера. Песьню мы і рабілі такую лірычную. Калі скончылі, пачалі рэпэтаваць. Дай думаем, паспрабуем, як будзе гучаць з жаночым вакалам, а нашая сяброўка Яўгенія Хіло (гурт Сьцяна) якраз прыехала ў Бярозу. Вось мы яе і запрасілі. Потым езьдзілі ў Польшчу. Там на канцэрце Жэня з намі сьпявала песьні "Дажджамі" і "Цябе ўжо няма". Атрымалася так, што людзям спадабалася, і мы вырашылі так і запісаць. Калі ж аддалі дыск на "Тузін Гітоў", арганізатары самі адабралі песьню на гіт-парад. Мы нічога не прапаноўвалі. Арганізатары проста патэлефанавалі, сказалі, што спадабалася песьня "Дажджамі". Давайце, паспрабуем паставіць яе на галасаваньне. Мы згадзіліся, разважаючы, калі гэтая вылеціць – паспрабуем штосьці іншае зыграць.

Значыцца так, абяцаны рэцэпт: бярэм лірычны рок-матыў,змешваем з каханнем, дадаем мужчынскі вакал, потым плаўна ўліваем жаночы, даводзім да кіпення, дасыпаем гуку дажджу па смаку, крыху удачы... і вось ён гіт, хоць ты зараз жа яго на Эўрабачаньне падавай. 

Дарэчы, наконт Эўрабачаньня. Ня хочаце заяву падаць? Бо кажуць, што гэта папсовы конкурс... 

А чаму папсовы? Усё залежыць ад слухача, які галасуе за тую ці іншую асобу, які выбірае, што ён хоча бачыць на Еўрабачаньні. Вось жа фіны перамаглі ў гэтым годзе. Што, і яны папсовы гурт? Не, зусім не. Наконт заявы думаем над гэтым. Можа і паспрабуем у наступным годзе.

А каго б вы адправілі ад Беларусі на Еўрабачаньне?

Альбо “Крамбамбулю”, альбо “Сашу і Сірожу”, ну і яшчэ “Ляпісаў”, мабыць. На мой погляд, гэтыя гурты маюць рэальныя шанцы на конкурсе.

Што для вас папулярнасьць? Натоўпы фанатак каля пад’езду – папулярнасьць?

У нас яе няма (сьмяецца – аўт.). Ня ведаю як адказаць, мабыць, магчымасьць займацца сваёй справай прафэсійна. Бо займацца музыкай прафэсійна не азначае абавязкова скончыць спэцыяльную школу ці кансэрваторыю. Прафэсійна атрымоўваецца тады, калі музыка, як усялякая справа, прыносіць яшчэ і прыбытак. З гэтага ты можаш жыць, і ня думаць дзе б зарабіць. Жыць больш-менш добра. Хто больш добра, хто менш, гэта ўжо ў залежнасці ад ступені папулярнасьці.

Правільна, рэцэпт №4: увесь сакрэт у разьдзельным харчаваньні.

Якія пляны на "заўтра"? Чым B:N: парадуюць у будучым?

Зараз у нас такі праект арганізаваўся , “Кальмары” называецца. Складаецца з былых і цяперашніх :B:N:-цаў і ня толькі. Там Сяржук Машковіч сьпявае, я стукаю на бубнах, , Шыманская Алена на баяне, Шолахаў Макс, бас-гітарыст ранейшы наш, у “Кальмарах” таксама на гітары грае. Мы распачалі запіс песьняў у Берасьці, плянуем гэта ўсё вясной скончыць. Паспрабуем на Тузін прасунуць, каб людзі паслухалі. Напрамак прыдумалі самі – называецца “закуска пад піва”. Песьні больш мажорныя зь нейкімі жартачкамі.

А вось, калі надыдзе час выбіраць між B:N: і “Кальмарамі”, каго выбярэ Алесь Лютыч?

Ну :B:N: – гэта больш сур'ёзна, а "Кальмары" так проста для прыемнага баўленьня часу.

Так што ніякіх закусак і піва, малыя шчэ, вось дарасьцеце да шэф-кухара дзядзькі Лявона, тады будзе можна.

Так, нататнічкі зачынілі, фартушкі зьнялі . Усё зразумела? Ну, тады можаце адчыняць сваю фірмовую рэстарацыю. Са сваімі арыгінальнымі стравамі. Наша беларуская музычная кухня вельмі багатая. Ёсць рэцэпты? Дасылайце.

Кавярня :B:N:

  • Галоўны Кухар Лютыч Алесь – гітара, сьпеў;
  • падкухарчыя: Зайцаў Алесь бас-гітара,
  • Пазняк Рамуальд – бубны,
  • Літвінец Максім – рытм-гітара,
  • стваральнік рэцэптаў Машковіч Сяргей – аўтар тэкстаў

МЕНЮ

  • Дэма "Праз сябе" (2002 г.)
  • Альбом "Не трывай" (2003 г.)
  • "Жыве ROCK'N'ROLL!" (2006 г.)

 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0701 seconds.