Zigzag
Праект «ZIGZAG» быў заснаваны Ігарам Загумёнавым (вакал, гітара, аўтар песень) у канцы лета 2003 г.
ZIGZAG дэбютаваў з кліпам на песьню «Кастрычнік» па выпадковым супадзеньні менавіта ў кастрычніку (2003 года). Гэты, адпаведны сэзону, кліп заняў першае месца ў праграме «Кліп-абойма» на тэлеканале БТ і, пасьля, патрапіў у ратацыю 1-га музычнага канала і СТВ. У гэты ж час, у праграме Аляксандра Ціхановіча «Гіт-момант», была прадстаўленая песьня «Зігзаг». Затым гурт прыняў ўдзел у праграме «Наша музыка» на Альфа-радыё, дзе песьня «Палымянае неба» заняла першае месца.
Увесну 2003 года зьявіўся новы кліп «Пабудзі мяне» – першы беларускі кліп, створаны выключна пры дапамозе 3-D анімацыі мастаком Аляксеем Несьцеравым. Гэты кліп (аб страчаным шляху, але са шчасьлівым канцом) заняў другое месца ў праграме «Кліп-абойма» і стала зьяўляўся на 1-шым музычным канале.
Гурт пэрыядычна выступаў на «альтэрнатыўных тусоўках» у менскіх клюбах, неаднаразова прымаў удзел у розных тэлепраграмах: музычны рынг «Кропка», «5/5», «Усё нармалёва, маці», «Кліп-абойма», «Добрай раніцы, Беларусь» ды інш.. Песьні гурту «ZIGZAG» сталі зьяўляцца ў ратацыі некаторых радыёстанцый.
Увосень 2004 года прайшлі здымкі для тэлефэстывалю «На скрыжаваньнях Эўропы» з песьняй «Малітва», дзе гурт, пасьля, апярэдзіў астатніх удзельнікаў нацыянальнага музычнага форума па працягласьці знаходжаньня ў дваццатцы, пэрыядычна ўздымаючыся ў тройку лідэраў. За гэтую песьню Ігар Загумёнаў быў абраны адным з трох прэтэндэнтаў у намінацыю «Лепшы кампазытар года» у вышэйназваным конкурсе.
У той пэрыяд Ігар актыўна ўдзельнічаў у працы «Міжнароднай кампаніі па забароне супрацьпяхотных мінаў», і неўзабаве ў гурта зьявілася песьня «Mine-Free World», прысьвечаная барацьбе з гэтай негуманнай зброяй.
Прэм'ера дадзенай англамоўнай песьні адбылася на галя-канцэрце «Сьвет без мінаў» у Найробі (Кенія) у лістападзе 2004 года, у выніку чаго ZIGZAG атрымаў прапанову аб удзеле ў міратворчым гастрольным туры па Афрыцы.
У сьнежні на беларускіх тэлеканалах адбылася прэзэнтацыя кліпа «Гара», зьнятага ў гарах Босьніі. У сакавіку ж пачаўся продаж дэбютнага альбома гурта пад назовам «Bionic@», запісанага ў студыі X-noise Factory. Неўзабаве Аўтарадыё намінавала «ZIGZAG» у праект «Песьня Года» на ОНТ, але гурт не ўключылі ў праграму, прызнаўшы яго «альтэрнатыўна-рокавым», г.з. нефарматным.
У канцы лета ў Сэрбіі адбылася прэм'ера новага кліпа на антымінную песьню «Mine-Free World», якую ZIGZAG выконваў на канцэртах у Кеніі і Шатляндыі. Гэты кліп, створаны ў супрацоўніцтве з Нобэлеўскім ляўрэатам прэміі міра «Міжнароднай кампаніяй па забароне супрацьпяхотных мінаў», рэкамэндованы да паказу па нацыянальным тэлебачаньні розных краін…
Далей ZIGZAG выступае на галя-канцэрце супраць расізму ў сталіцы грэцкага Кіпра (Нікасія) з песьняй «Song Of The Wave», якая ў гэты час ратуецца амаль на ўсіх менскіх радыёстанцыях. На фэсьце была выкананая яе беларускамоўная вэрсія – «Песьня Хвалі» з альбома «Bionic@».
На Кіпры (курорт Ларнака) адбылося таксама і клюбны выступ перад удзельнікамі міжнароднай канфэрэнцыі «Bridging Cultures and Identities». Была выкананая беларуская народная песьня «Купалінка» і кавэр-вэрсія Depeche Mode «Policy Of Truth», што мела не меншы посьпех, чым выступ ZIGZAG'а ў Менску з гэтай жа песьняй разам з расейскім гуртом «Тэхналёгія», дзе Ігару Загумёнаву падпявала ўся заля. Дарэчы, яшчэ большы водгук, гэтым разам ужо ў міжнароднай публікі, з вялікім запалам падпяваючай «Хоё-Хэё», выклікала выкананьне «кавэра» «Rising Arrows» (Стрэлы Сонца) легенды беларускага металу Gods Tower. У Менску «Стрэлы Сонца» былі ўпершыню выкананыя на прэзэнтацыі трыб'юта Gods Tower «Варта Вежы Багоў», які адбыўся 16 сьнежня ў клюбе Рэактар. І ізноў з ZIGZAG'ам сьпявала ўся заля. Яго таксама высока ацаніў саліст «Gods Tower» Lesley Knife. Захапіўшыся творчасьцю Gods Tower, Ігар Загумёнаў таксама запісаў для дыска сольны акустычны кавэр на баляду «Mysterious».
У гэты час песьня «Малітва» увайшла ў лепшую дваццатку нацыянальнага музычнага форума «На скрыжаваньнях Эўропы», пратрымаўшыся там больш за год, і пры гэтым, быўшы адзінай «альтэрнатыўнай» кампазыцыяй, на форуме.
Неўзабаве ZIGZAG запісаў новую вэрсію песьні «Кастрычнік», якая ўвайшла ў зборнік песень на вершы Ларысы Геніюш (Жыць для Беларусі, БМАgroup). Канцэртная прэм'ера «Кастрычнік II ...Нейк сумна» адбылася ў рамках акустычнай прэзэнтацыі гэтага зборніка ў Доме Літаратараў.
Увесну 2006 года песьня «Song Of The Wave» уваходзіць у зборнік «Першы Інтэрнацыянал» (VIGMA 2006), куды ўвайшлі зоркі :) беларускай поп-сцэны набліжаныя па стылістыцы да заходняй поп-музыкі і якія сьпяваюць на замежных мовах.
Улетку 2006 на песьню «Song Of The Wave» выходзіць кліп (MTV, Першы музычны канал, ОНТ, БТ, СТВ), а песьня «Кастрычнік II ...Нейк сумна» па выніках года ўвайшла ў топ 12 хіт-параду «Тузін Гітоў» і была выдадзеная на складанцы «Прэм'ер Тузін 2006».
Затым ZIGZAG піша дзьве песьні «Пурга» і «Дзіўны май» на вершы Сяргея Новіка-Пяюна для альбома «Песьні з-за кратаў», прэзэнтацыя якога прайшла з аншлягам у касьцёле «Сымона і Алёны» 20 лютага 2007 г.
У сакавіку ZIGZAG ладзіць музычную правакацыю прэзэнтуючы ў Інтэрнэце нефарматны кліп на песьню «Тры расейскія літары!!!». 11 сакавіка ў клюбе «Добрыя Мысьлі» адбылася unplugged-прэзэнтацыя гэтага кліпа з удзелам гуртоў: Logathory (Аўстрыя-Нямеччына-Беларусь), Happy 3 Friends, Мамкины бусы, прысьвечаная антыглябалізму, барацьбе з мацюкамі, блатной культурай і «адвёрткай»…
Cклад:
Ігар Загумёнаў: голас
Іван Селішчаў: гітара
Сяргей Воўк: клявішныя
Ўладзімір Скарапупаў: бас
Аляксей Яфрэменка: бубны
Трэк ZigZag для ўдзелу ў конкурснай частцы «Басовішча-2007»:
Tры расейскія літары (mp3, 2.7Mb)
Раздрукаваць | Праглядаў 6503|