ZigZag зьняў відэа на кавэр «Танкаў» Neuro Dubel

2 сакавіка, а 23.30 на тэлеканале MTV Менск адбудзецца прэм’ера кліпа гурта ZigZag на кавэр добравядомых дзюбелеўскіх «Танкаў». Відэа атрымалася глямурна-гатычным, але, па меркаваньні Аляксандра Кульлінковіча, вельмі дабротным. Сам лідэр Neuro Dubel таксама зьняўся ў кліпе.

 

«Кліп вельмі спадабаўся, як і само выкананьне ZigZag’ам песьні. Відэа атрымалася, як кажа рэжысэр, глямурна-гатычным. Я не прыхільнік такога кшталту кліпаў. Але гэты выключэньне: вельмі дабротна зьняты», — дзеліцца сваімі ўражаньнямі з Generation.by Аляксандар Кульлінковіч.

Рэжысэрам кліпу выступіў Уладзімір Лобач. Працуючы над «Танкамі», ён не арыентаваўся на фармат тэлеканалу, таму відэа атрымалася такім жа цяжкім, як і гучаньне песьні. «Разынка» ZigZag’аўскай вэрсіі — гатычнае выкананьне, у адрозьненьні ад іранічнага арыгіналу. У здымках відэа ўзяў удзел і сам Кульлінковіч:

«Я там засьвяціўся наколькі змог. Актор зь мяне тады быў ніякаваты: адсутнічаў пярэдні зуб. Зараз усе зубы на месцы:)».

Да 16 сакавіка кліп ZigZag на песьню «Танкі» будзе ў эксклюзіўным карыстаньні MTV Менск, пасьля чаго можа быць перададзеным іншым тэлеканалам.

ZigZag — першы гурт, які выступіў зь ініцыятывай візуалізацыі свайго ўдзелу ў трыб’юце Neuro Dubel, які зьявіцца восеньню. Канчатковы сьпіс удзельнікаў пакуль не зацьверджаны — напружаная праца над праектам распачнецца напачатку лета.

Далучыцца да трыб’юта яшчэ магчыма — цікавыя музыкі любога фармату могуць даслаць свае прапановы наўпрост Кульлінковічу на скрыню ndak[устаўце @]yandex.ru.

SlaDa 15:52, 28/02/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0963 seconds.