ZigZag прэзэнтуе новы альбом
Лідэр гурту ZigZag Ігар Загумёнаў падзяліўся з Generation.by бліжэйшымі плянамі, распавёў пра новы альбом і пахваліўся небывалым посьпехам відэа на правакацыйную кампазыцыю «Тры расейскія літары».
Першы альбом гурту Bionic@ быў канцэптуальным, і ўсе песьні пісаліся адмыслова для яго. А другая плыта, якую ZigZag прэзэнтуе ў конкурснай частцы Басовішча, будзе складацца з кампазыцыяў, напісаных за апошні час. Паколькі за гэты пэрыяд гурт прымаў удзел у шматлікіх, вельмі непадобных адзін на адного, праектах, то і кампазыцыі на плыце будуць нечаканыя і разнастайныя.
У запісе трэкаў удзельнічала шмат вядомых гасьцей: Піт Паўлаў, Валік Грышко, Сяргей Анцішын, Павел Аракелян, Аляксандр Каліноўскі, Кастусь Трамбіцкі (дудар гурту Зьніч), DJ Frix (рэміксы для Цягні-Штурхай).
Загалоўнай песьняй на альбоме стала новая правакацыйная «Тры расейскія літары!!!». Нефарматны для тэлебачаньня мультыплікацыйны кліп на гэтую песьню праглядзела больш тысячы чалавек на сайце tube.by, што Ігар Загумёнаў лічыць вялікай перамогай гурта. З музычных відэа гурт ZigZag зараз апярэджваюць па колькасьці праглядаў толькі замежныя выканаўцы Crazy Frog і Benny Benassi.