Ультрамодныя фарбы архіву
Рыхтуецца да выданьня чарговы праект з сэрыі кампакт-дыскаў «Беларускі музычны архіў» – дыск-прысьвячэньне клясыку беларускай песьні і пэдагогу Сяргею Міхайлавічу Новіку-Пяюну, якому гэтым летам споўнілася б 100 гадоў.
Альбом плянуецца назваць «Дні лятуць» (паводле самай вядомай песьні «Зорачкі» гэтага адзначанага яшчэ Янкам Купалам аўтара).
Сэрыя кампакт-дыскаў «Беларускі музычны архіў», якую вось ужо больш за пяць гадоў выдае лэйбл «БМАGROUP», прэтэндуе стаць ня толькі зборам айчынных музычных рарытэтаў (накшталт выданьняў сусьветна вядомых нашых кампазытараў С.Манюшкі, М.Равенскага, М.Агінскага), але і своеасаблівым Greatest Hits сучаснага поп-рынку. Менавіта такім атрымаўся трыб’ют-альбом геніяльнай беларускай паэтэсы Ларысы Геніюш «Жыць для Беларусі», зь якога песьні гуртоў «P.L.A.N.», «ZIGZAG», «Iris7» хутка сталі вядомымі.
Сяргей Новік-Пяюн пражыў доўгае, але надта складанае жыцьцё. Дастаткова сказаць, што гэтая рамантычная творчая натура пасьпела адчуць смак турэмнай баланды і польскіх, і нямецкіх, і сталінскіх турмаў. Але слава песень Новіка-Пяюна дасягнула яшчэ больш разгорнутай геаграфіі: тыя ж знакамітыя «Зорачкі» выконвалі як свае народныя і французы, немцы, чэхі, украінцы… Славуты Данчык яшчэ пры жыцьці аўтара выдаў у Нью-Йорку ў сваім выкананьні і «Зорачкі», і «Вечар над Шчарай». Трапіў новікаўскі эвэргрын і ў самы папулярны беларускі альбом рубяжа стагодзьдзяў «Я нарадзіўся тут», дзе «Зорачкі» выканаў Аляксандар Памідораў.
Натуральна, усе гэтыя вэрсіі увойдуць і ў новы праект «БМАGROUP», у якім акрамя таго выявілі жаданьне прыняць удзел гурты «P.L.A.N.», «ZIGZAG», «РоСтра», «Яраш & Піт». Але лэйбл зьвяртаецца і да больш маладых творчых сілаў з заклікам належным чынам адзначыць прыкметны юбілей таленавітага беларускага песьняра.
Вітаўт Мартыненка